Адбываецца візыт ESIB, нацыянальных студэнцкіх саюзаў Эўропы, у Ўкраіну

Украінская студэнты на дадзены момант ня маюць ў ESIB свайго прадстаўніка, хаця зваротаў ад украінскіх арганізацыяў на ўступленьне за апошнія гады было ажно некалькі. Дзеля таго, каб разабрацца з сытуацыяй на месцы, прадстаўнікі ESIB сёньня прыехалі ў Украіну, кіруе візытам Тацяна Хома.

ESIB - the National Unions of Students in Europe

На працягу апошніх год ESIB атрымаў 3 заяўкі на сяброўства з Украіны ад 3-х розных арганізацыяў. УАСС - украінская асацыяцыя студэнцкага самакіраваньня атрымала статус "назіральніка". АПОС - Асацыяцыя праваабарончых арганізацыяў студэнтаў (прафкамы студэнцкія) атрымала адмову на сваю заяўку. УСР (Усеўкраінская студэнцкая рада) –  падала увесну заяўку і атрымала часовы статус кандыдата.

ESIB вырашыў зрабіць вандроўку дзеля дасьледаваньня сытуацыі з правамі студэнтаў у Украіне, мясцовым студэнцкім рухам і сыстэмай вышэйшай адукацыі.

У межах вандроўкі плянуюцца сустрэчы з Міністрам адукацыі Украіны, начальнікам агенцыі па акрэдытацыі ўстановаў вышэйшай адукацыі ў Украіне, кіраўніцтвам шэрагу нацыянальных студэнцкіх арганізацыяў (УАСС, УСС, АПОС, УСР, Украінская рада студэнтаў), таксама сустрэчы з прадстаўнікамі моладзевага руху і НДА.

Візыт вельмі маштабны. З боку ESIB удзельнічае 8 чалавек – прадстаўнікі 3 студэнцкіх зьвязаў - StL - Нарвэгія,  FZS - Нямеччына, PSRP - Польшча. Таксама прадстаўнік камітэту па камадыфікацыі адукацыі ESIB - Энтані Каміл'еры (Мальта). На чале візыту – выхадзец з Беларусі, сябра рады ESIB - Тацяна Хома, адказная за Украіну пры радзе ESIB.

-- Я вельмі натхнёная магчымасьцю арганізацыі гэтай вандроўкі, бо гэты рэгіён, натуральна, для мяне найбольш блізкі і знаёмы ў ESIB. Ужо пры падрыхтоўцы гэтага візыту я была прыемна зьдзіўленая магчымасьцямі ўкраінскіх студэнтаў. Нам даволі проста атрымалася праз студэнцкую арганізацыю прызначыць сустрэчу з Міністрам адукацыі, напрыклад. Нашая мэта зараз высьветліць ці самі студэнцкія арганізацыі Ўкраіны задаволеныя станам правоў студэнтаў у сваёй краіне, а таксама бліжэй пазнаёміцца з нацыянальнымі студэнцкімі арганізацыямі, -- падзялілася сваімі ўражаньнямі з studenty.by Тацяна Хома.

У межах візыту эўрапейскія студэнты наведаюць Кіеў, Роўна, Львоў, Харкаў. Сустрэнуцца адмыслова з студэнтамі Роўна, што баставалі супраць высяленьня з інтэрнатаў. Правядуць сустрэчы з студэнцкімі арганізацыямі, што ўдзельнічалі ў майдане некалі, здымалі рэктараў і ладзілі галадоўкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.