У сэрца Вялікага Княства: зь Віцебску ў Ліду

У зьвязку з адсутнасьцю сьнегу на сьнежаньскіх вуліцах прапануем вярнуцца ў цёплае лета й гарачыя летнія вандроўкі. Тры віцебскія хлопцы авантурна рванулі зь Віцебску ў Ліду праз яшчэ ля дзясятку мястэчак – прыгоды, хуткія рашэньні, эканомія грошыкаў (справаздачка дадаецца ;). Далучаемся да вандроўкі віртуальна і сушым, як кажуць, намёты.

ПРА ЗАМКІ, ПІВА І НАТХНЕНЬНЕ...

Лета рабіла апошні подых, а мы гэтак і не адпачылі. Сэсія, “Славянскі базар”, нейкія падпрацоўкі, а збольшага сядзеньне перад адным з экранаў: 54-сантымэтровым ці 17-дзюймовым. Як зазвычай, душа патрабавала экшну, прыйшлося яе задавольваць ва ўсіх магчымых позах. Варыянтаў аказалася небагата: альбо праз рыльца “Сталічнай”, альбо праз дарогу. Ну ці, крый божа, праз спалучэньне першага і другога. Вандроўка падыходзіла больш, бо такім чынам можна зрабіць рамантычны выгляд, нібыта натхняешся на далейшую працу. А хіба “натхнэнінг” не адпачынак?

Ужо колькі часу ў пэўных колах віцебскай моладзі (цэлых тры чалавечыя адзінкі) у паветры лунала думка пра падарожжа ў сэрца Гарадзеншчыны з абавязковым улучэньнем у яго гедымінаўскага фарпосту г. Ліды. Гэты горад са сваім замкам і... усё. Сапраўды, толькі замкам. Але цягнула нас туды, бо сярод віцебскіх прапаноў рэдкі турыстычны маршрут уключае ў сябе гэтае мейсца, а мы прыхільнікі альтэрнатывы ва ўсіх яе праявах. Хутчэй патрапіш у блізкі ды ня вельмі блізкі Наваградак ці Гародню, Мір ці нават Слонім-Жыровічы, але ня ў Ліду. У чарговы раз перад намі паўстаў самы галоўны вораг студэнта-вандроўніка – безграшоўе, яго вырашылі зьнішчаць, кіруючыся самымі таннымі шляхамі зносін. На жаль, яны былі ня воднымі, а самымі што ні ёсьць чыгуначнымі. Дзякуй богу, цягнікі ў піўную сталіцу РБ даходзяць.

І чаго мы толькі дарваліся да гэтай Ліды?

Стартуем

Адным тым, што вырашылі ехаць праз Баранавічы, наглядзеўшыся спачатку на Наваградак, Любчу (ідэя была занадта спакусьлівай: “Тры замкі за два дні!”), мы моцна здрадзілі гораду-мэце, за што ён нам яшчэ адпомсьціць, прычым даволі жорстка, але пра гэта пазьней. А пакуль мы занадта сьмела эканомім, набываючы квіткі ў агульны вагон цягніка Віцебск-Баранавічы, бярэм па знаёмых намёт, спальнікі, едзем у Воршу па 100-літровыя заплечнікі, набываем харчаваньне й садзімся ў вагон. Будзеце сьмяяцца, але сапраўды ў Віцебску айчынныя заплечнікі па 82 000 Br за асобнік не знайсьці. Прыйшлося ехаць на іх малую радзіму.

Віцебск-Баранавічы. Цягнік-легенда, асабліва яго агульны вагон: з драўлянымі лавамі, форткамі, што не адчыняюцца, запэцканым сарцірам і агромністай масай народу ў любы дзень тыдню. Гэтым разам цудоўная праваднічка, якая аб’явіла вайну няўдобіцам і бруду, зрабіла падарожжа прыемней. “Выпадкова” грукнуўшыся галовамі з суседняй дзяўчынай, я не страціў шанцу завесьці размову і атрымаць пагрозьлівы позірк ейнага бацькі. Дама аказалася разумнейшай і тэлефонны нумар быў патаемна перададзены праз чэк аплаты за мабільнік. Падняла настрой да саміх Баранкоў!

Пачакай, а палякі тут былі? 

