Усталяваны сусьветны рэкорд па пацалунках
Больш шасьці тысяч філіпінскіх пар пацалаваліся адначасова на аўтамабільнай стаянцы апоўначы суботы ў Маніле. Масавы пацалунак у Кіеве стартуе заўтра ў дзень Сьвятога Валянціна.
Арганізатары акцыі ў Філіпінах, якая атрымала назоў Лапалуза, сьцьвярджаюць, што яны ўсталявалі сусьветны рэкорд.
Агулам 6124 пары цалаваліся адначасова на працягу, прынамсі, 10 сэкунд побач з гандлёвым цэнтрам у Маніле. Каманда незалежных назіральнікаў праверыла колькасьць людзей, якія прынялі ўдзел у акцыі.Маладым людзям атрымалася пераскочыць дасягненьне вугорцаў. У 2005 году ў Будапэшце адначасова пацалаваліся больш 5 тысяч пар.
Сьвята пацалункаў праводзіцца ў Філіпінах штогод перад Днём Сьвятога Валянціна - апякуна ўсіх закаханых. У наступным годзе жыхары краіны спадзяюцца ізноў пабіць рэкорд, але гэтым разам ужо ўласны.
Самы ж доўгі пацалунак у сьвеце зьдзейсьніла маладая пара зь Нямеччыны 2 гады таму – 30 гадзінаў, 59 хвілінаў і 27 сэкундаў. Матывацыяй да такога ўчынку можа быць ці неверагоднае каханьне ці... кніга рэкордаў Гінэса.
Украінцы ў Дзень закаханых таксама не абмінуць магчымасьць ператварыць Кіеў у горад пацалункаў. Самы масавы кіеўскі пацалунак стартуе 14 лютага а 20:00 на Майдане Незалежнасьці. Працягласьць пацалунка неабмежаваная.
Ператварыць вуліцу, мікрараён Менску ці прынамсі ўласную кухню ў тэрыторыю пацалункаў нам таксама нічога не замінае :).