Беларуская студэнтка на Мальце. Няўжо тут можна вучыцца?
Успаміны аб летніх вандроўках усё яшчэ хвалююць душу. І моцна хочацца падзяліцца ўбачаным зь сябрамі. Каб вярнуцца да атмасфэры першай часткі артыкула, напачатку невялікая загадка: што на гэтым фота?
Думаеце, гэта рэзыдэнцыя якогасьці шаха? Амбасада Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў на Мальце? Дыснэйлэнд?
Няправільна! Перад вамі будынак мальтыйскага ўнівэрсытэта! Вось і пацьверджаньне:
Гэты будынак для мяне зьяўляецца працягам і адлюстраваньнем Мальты. Нават тут яны не адышлі ад сваёй звычкі будаваць жоўтай цэглай.
Насамрэч гэта новы будынак унівэрсытэта. Ён знаходзіцца тут у Msida з 1970-х,
калі ўнівэрсытэт быў перанесены са сталіцы Валеты. Гэты будынак быў адмыслова
спраектаваны мастаком John England. На маю думку, атрымалася прыгожа,
па-мальтыйску экзатычна, вытрымана ў нацыянальных архітэктурных традыцыях –
паболей мясцовай жоўтай цэглы.
КРЫХУ ГІСТОРЫІ
Унівэрсытэт (не ўключаючы сам будынак) тут такі ж старажытны, як і ўсё іншае на
Мальце. Яго зьяўленьне таксама зьвязанае з рэлігійным ордэнам. У 1592-м годзе
езуіты тут стварылі Collegium Melitense, які і вырас у сучасны ўнівэрсытэт.
Гісторыя ВНУ багатая на падзеі, тут узгадваюцца і езуіты, якіх пасьля выгналі з
вострава, і мальтыйскі ордэн, пры якім ВНУ абвесьціла сябе паўнапраўным
унівэрсытэтам (1768), і Напалеон, які ліквідаваў унівэрсытэт, і Сэр Бол, які
яго апасьля выгнаньня французаў аднавіў. Падчас брытанскага пэрыяду ўнівэрсытэцкія
правілы, як і шмат што іншае ў краіне, былі падведзеныя пад брытанскі стандарт.
Менавіта ў гэтым унівэрсытэце і навучаюцца ўсе студэнты Мальты. Нагадаю, што іх агульная колькасьць на Мальце складае 20 000 пры агульнай колькасьці жыхароў – 400 000 чалавек.
АТМАСФЭРА
Атмасфэра ва ўнівэрсытэце вольная і ненапружаная. Мне падалося, што так бывае ня толькі падчас летніх вакацыяў і гэта звычайная справа. Гэтаму спрыяе вялікая заля з крэсламі і вялікім тэлевізарам, дзе можна адпачыць, фантан на ўнівэрсытэцкім падворку і агулам, як усё выглядае ў дадатак да цёплага і сонечнага мальтыйскага надвор'я.
Акрамя таго прысутнічае пачуцьцё ізаляванасьці. Уся тэрыторыя вострава пакрытая ўзгоркамі, прыгоркамі і сапраўднымі горамі. І кампус унівэрсытэту знаходзіцца на такім ўзгорку, што падаецца, што гэта іншы сьвет – сьвет навукі і ведаў.
Такое месцазнаходжаньне адлюстроўвае стаўленьне да ўнівэрсытэта, як да месца, дзе ствараюцца веды, што зьяўляецца далікатным працэсам. Гэта ня проста месца для перакачкі ведаў дзеля падрыхтоўкі “маладых спэцыялістаў”. Такі акадэмічны Алімп. Вось недзе так пад дрэвамі, седзячы на гары, напэўна, некалі Канфуцый гутарыў са сваімі вучнямі, перадаючы ім сваю мудрасьць.
Бавячы час ва ўнівэрсытэце, я заўважыла там некалькіх катоў, што троху зьдзівіла, бо яны нават у памяшканьні вольна сябе пачувалі. Як высьветлілася пасьля, студэнты нядаўна правялі кампанію “Cats on Campus”. Яны пабудавалі хаткі для коткі зь яе малымі кацянятамі. З таго часу і колькасьць катоў і колькасьць хатак павялічылася і жывёлкі сталі часткай кампусу. Кацятаў бяруць дахаты, а іншых падкармліваюць пры ўнівэрсытэце.