Баранавічы 

Былі. Але ў адрозьненьне ад астатніх “акупаваных” у 1921-1939 гг. мястэчак, у Баранавічах тая даваенная прысутнасьць не адчуваецца. Забіць вольны час, а Баранавічы найперш буйная чыгуначная заля чаканьня, можна ў суседнім з вакзаляй Музэі гісторыі Баранавіцкага адзьдзяленьня БЧ, асабліва ў яго адкрытай частцы: копія першага паравоза на Беларусі, дрызіны (раней нат давалі пакатацца, цяпер адмазваюцца, маўляў, зламаліся), вагоны й паравозы за ўсё 20 стагодзьдзе, “партызанскі” разьдзел – ну, рэльсы там, шпалы, баявыя плятформы... Прычым уваход вольны, ці то можа было з нагоды Дня чыгуначнікаў? А вось кошты на вакзальны клазэт у Баранавічах вышэйшыя за менскія. 

Калі ёсьць пару гадзінаў, можна зьбегаць у другую частку горада і падзівіцца мясцовымі шэдэўрамі культавай архітэктуры: Пакроўская царква і Крыжаўзьвіжанскі касьцёл. Рэдкі выпадак для Заходняй Беларусі, калі праваслаўная камяніца ўражвае архітэктурна і эстэтычна больш за каталіцкую. Да таго ж, інтэр’ер і франтоны царквы аздабляюць мазаікі з сабора Аляксандра Неўскага, што колісь стаяў пасярод Варшавы і быў узарваны ў 20-х гадах. Храм быў адным з самых вялікіх у Расейскай імпэрыі, а званьніца вышынёй у 70 мэтраў – самым высокім будынкам у горадзе, але ў сталіцы Польшчы яго прасторы літаральна ня было каму наведваць. Пасьля распаду імпэрыі пытаньне, што зь ім рабіць, доўга не стаяла. Мазаікі ж аўтарства Васьняцова, Бруні патрапілі ў баранавіцкі храм.

Наступны прыпынак у лідзкім накірунку – Наваельня, гэткая Ворша раённага маштабу, адсюль можна і на Дзятлава, і на Наваградак. Праз паўтары гадзіны і дзьве з паловай тысячы беларускіх даляраў мы былі на месцы.

Сосны на агародзе

Наваельня 

Наваельня. Дзень пайшоў на другую палову, і трэ было вырашацца зь мейсцам начлегу. Адносна невялікія пасёлкі ці вёскі падыходзяць для гэтага куды больш, чымся мястэчкі. На наваельненскай чыгунцы нам паказалі напрамак, у якім можна знайсьці “і рэчку, і лясок”, але спачатку мы далі шпацыру па мясцовасьці. Акрамя зьдзіўленых твараў жыхароў, пасёлак сустракаў нас сталымі соснамі, што растуць літаральна каля дамоў, платоў і пасярод агародаў. На страсе мясцовага касьцёлу з цэнтральным крыжом суседнічае спадарожнікавая антэна прыблізна такіх жа памераў.

Па вяртаньні з “агледзінаў” у цэнтры Наваельні каля аўтастанцыі сустрэлі аўтобус Менск-Зэльва. Больш за астатняе ў яго маршруце нас цікавіла тое, што ён праяжджаў праз Дзятлава... Люблю хуткія вырашэньні! Праўда, ад кіроўцы ледзь не атрымалі па карку, бо ён і так спазьняўся, а тут тры хлопцы з трыма сталітровымі сябрамі за плячыма. Затое праз 20 хвілін я быў у мястэчцы, чыю цэнтральную забудову разам з палацамі Санкт-Пецярбурга, замкамі Заходняй Украіны я праглядаў на выявах 12-томнай Сусветнай гісторыі архітэктуры.

Пасьля шпацыру ад дзятлаўскай аўтастанцыі да цэнтру сядзелі пэўна палову гадзіны на галоўнай плошчы і ўпіваліся яе архітэктурнымі вобразамі: стагадовыя дамкі і амаль чатырохвяковы Усьпенскі касьцёл. Потым упіваліся лідзкім квасам з бочкі, якую прыганяюць сюды адмыслова за паўсотні кілямэтраў з суседняга раёну – добра бяруць. Разам з квасам наш няхітры абед у цэнтральным парку Зьдзенцелы (гэта тое ж Дзятлава, толькі па-польску) разьдзяляюць восы, і гэтак будзе й надалей, затое камароў я амаль не заўважыў. Нават у лесе не прыйшлося пэцкаць намёт парэшткамі злобных насякомых, чым ня можа ня радаваць лета’2006.

