Створаны першы ўнітаз, абсталяваны кампутарам і тэлевізарам
Мары для таго і ёсьць, каб калі-небудзь іх рэалізаваць. Канторы ж, якія б’юцца паміж сабою за пакупнікоў, ідуць на ўсё, каб прадаць тавар. І, між іншым, рэалізуюць мары. Амэрыканскі распрацоўшчык сантэхнікі стварыў раскошную прыбіральню.
Навінку, абсталяваную ноўтбукам і тэлевізарам, разыграюць у анлайнавым таталізатары.
Кампанія Roto-Rooter з Агаё сьцьвярджае, што ейны новы ўнітаз "Pimped Out John" створаны для таго, каб “рэалізаваць вашыя найсьмялейшыя мары пра прыбіральню”. "Pimped Out John" абсталяваны iPod, калёнкамі, прыстаўскай Xbox, лядоўняй з напоямі і лёгкімі закускамі, вэлатрэтажорам і інш.
“Прыбіральня – адмысловае месца для пэрсанальнага трону. Не патрэбна ставіцца да гэтага пакою як да апошняга месца, дзе хацелася б правесьці час, – кажа Стывэн Пальі, віцэ-прэзыдэнт па маркетынгу кампаніі Roto-Rooter. – У сярэднім на працягу жыцьця чалавек праводзіць 11 862 гадзіны ў прыбіральні – гэта адзін год, чатыры месяцы і пяць дзён… Прыбіральня мусіць быць найпрыгажэйшым месцам вашага палацу”.
Кампанія сьцьвярджае, што камплектуючыя прыбіральні абышліся ёй у $5000.
Шчасьлівым уладальнікам гэтага “бліскучага манумэнту асабістай зручнасьці” зможа стаць любы амэрыканец, што зарэгістраваўся ў таталізатары кампаніі.
Усяго адзінкавая мадэль, але які ўдалы піяр-крок.