Шок для літаратурных клясыкаў: праграма сама піша кнігі
Кампутаровая праграма, якая стварае мастацкія літаратурныя творы на аснове сюжэтаў уласнага вынаходніцтва, распрацаваная ў Мэксыцы. Задаюцца пачатковыя дадзеныя – і праграма сама стварае пасьлядоўны і зацягвальны сюжэт.
Навінка атрымала назоў MEXICA. Яе аўтар - Рафаэль Пэрэс-і-Пэрэс (Rafael Perez y Perez), спэц у кампутаровых тэхналёгіях з Аўтаномнага сталічнага ўнівэрсытэта (Autonomous Metropolitan University) у Мехіка.
Асноўным дасягненьнем Пэрэса-і-Пэрэса зьяўляецца сыстэма, якая забясьпечвае разьвіцьцё сюжэту. Праграма адштурхваецца ад наяўных характарыстык індывідуальных уласьцівасьцяў пэрсанажаў і эмацыйных сувязяў паміж імі. На падставе абраных з памяці варыянтаў лягічнага разьвіцьця падзеяў пры дадзеных характарыстыках кампанэнтаў сыстэмы фармуецца чарговы паварот сюжэту, пасьля чаго цыкл паўтараецца, піша Lenta.ru паводле Discovery News са спасылкай на часопіс Cognitive Systems Research.
Напрыклад, праграма пачынае працу з такімі дадзенымі:
"Вораг параніў рыцара, прынцэса вылечыла рыцара, рыцар забіў ворага, рыцар узнагародзіў прынцэсу. Канец".
Праграма пазначае пэрсанажаў пераменнымі і надае лікавыя значэньні ад -3 да 3 іх эмацыйным сувязям, якія дзеляцца на любоўныя і нелюбоўныя. Такім чынам, -3 азначае асаблівую нянавісьць, а 3 - моцнае каханьне.
Падчас далейшай працы, праграма сочыць за наяўнасьцю ў сюжэце напружанасьці. У прыватнасьці, раненьне героя расцэньваецца як павелічэньне значэньня напружанасьці сюжэту. Новыя падзеі для біяграфіі сваіх пэрсанажаў праграма падгружае з адпаведнай бібліятэкі.
Працэс працягваецца датуль, пакуль пры чарговым цыкле ніякія раптоўныя падзеі і заканамерныя рэканфігурацыі сюжэтнай лініі не прыводзяць да вядомых MEXICA варыянтаў разьвіцьця фабулы. У гэты момант выпрацоўваецца лікавая адзнака складнасьці і “цікавасьці” гісторыі. Апошні парамэтар, паведаміў аўтар распрацоўкі, вызначаецца як высокі ў тых выпадках, калі значэньні напружанасьці сюжэту вагаюцца па ходзе твора.
Калі праграма прызнае свой тэкст сумным або нядосыць пасьлядоўным, яна зьмяняе асобныя павароты сюжэту датуль, пакуль вынік рэдактуры ня будзе мець добрых парамэтраў.
Для праверкі якасьці працы праграмы было праведзена інтэрнэт-спаборніцтва паміж тэкстамі, выпрацаванымі MEXICA, чалавекам і праграмамі-канкурэнтамі. Як паведамляецца, прадукты MEXICA атрымалі найвышэйшыя адзнакі чытачоў па такіх крытэрах як развіцьцё сюжэту і яго пасьлядоўнасьць. У тэкстах вытворчасьці мэксыканскага эмулятара пісьменьніка чытачы таксама адзначылі найлепшую структуру, зьмест, максымальную напружанасьць і самую высокую "агульную якасьць".