Вярнуліся мы ў “мэтраполію” Наваельня такім жа прахадным аўтобусам, дайшлі да лесу, расклаліся, памыліся ў тым, што на станцыі назвалі ракой і, павячэраўшы макаронамі на мінэралцы (нават соль не спатрэбілася), прыкладна а дзявятай (!) ляглі спаць. Эпізод з ужываньнем перад сном апускаецца, бо, як згадвалася раней, дрынк і трэвэл – паняцьці несумяшчальныя...

Высокае мейсца

Наваградак 

А дзявятай раніцы ўжо стартуем на Наваградак. На аўтастанцыі ў Наваельні паглядзелі бойку за масла і сыр, сустрэтыя разам з прадавачкай зь нейкага аўтобуса. Няўжо гарадзкія і дагэтуль праглынаюць усе дасягненьні айчынай с/г? Але народ тут добры: у краме прадаюць з усьмешкай, бабулькі на вакзалі і слоўца не прамовілі, што мы занялі ўсю лаву, ды й мы адразу саступілі месца, толькі чулі: “А што за хлопцы такея, з сарэўнаваньняў ці як?”.

У аўтобусе духацень страшэнная, але мясцовая моладзь строга ідзе па цяжкай пуцявіне сучаснай моды і не здымае скураных куртак з нашыўкамі Ferrari і BMW.

У Навагарадку на аўтастанцыі, як і на наваельненскай чыгунцы, пасажыраў сустракае бюст, але не таго, пра каго вы падумалі. Тут стаіць Міцкевіч, прычым не Адам, а Канстанцін Міхайлавіч, больш вядомы як Якуб Колас. А постацьцю Адама прасякнута ўся астатняя частка горада: помнікі, музэй (больш за мільён наведвальнікаў за 50 год працы), Курган бесьсьмяротнасьці, зямлю на які аматары міцкевіцкага слова нават поштай дасылалі. Па ўсяму мястэчку гойсаюць групкі палякаў, якія прыяжджаюць сюды таму, што сустракаліся з тутэйшымі замкам, касьцёламі, пушчай на старонках Яго твораў. 

Сярод астатняга было прыемна наведаць мясцовы гісторыка-краязнаўчы музэй, людзі не вычвараліся, а зрабілі грунтоўную і ненапружлівую экспазыцыю. Яшчэ дзесьці напачатку 2000-х гадоў тут нават прысутнічалі матэрыялы, прысьвечаныя Беларускай Краёвай Абароне, але апошнія сьвяткаваньні вызваленьняў-перамог-незалежнасьцяў вынішчылі гэтую контру. Другі паверх аддадзены беларускай народнай культуры. Тут дзіўны дзядзька арганізаваў нам сапраўдны іспыт па этнаграфіі за 3 курс. Я вырашыў адмазацца тым, што атрымаў аўтамат. Не дапамагло. Выцінанкі і чапялу мы назвалі адразу, пытаньнем пра “бабін кут” нас проста абразілі, а вось стрэшнікі... мы нат і не праходзілі такое. Пасьля, разам пасумаваўшы пра занядбанасьць мовы ды “праўдзівага назову”, пакрочылі праз пляц Леніна далей. Дарэчы помнік Ільлічу тут быў ня так даўно – я ледзь не паваліўся – дэмантаваны. Зараз стаіць нейкі трыццацісантымэтровы бюсьцік. Ці можа, гэта адноўлены помнік?

Замкавая гара і тыя дзьве вежы, якія сёньня тырчаць са стражытных пагоркаў, уражвалі як заўсёды. Агульная абстаноўка толькі ўзмацняла пачуцьці: вецер вые, хмары зусім нізка над зямлёй, на ўсёй старадаўняй пляцоўцы і ўнізе па схілам няма ані чалавечка. Стоячы побач са Шчытоўкай і аглядаючы навокал, пакрысе даяжджаеш, чаму крыжакі так аніводнага разу і не ўзялі першую ліцьвінскую сталіцу. Потым, састынуўшы ад гарачай хвалі рамантызму, мы заўважылі і вясельную парачку з адапаведнай кампаніяй, і каровак са званочкамі на схілах гары – знайшлі мне Швайцарыю! А да гэтых каровак тры хлопцы ў сэрцы старасьвецкай Літвы адчувалі сябе, ні даць ні ўзяць, апошнімі абаронцамі гораду.

