Выкладчыкі і студэнты Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэту выступаюць у абарону свайго рэктара

Калектыў унівэрсытэту пратэстуе супраць патрабаваньня міністра адукацыіі аб вызваленьні пасады рэктара акадэмікам Міхайлавым і заяўляе, што гвалтоўная адстаўка спадара Міхайлава паставіць пад пытаньне самое існаваньне прэстыжнай ВНУ і негатыўна паўплывае на імідж Беларусі ў міжнароднай унівэрсытэцкай супольнасьці. Спасылаючыся на адсутнасьць афіцыйнага загаду, у Міністэрстве гэтую сытуацыю камэнтаваць адмаўляюцца. Патрабаваньне пакінуць пасаду рэктара было нечаканым як для ўсяго калектыву ВНУ, так і для самога рэктара, паколькі за ўсе 11 гадоў дзейнасьці з боку Міністэрства адукацыі сур’ёзных прэтэнзыяў да ўстановы не было. У сыстэме айчыннай вышэйшай адукацыі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт стаўся найпрэстыжнейшай недзяржаўнай навучальнай установай, а таксама прызнаным сябрам міжнароднай унівэрсытэцкай супольнасьці. Міністар Аляксандар Радзькоў нават не патлумачыў прычыны свайго патрабаваньня, і цяпер выкладчыкі й студэнты мусяць задавальняцца толькі ўласнымі здагадкамі. Гаворыць першы прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў:

(Дунаеў: ) “Міністар назваў унівэрсытэт прахадным дваром на калегіі ў сьнежні, бо ў нас шмат замежных выкладчыкаў. І гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю і з боку многіх амбасадаў, і з боку нашых замежных партнэраў. Магчыма, тая інтэрнацыяналізацыя адукацыі, якую мы праводзім, яна якраз і не падабаецца міністру”.

Свой пратэст супраць адхіленьня ад пасады Анатоля Міхайлава міністру адукацыі Беларусі ўжо выказалі амбасадары многіх эўрапейскіх краінаў. Акрамя таго, паводле спадара Дунаева, міжнародныя адукацыйныя цэнтры заявілі, што са зьменай кіраўніцтва ўнівэрсытэту яны здымаюць зь сябе абавязкі ў справе фундацыі ЭГУ, што раўназначна ягонаму закрыцьцю. У падтрымку рэктара выступае таксама й калектыў унівэрсытэту. Дэкан факультэту філязофіі Рыгор Мінянкоў узначаліў рух пратэсту сярод выкладчыкаў. Гаворыць Рыгор Мінянкоў:

(Мінянкоў: ) “Увесь калектыў, усе мы ўспрымаем гэта як несправядлівасьць — мы так пішам у адмысловай заяве на імя міністра. Гэта гвалтоўная і прымусовая адстаўка. Лічым, што гэта ўдар па беларускай культуры, па беларускай навуцы, па нашай будучыні. Мы будзем змагацца”.

Анатоль Міхайлаў цяпер знаходзіцца ў плянавым камандаваньні й пасьля вяртаньня намерваецца працягваць працу рэктара ЭГУ. Аднак калектыў установы не выключае самага горшага варыянту разьвіцьця падзеяў і ўжо цяпер шукае спосабаў далейшага існаваньня.

Радыё "Свабода"
@ptymist 00:00, 27/01/2004
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5187 seconds.