Дзіўна, але вельмі міла!
.
Пра тое, што зь сябе ўяўляе навучальная праграма на Мальце, можна пацікавіцца на сайце ўнівэрсытэта – www.um.edu.mt. Я ж лепей спынюся на саміх студэнтах, якіх я пазнала праз мальтыйскую студэнцкую арганізацыю KSU - Kunsill Studenti Universitarji.
МАЛЬТЫЙСКІ СТУДЭНЦКІ ЗЬВЯЗ - KSU
Цікавы факт, што KSU адначасова і нацыянальны і мясцовы студэнцкі зьвяз (бо ў краіне існуе толькі адзін унівэрсытэт). Пры гэтым яны на роўных удзельнічаюць у дыскусіях эўрапейскага маштабу і актыўна прымаюць удзел у працы буйнейшага эўрапейскага зьвязу ESIB (зараз ESIB мае мальтыйскага студэнта на чале і яшчэ аднаго студэнта ў Камітэце па камадыфікацыі адукацыі – www.esib.org/cocoblog).
Акрамя гэтага KSU лічыцца самай старой студэнцкай арганізацыяй зь сябраў ESIB, і я ня ведаю іншай арганізацыі, якая магла б пабіць іх рэкорд. KSU быў утвораны ў 1901 годзе, у той час як большасьць іншых арганізацыяў стала стварацца ў 60-я (як NSU з Нарвэгіі), 80-я (як сам ESIB) і 90-я (арганізацыі з посткамуністычнага блоку). Гісторыя арганізацыі таксама багатая на цікавосткі. Напрыклад, пры стварэньні яны ўдзельнічалі ня толькі ў так званай “студэнцкай палітыцы”, але і ў нацыянальнай палітыцы наагул. У 1935 годзе арганізацыя была забароненая дзяржавай. Права прадстаўляць студэнтаў (у сёньняшнім разуменьні таго) яны вярнулі напачатку 1970-х. Падчас палітычных хваляваньняў напрыканцы 70-х - пачатку 80-х яны перажылі гвалтоўныя сутычкі з паліцыяй, бо не маглі стаяць здалёк ад палітычных падзеяў у краіне.
АДПАЧНЕМ!
Адпачываюць студэнты Мальты звычайна ў так званых “тэрыторыях забаваў і адпачынку”. Гэта насамрэч ня так страшна, як гучыць. Пад “тэрыторыяй забаваў і адпачынку” разумеецца месца (гарадок, пасёлак), у якім няма бадай нічога акрамя клюбаў, дыскатэкаў, кавярняў, бараў, караокэ, піўнух і г.д. Гэтыя месцы можна знайсьці па гуку, бо там ты сапраўды апынаесься ў сьвеце музыкі, танцаў, сьпіртных напояў і неверагоднага шуму. Прыкладам такога месца зьяўляецца Пачэвіль. Зь італійскай мовы – paceville – можна перакласьці як “горад міру”. Але гэткі назоў даклада зьяўляецца нечыім злым жартам, бо калі вы шукаеце міру і спакою, то вы яго ня знойдзеце ў Пачэвілі.
Калі на першы погляд падаецца, што наведаць усе бары немагчыма, а тым больш іх запомніць, то гэта толькі ўражаньне турыста, бо за час студэнцтва мальтыйцы наведваюць усе зь іх, выбіраюць любімыя і шмат часу і грошай аддаюць на гэты адпачынак.
Больш дакладна пазнаёміцца з жыцьцём мальтыйскага студэнта я прапаную на прыватным выпадку – мальтыйскі студэнт Джасьцін Фэнэк (да таго ж яшчэ і старшыня ESIB). Але гэта, я кажуць, "зусім іншая гісторыя"... Асаблівасьці жыцьця яркага мальтыйскага студэнта - у трэцяй, заключнай частцы маіх нататак з падарожжа на Мальту.