Каталіцкі храм побач з замчышчам, у якім Ягайла пабраўся шлюбам з Соф’яй Гальшанскай, быў зачынены, чым нямала нас раздражніў, бо на двары была нядзеля, а паглядзець інтэр’ер наваградзкай Фары, адной са старэйшых ў Беларусі, карцела аж няможна. Чаму? Стандартны фотаздымак гэтага храма, зроблены з замкавай гары, упрыгожвае не адзін карпаратыўны люстрадзён і, пэўна, кожны другі фотаальбом кшталту “Красуйся, Беларусь!”.  А вось які ён унутры, нідзе й не пабачыш.

Вярталіся на вакзал з цэнтру горада і разам з тым шукалі мячэць – ня кожны дзень бачыш аўтэнтычны мусульманскі храм (канец 18 ст.), які яшчэ й выкарыстоўваецца па прызначэньню. Паспалітыя ўлады дазвалялі татарам будаваць свае бажніцы толькі з дрэва, таму мы запаважалі гэты храм яшчэ ў Віцебску. Падабенства з сучаснымі тыпавымі драўлянымі храмамі веры праваслаўнай, якія можна пабачыць па мікрараёнах роднага краю, у гэнай мячэці проста шалёнае. Замяні серп месяцу на васьміканцовы крыжык – і можна сьмела жагнацца, праходзячы побач. А мне калісьці цяжка верылася ў татара-мангольскае паходжаньне “цыбулек” на вежах праваслаўных цэркваў...

Пад канец шпацыру па сталіцы ВКЛ з прыемнасьцю прыгадаў думкі адной сяброўкі, што Наваградак – ідэальны горад для таго, каб пакінуць тут апошнія гады свайго жыцьця, ціха, маўляў, лагодна, вулачкі старыя, краявіды безь пяці хвілін Налібоцкай пушчы. І адразу ж сам сабе выказаў нязгоду: такая сталасьць дакладна не для мяне, бо занадта тут усё пакручаста. Куды ні пойдзеш, будзеш альбо ўгару паўзьці, альбо з гары бегчы, хаця яно й ня дзіва: вэлкам у самы высока резьмешчаны населены пункт Беларусі. Ці дакладней ужо будзе гуд-бай, таму што трэба ехаць наведваць другі з трох заплянаваных замкаў – любчанскі.

Замак пад крыламі буслоў

Аўтобус на Любчу з Наваградку ходзіць ці то адзін, ці то два разы на дзень. Увечары каля пятай гадзіны бегае той, які завёз і нас. Дарога недалёкая, дзесьці гадзіна, галоўнае, што бяжыць яна ўся ў межах Наваградзкага раёну, г.зн. студэнцкія білеты становяцца закладам 50%-вай зьніжкі. Скарысталіся нашым прывіляваным студэнцкім становішчам мы, дарэчы, аднойчы за ўсю вандроўку. На гэты шлях прыпаў і адзіны дождж, які быў сустрэты намі за чатыры дні. Але гэта быў такі дождж, што калі выпаўзьлі з аўтобуса, у галовах лунала думка зьбегаць паглядзець за сорак хвілін замак і вяртацца апошнім аўтобусам ў Наваградак, каб пераначаваць у гатэлі (фінансава гэта, безумоўна, забіла б наш паход). 

