Прадаецца жыцьцё з сяброўкамі і ворагамі
Аўстралійскі студэнт Нікал Холт выставіў на інтэрнэт-аўкцыён eBay …уласнае жыцьцё – з каханкамі і сяброўкамі, наборам прыватных рэчаў, правам на ягонае працоўнае месца і прыхільнасьцямі ў модзе, ежы й “стылі спакушэньня”. Стаўкі растуць.
Як паведамляе news.bbc.co.uk, у прапанову 24-гадовага Нікала ўваходзяць: імя, нумар тэлефону, рэчы, кола сяброў і набор з шасьці фірмовых жартаў, а таксама “даўшыя расколіну” стасункі зь дзяўчынаю і чатырохтыднёвы курс “як стаць мною”.
“Прадавец свайго жыцьця" таксама паабяцаў пазнаёміць пераможцу аўкцыёну з васьмю дзеўчынамі, да якіх ён пасьпяхова заляцаўся ў апошні час.
Набор асабістых рэчаў уключае ложак, 300 кампакт-дыскаў, дошку для сэрфінгу, скейтборд, дзіцячыя фатаграфіі, заплечнік, ровар і "пірсынг на суму 180 даляраў".
Таксама Холт абяцае навучыць пераможцу ўсяму таму, што ўмее сам – сэрфінг, катаньне на скейтбордзе, стаяньне на руках і жангляваньне агнём. Яшчэ пераможца аўкцыёну атрымае права на надзвычай каштоўную працу Холта – месца развозчыка садавіны.
Амбіцыі самога прадаўца больш высокія: калі найбуйная стаўка будзе сур'ёзнай, ён здыме дакумэнтальны фільм аб працэсе продажу свайго жыцьця.
Пачатковы кошт жыцьця Холта на аўкцыёне складаў 5 аўстралійскіх даляраў. Пад час гандлю стаўкі пакуль падняліся да 7,5 тысяч.
Магчыма, Холт прыцягнуў бы і нашмат больш высокія стаўкі, але ў прапанаваны пакет не ўваходзяць некаторыя істотныя складнікі яго жыцьця: пашпарт, правы на кіраваньне аўто, дыплёмы і правы на спадчыну. Акрамя таго, студэнт шчыра папярэдзіў, што ў яго ёсьць "два заклятыя ворагі".
Неблагі спосаб пачаць жыцьцё з чыстага аркуша ды яшчэ й зарабіць на гэтым грошаў ;)