Валянтынка для Тоні Блэра

«Мы ня любім плаціць за адукацыю» - вось так па-нігілісцку можна перакласьці адзін зь лёзунгаў кампаніі брытанскіх студэнтаў на Дзень Сьвятога Валянтына.

Брытанскія студэнты вырашылі дасылаць на Дзень закаханых Дзяржаўнаму сакратару па адукацыі Алану Джонсану (Alan Johnson) валянтынкі з тэкстам «Я так і не навучыў(ла)ся любіць плату за адукацыю», каб даказаць яму сваю НЕлюбоў да платнай адукацыі.

Гэтая акцыя зьяўляецца часткай вялікай кампаніі брытанскай студэнцкай арганізацыі NUS UK «Admission Impossible» супраць платы за адукацыю, а таксама адказам на словы Алана Джонсана мінулым летам, калі той заявіў, што студэнты навучацца любіць платную адукацыю («learn to love fees»). Валянтынкі падпісаныя «From NUS With Love» - «Зь любоўю ад студэнтаў».

Увядзеньне і павышэньне платы за адукацыю стала надзённай праблемай у многіх эўрапейскіх краінах. Але ж кампаніі лябіяваньня і супраціву брытанскіх студэнтаў супраць гэтай праблемы стала адной з найбольш гучных кампаніяў у Эўропе. Прапанова зьмяніць сыстэму ўзыманьня платы за навучаньне ва ўнівэрсытэтах і каледжах прынесла прэм'ер міністру Злучанага Каралеўства Тоні Блэру шмат галаўнога болю за апошнія 3 гады. Тым ня менш, у 2004-м годзе Higher Education Act быў зацьверджаны парлямэнтам. 

Але ж студэнты працягваюць сваё змаганьне і сёньня. Да гэтага іх зматываваў сам дзяржаўны сакратар па адукацыі, калі паабяцаў, што калі новая сыстэма прывядзе да абмежаваньня дасягальнасьці адукацыі для насельніцтва, то сыстэму адменяць.

Валянтынкі разам з пэтыцыямі ад студэнтаў будуць дасылацца як дзяржаўнаму сакратару па адукацыі, так і сябрам брытанскага парлямэнту. NUS UK мае вялікі досьвед лабіяваньня студэнцкіх інтарэсаў у кіраўніцтве краіны і пастаянна вучыць гэтаму цікаўных грамадзка-актыўных студэнтаў у розных частках Злучанага Каралеўства. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0566 seconds.