Па дарозе да замку хлопчык гадоў дванаццаці на нармалёвай беларускай мове запэўніў нас, што там ўжо ёсьць студэнты-рэстаўратары, стаяць намёты, таму сумна ня будзе, хаця афіцыйныя даты летніку па нашым зьвесткам былі нашмат пазьней. Любча – гэта адзіны ў раёне цэнтар менавіта пасялковага, а ня сельскага савету. Сярод асаблівасьцяў гэтага “пасёлку” першымі ў памяці ўсплываюць буслы, што сядзелі там ледзь не на кожным другім прыдатным для таго месцы: нейкая труба, зручная страха, брамная вежа ў замку, дрэва насупраць вежы. Камэрцыйная крама тут працуе з раніцы да позьняга, але алькаголем не гандлюе аніякім. Нават півам. Сьвята-Ільлінская царква, псэўдарускі помнік пачатку 20 ст., нядзельным вечарам, зразумела, была зачынена, нават на вакольную тэрыторыю не патрапіць – брама на замок, а агароджа незвычайна высокая. Таму й фатаграфаваў праз брамныя краты ці ўзьняўшы апарат ўгару. Добра, што ў 95-ага Кэнана экран круціцца, куды хочаш.

На падыходзе да замку з дарожнага пяску праступае брук, у Наваельні па такому ж бруку мы зарыентаваліся з дарогай да касьцёлу. Фартэцыя стаіць на даволі высокім месцы, але здалёк ня бачная. Сёньня замак – гэта дзьве з чатырох былых вежаў 16 ст., флігель і былы палацавы корпус 19 ст., у якім зараз месьціцца нейкі вучэбны камбінат. У флігелі дагэтуль жывуць дзьве сям’і і суседзтва са студэнтамі іх асабліва не натхняе (самі ведаеце, што такое практыка і як цяжка з раніцы пад час яе прачынаецца). Кіраўніцтва БАСы, Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў, якое каардынуе рэстаўрацыю замка, зьлітавалася над намі і дазволіла паставіць намёт на... верхнім паверсе брамнай вежы, загадзя параіўшы не казаць нічога дрэннага пра заснавальнікаў замка, каб Ян Кішка і кампанія далі спакойна паспаць. Так і начавалі – пад страхой з бусламі ў ахове прывідаў гаспадароў замка, атрымаўшы перад сном дазьняк легендаў і паданьняў з гісторыі замка ў выкананьні кіраўніка летніка Зьмітра Савельева.

Нягледзячы на агульны стан, шэдэўр усё яшчэ ўражвае: са стромкага берага Нёману, што падступае да самага замка, бачна Налібоцкая пушча, абарончы роў, што раней дасягаў 30 мэтраў ушыркі і 10 углыб і сёньня выклікае цяжкасьць для перасячэньня, паўднёва-ўсходняя вежа, старана аднаўляемая студэнтамі, акрэсьляе межы фартэцыі і дадае глебы для гістарычных фантазій, псэўдагатычны флігель надзіва няблага ўпісваецца ў агульны настрой замка.

Зраніцы я ўсіх пераканаў, што аўтобус на Наваградак ідзе а 9.20. Як вы здагадаліся, ён прабег праз Любчу на гадзіну раней. Наступны праз пяць гадзін. Паплюшчыла нас нядоўга, і мы вырашылі ісьці пешкі, дакуль дойдзем. Нябёсы і кіроўца грузавога мікрыка зьлітаваліся над намі, і не пасьпелі мы выйсьці за межы мястэчка, як ужо паселі на падлозе схопленага транспарту. Каб скупіць сваю віну перад хлопцамі за спазьненьне на аўтобус, я галасаваў асабліва экспрэсыўна. Малады хлопец, пачуўшы, што далей мы рулім на Ліду, дакінуў нас да Бярозаўкі, адкуль да горада-мэты, у які мы ўласна і ехалі, было каля 25 км. Пазьней, як я ні прымушаў сябе не рабіць гэтага, але ўсё ж падлічыў, што той мікрааўтобус зэканоміў нам па шэсьць рублёў. Увогуле ж той аўтаспын хутчэй выключэньне, чым правіла: тры хлопцы з трыма вялізнымі заплечнікамі... Нават грузавы мікраўтобус “вагаўся”, браць нас ці не.

Бярозаўка – мястэчка, якое канцэнтруецца вакол шклозавода “Нёман”. Для мяне ён запомніўся сваёй адрэсай у сусьветным сеціве – neman.by. Вы толькі прамоўце ўслых: “Нёман, кропка, бай...” Заводзік, насамрэч, някіслы і каб абыйсьці яго па пэрымэтру спатрэбіцца прамарнаваць амаль палову гадзіны. Затое за гэты час вы пабачыце дзьве галоўныя, пасьля заводу, канешне, мясцовыя цікавосткі: касьцёл Сашэсьця Сьвятога Духа і царкву Маці Божай “Жыровіцкай”. Абодва помнікі пабудаваны напрыканцы 20 стагодзьдзя, таму сваёй архітэктурай нагадваюць нешта сярэдняе між лецішчам пасьпяховага дзядзі і тыпавой скрыняй шматкватэрніка.

