Барадулін і Нобэлеўская прэмія

У неафіцыйным сьпісе прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры Рыгор Барадулін заняў шостае месца, тым самым абыйшоўшы вялікую колькасьць вядомых у сьвеце прэтэндэнтаў.

Можа і больш знакамітых, аднак не больш таленавітых. Таму ў беларускага паэта застаецца вялікі шанец нарэшце атрымаць гэтую ўзнагароду. Рыгор Барадулін упершыню ў гэтым годзе быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Але ж прэмію сёлета далі, на жаль, не беларусу, а турэцкаму пісьменьніку Архану Памуку.

Вылучэньне Барадуліна падтрымала рада Саюза беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі і Расейскі ПЭН-цэнтры і шэраг іншых арганізацыяў. Творчасьць паэта была прадстаўлена кнігай духоўнай паэзіі "Ксты", якую пераклала чэская паэтка Францішка Сокалава.

Між іншым цікава, што беларуская літаратура ў спісе прэтэндэнтаў на ўзнагароду была прадстаўлена яшчэ Сьвятланай Алексіевіч, якая вылучаная Шведзкім ПЭН-цэнтрам. А некалькі год таму ў прэтэндэнцкім шэрагу называўся і Васіль Быкаў. Трэба адзначыць, што, у прынцыпе, імёны прэтэндэнтаў на Нобеля трымаюцца ў сакрэце, у тым ліку і пасьля абвяшчэньня ляўрэата. Пра шостае месца Барадуліна паведаміў кіраўнік ТБМ Алег Трусаў.

Сам паэт і ня марыць аб атрыманьні прэміі, і ў гэтай, здавалася б, асабістай справе думае пра Беларусь і турбуецца пра ўзняцьцё беларускага пытаньня ў свеце:

Я быў вельмі спакойны да гэтага, і не таму, што фігуруюся, як гаварыў Караткевіч, але таму, што ведаю, што прэміі гэтае мне ня будзе. А згадзіўся я ў гэтым коле круціцца, каб сьвет пачуў пра Беларусь, што вось і беларусы на нешта прэтэндуюць, што наша мова прэтэндуе. Мне больш за ўсё спадабалася ў гэтай гісторыі, як унучка Дамінічка сказала, што калі дзеда атрымае прэмію, мы тады рамонт у кватэры зробім”, - кажа паэт у інтэрв'ю Радые “Свабода”.

З нашых суседзяў Нобелеўскай літаратурнай прэміі не маюць, як і мы, літоўцы, латышы ды ўкраінцы. А вось польскім і расейскім пісьменьнікам яе давалі ажно некалькі разоў. А часцей за ўсіх літаратурнага Нобеля бралі французы — 12 разоў, амэрыканцы — 10, ангельцы — 8, немцы — 7.

Нобелеўская прэмія — штогадовая ўзнагарода, названая ў гонар яе заснавальніка, шведзкага вынаходніка і прамыслоўца Альфрэда Нобеля (1833-1896). Прэмія прысуджаецца за працы ў вобласьці фізыкі, хімі, фізыалёгіі або мэдыцыны, літаратуры, эканомікі, а таксама за дзейнасьць па ўмацаваньні міру. Галоўнымі крытэрамі пры абраньні кандыдатаў на ўзнагароду зьяўляюцца найноўшыя дасягненьні альбо ранейшыя працы, у тым выпадку, калі іх значнасьць стала відавочная пазьней. Усё прэтэндэнты, за выключэннем пайшоўшых з жыцьця, застаюцца сярод кандыдатаў на атрыманьне прэміі, нават калі іх імя ня было названае сярод ляўрэатаў па выніках мінулага году. Усяго за ўвесь час існаваньня прэміі з 1901 года яе атрымалі 102 чалавекі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.086 seconds.