Пастаянства сэксуальна
Студэнты Ўнівэрсытэта Вашынгтона ладзяць sex-cessful акцыю: сэкс дапамагае ў ахове навакольнага асяродзьдзя. Далучайся! Адказнасьць – гэта таксама сэксуальна! Налепкі з надпісам «Sustainability is Sexy» і адбіткам гарачага пацалунку распаўсюджваюцца ва ўнівэрсытэцкім гарадку й заклікаюць не выкарыстоўваць плястыкавыя кубачкі, а прыносіць свае.
Было падлічана – штодзень у кампусе на сьметніцу адпраўляюцца пяць тысячаў плястыкавых кубачкаў! За месяц – 150 000!!! Зразумела, што гэта шкодзіць навакольлю.
Адказнасьці і вынаходніцтву вашынгтонскіх студэнтаў можна толькі пазайздросьціць! Ахова прыроды – гэта, па іх шчыраму меркаваньню, горача. Hot, як кажуць амэрыканцы. Арганізатары акцыі ставяць сваёй мэтай задзейнічаць кожнага студэнта:
«Каб клапаціцца пра навакольле, не абавязкова быць доўгавалосым хіпі: кожны можа і мусіць далучыцца».
Студэнты, якія пацягваюць каву з уласных кубачкаў, змогуць напоўніць тыя самыя кубачкі ўсяго за даляр або атрымаць зьніжку ў 10 цэнтаў на экспрэса.
Зразумела, гэтая акцыя знайшла водгук у студэнцтва, і пастаўшчыкам плястыкавых кубачкаў няма чаго лавіць у вашынгтонскім унівэры. Больш таго – паступаюць замовы на цішоткі Sustainability is Sexy.
У чым разынка кампаніі? Зразумела, у выкарыстаньні слова «сэкс». Маркетолягі ўжо даўна пасьпяхова выкарыстоўваюць гэтае магічнае слова, якое літаральна «прадае ўсё» – машыны, бялізну, піва… А зараз напоўніцу зьяўляецца ў сацыяльных праектах.
За прыкладамі можна далёка не хадзіць. Добравядомы плякат з голай дзяўчынай і подпісам «Я лепш буду хадзіць так, чым у футры» – кампанія абаронцаў жывёлаў (PETA, People for the Ethical Treatment of Animals – тыя яшчэ выдумляльнікі!)
У Нарвэгіі пара зладзіла сэкс-пэрфоманс, каб сабраць грошы на ахову трапічных лясоў. А ў Мэксыцы амаль голая дзяўчына заклікала мужчынаў ня есьці яйкі няшчасных чарапашак. Як сталася, тамтэйшыя мачо выкарыстоўваюць іх у якасьці афрадызыякаў (падвышаюць так сваю сэксуальную прывабнасьць) – ну як пасьля такога глядзець мэксыканскае мыла?
Раней абаронцы навакольля ціснулі на пачуцьцё віны чалавека перад прыродай. А зараз кампаніі робяцца прывабнымі і вясёлымі – і жадаючых далучыцца становіцца болей.
Мяркуем, досьвед вашынгтонскіх студэнтаў мажліва пераняць і выкарыстаць і ў нас. Што яшчэ зацікавіць народ увесну? Можна пачаць з сэксуальных кубачкаў для кавы-гарбаты. Ну а скончыць можна чым заўгодна… Бо ўсё, што зьвязана з сэксам, будзе мець sex-cess.