Нягледзячы на прадпрыемства і яго назву, сам бацька Нёман праз Бярозаўку вырашыў не працякаць.

Піва, замак, піва

Лідзкі замак 

Дарога на Ліду каштуе дзьве з паловай тысячы рублёў, гэта на маршрутцы. Калі даехаць зь Бярозаўкі да Ганчароў і далей цягніком, будзе крыху таньней. Мы здрадзілі студэнцкім прынцыпам і абралі першы варыянт. Пры пад’езьдзе да Ліды ствараецца ўражаньне, што ўяжджаеш як меней у абласны цэнтр, але аўтобусны вакзал зьнішчае такія думкі ў момант. Надвор’е памянялася на сапраўдную сьпёку, а ў паходзе гэта горш за халодныя цыклёны, яны нават нейкую бадзёрасьць надаюць, а тут тры млявыя хлопцы плятуцца ў цэнтр гораду ў пошуках заціснутага шматпавярхоўкамі замка. Гэтая агульная сучасная забудова псуе ўражаньне ад гістарычнага помніку, шэдэўра, якому амаль 700 год. Пад канец шпацыраў мы ўжо ціха ненавідзелі горад-стотысячнік, настрой узьняў Лідзкі бровар, але пра гэта пазьней. А пакуль мы абышлі фартэцыю і падышлі да ўваходнай брамы – хрусь, і папалам! У сэнсе, па аўторкам замак не “працуе”, а на вуліцы стаяў самы аўторнішны аўторак за ўсё наша жыцьцё. Паглядзеўшы на шыльду і кошты за фотаздымкі, я грабануў адміністрацыю абарончага комплексу на 1500 рублёў, зрабіўшы тры фоткі з-пад брамы.

Ліда 

За доўгія гады разбурэньняў-аднаўленьняў сьцены абарончага збудаваньня набылі выгляд мазаікі з устаўкамі розных часоў. Першапачаткова замак будаваў вялікі князь Гедымін, на што пайшло пяць год, прычым закладзены ён быў у той год, калі Вільню ўзьвялі ў сан сталіцы ВКЛ. Праз паўстагодзьдзя да чатырох сьценаў і паўднёва-заходняй вежы была дададзена яшчэ адна, паўночна-усходняя вежа – дапякалі крыжакі. Але дадзеная фартэцыя далёкая ад паняцьця цнота і часам здавалася рабаўнікам, самастойна ці гвалтам. Колькі часу пры Вітаўце тут жыў былы залатаардынскі хан Тахтамыш, але пасьля разгромнай бітвы на Ворскле ў 1399 г. зь ім разьвіталіся. Замак прыходзіць у заняпад пасьля вайны з Рускай дзяржавай у сярэдзіне 17ст., потым швэды зьнішчылі дзьве вежы, а апошнімі, хто выкарыстоўваў яго па прызначэньні, былі паўстанцы Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касьцюшкі ў 1794 г. Рэстаўрацыяй займаліся і рускія, і палякі, і беларусы, але помнік да розуму не даведзены дагэтуль.

Побач з замкам стаіць Крыжаўзьвіжанскі касьцёл, але ўнутр зноўку не патрапілі. Далей па вул. Савецкай – яшчэ адзін каталіцкі храм, Сьв. Язэпа, але ўжо прыстасаваны пад праваслаўную царкву Сьв. Міхала, у часы застойныя тут быў плянэтарый. Пакуль стаяў пасярод храму, ніяк не мог адкінуць разважаньні кшталту: “Які цудоўны тут пэўна быў плянэтарый: малітоўная заля колам, вялікі круглы купал, у апсідзе, напэўна, зрабілі падсобку для служачых”. Ад царквы-плянэтарыя да лідзкага бровару 10 хвілін пешшу, а там бар з “самым смачным у горадзе півасам” (гэта мне ў чарзе адкрылі сакрэт). Пенны напой сапраўды шыкоўны: залацісты, нефільтраваны, кошты – каля 1100 за 0.5. Тут жа можна набыць неўжываны плястыкавы посуд ёмістасьцю ў паўтара і пяць літраў, якім мы не прамінулі скарыстацца, і ўжо на Менск ехалі, грэючы душу прысутнасьцю дзьвюх батлаў бурштынавага напою. Каб не гэты півас ды катамараны ў цэнтры горада па тры рэ за гадзіну, дык можна было б лічыць, што помста ад Ліды не прайшла незаўважанай. А так мы сядалі на вакзале-кінагероі ў цягнік Гародня-Унеча з пачуцьцём, што вырвалі ў лёсу самыя прыемныя моманты, якія ён вылучыў для нас на гэты год. Наконт кінагероя: у стужцы “У жніўні 44-га” для Лідзкага вакзала знайшлі геніяльнага грымёра, бо не пазнаць. Тут жа ў кавярні пры залі чаканьня я ў чарговы раз пад час паездкі вырашыў паспрабаваць наліць/набыць літр гарачай вады для тэрмасу, і ў чарговы раз пасьля Баранавічаў і Наваградку атрымаў паразу. У паездках па Пскоўшчыне гэтая праблема здымалася за 15 расейскіх рублёў, у нас жа, даслоўна, “імбрыкі маленькія”.

Ганьба тым, хто Заслаўя ня бачыў!

Колы цягніка паволі грукаюць за вакном, насупраць нас на драўлянай лаве Гародні-Унеча сядзіць стары і распавядае пра тое як у Літву па баравікі хадзіў: “Там лепей. Там ні то што ў нас, белых дзюжа багата...” Жыве дзядуля у 12 км ад мяжы: “Раней сеў на веласапед і паехаў туды. А як аднаго мясцовага памежнікі-ліцьвякі застралілі, больш ніхто ня ходзіць.” Пасажыры з суседніх лаваў спачатку думалі, што зьдзекуемся зь дзеда, потым, калі пачулі, што мы й між сабой на мове, то ўжо непрыхавана падслухоўвалі гутарку. У Наваельні мы доўга дзівіліся з архітэктуры мясцовага чыгуначнага вакзальчыку, па дарозе на Менск апынулася, што не аднаму і не двум беларускім мястэчкам пры чыгунцы палякі перад вайной зрабілі такія падарункі. Але назіраць за вакзаламі надоўга нас не хапіла, і мы пакрысе заснулі, тым больш, што ехалі не на голых дзеравяшках, а на раскладзеных спальніках.

У Менску быў “згублены” адзін з вандроўнікаў (ён паехаў далей на Віцебск праз Воршу) і ўжо ўдвух мы пайшлі гасьцяваць-начаваць да Фіціля – даўняга сябра, што сёлета атабарыўся ў сталіцы. Тут няблага прыдаліся й макароны і тушняк, якія засталіся пасьля паходу, і печыва з гарбатай, ну й зразумела, лідзкае нефільтраванае. Па пляну заўтра з раніцы нас чакала Заслаўе са сваім знакамітым музэйным комплексам, кальвінскім зборам, замкавымі валамі, касьцёлам Нараджэньня Дзевы Марыі. Ды толькі радасьць сустрэчы і доўгатэрміновае сьвяткаваньне з гэтай нагоды адклала нашу раніцу да дванаццатай гадзіны, таму ў Заслаўі мы ледзь-няледзь апынуліся а чацьвёртай удзень. Дагэтуль дзіўлюся менчукам, якія за сваё жыцьцё ніводнага разу не пабывалі тут, у 40 хвілінах электрычкай па гарадзенскім напрамку да станцыі “Беларусь”. Аплата – 1500 рэ, але гэта па жаданьні. Заслаўе толькі дзеля шыльды з назвай станцыі трэба ўлучаць у першую сваю вандроўку па-за межы сталіцы.

Хаця і нам ганьба, у музэй не патрапілі, бо прыехалі запозна, а ім там трэба сыгналку здаваць а пятай, прычым ні на хвіліну пазьней – адмазаліся...  Затое зьлітаваўся над студэнтамі ксёндз Анатоль і правёў невялікую экскурсію па сваёй вотчыне: паказаў плён 15-гадовай дзяржаўнай рэстаўрацыі (вежа на франтоне ўжо крывая, плотавыя слупы сыпяцца), распавёў пра заснавальнікаў храма апошніх уладальнікаў Заслаўя паноў Пшазьдзецкіх, пусьціў у храм, дзе ад павуціньня рэстаўрацыйнага рыштунку ня можна павярнуцца, нават на хоры завёў. Потым ён разьвітаўся і пакаціў у Ракаў, мы ж пабрылі да валоў былога заслаўскага замка.

Вежа кальвінскага збору, сёньняшняй Спаса-Прэабражэнскай царквы, пануе над мястэчкам ужо чатыры стагодзьдзі, хаця і ў пераробленым выглядзе. Зайсьці ў царкву было варта толькі дзеля таго, каб адчуць несуразнасьць выкарыстаньня пратэстанцкіх прастораў для праваслаўных патрэбаў: шырокі кафалікон (малітоўная заля), слаба вылучаная апсіда (уражаньне, што “сьвятой сьвятых” як бы й няма), на падлозе – усё тая ж керамічная плітка. Паслушніца прыбірае царкву, старана сьціраючы пыл з абразоў, прасіцца паглядзець вежу знутры было няёмка.

Заслаўскі замак адзін зь нешматлікіх, дзе позіркам можна ахапіць і цалкам уявіць сабе існаваўшую тут стагодзьдзямі стараітальянскую абарончую сыстэму. Стаць лепей на пагорак бліжэй да рэшткаў брамы: вось абарончы роў, вал, рэшткі бастыёнаў па кутах, тут былі пад’ёмны мост, двухпавярховая брама. Заслаўскія бастыённыя ўмацаваньні першыя на Беларусі і ў той жа момант добра захаваліся – нонсэнс для беларускай рэчаіснасьці!

Справаздача

 

Заслаўе, фактычна, сталася кропкай у нашай вандроўцы. Пасьля яе – толькі цягнік Гародня-Віцебск і сустрэча зь любімым горадам а пятай раніцы. Вітала нас раскультурная сталіца хмаркамі і соннымі таксоўшчыкамі. Родны бацька звычайна сустракае зь цягніка толькі па асаблівых прычынах, а тут ўсё ж прыгнаў сваю “жыгу” і, не хаваючы радасьці, ціснуў руку. Акрамя фотак, уражаньняў і досьведу, з вандроўкі засталіся раскіданыя па кішэнях квіткі. Яны дапамаглі аднавіць увесь шлях:

 

Віцебск - Баранавічы (цягнік)                     10280 б.р.
Баранавічы - Наваельня (цягнік)                 2520 б.р.
Наваельня - Дзятлава (аўтобус)                 1210 б.р.
Дзятлава - Наваельня (аўтобус)                 2150 б.р.
Наваельня - Наваградак (аўтобус)              2500 б.р.
Наваградак - Любча (аўтобус)                    1530 б.р.
Бярозаўка - Ліда (маршрутка)                     2420 б.р.
Ліда - Менск (цягнік)                                 7420 б.р.
Менск - Заслаўе (цягнік)                            1440 б.р.
Заслаўе - Менск (цягнік)                            1440 б.р.
Менск - Віцебск (цягнік)                            9460 б.р.

Усяго:                                                      42470 б.р.

 

Канешне, за такі час і такія грошы можна было аб’езьдзіць і пяць замкаў: Мір, Нясьвіж, Наваградак, Любча, Ліда. І пабачыць толькі муры ды вежы. Але сам смак мястэчка, хада яго жыцьця, водар тутэйшай старасьвеччыны прасьлізнуў бы між коламі транспарту.

У вандроўках-для-сябе шануеш кожны момант, кожную хвіліну, праведзеную на месцы, радуесься кожнай рачулцы ці вёсцы, сустрэтай на мапе і ў дарозе. Дзьверы чарговага аўтобуса ці цягніка, нібыта брамы ў чарговы шлях па новыя ўражаньні. Мясцовыя тубыльцы – гэта як турыстычныя шыльдачкі з напрамкамі працягу маршрута, а сьвятары, гаваркія бабулькі (пара такіх знойдзецца ў кожным прыгарадным) заменяць любога экскурсавода. Тут, як заўсёды ў Беларусі, галоўнае – не баяцца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1894 seconds.