Дыплом — у крэдыт

Як скарыстацца льготным крэдытам на навучанне ад «Беларусбанка»? Чытайце ніжэй артыкул газэты «Звязда». 

 

«Спякотнае» экзаменацыйнае лета ў беларускiх ВНУ нарэшце завяршылася, аб чым можна меркаваць па незвычайнай цiшынi, што ўсталявалася ў вучэбных калiдорах i аўдыторыях. Праўда, паўза атрымалася зусiм непрацяглая — да новага навучальнага года застаюцца ўжо лiчаныя днi...

Больш-менш упэўнена могуць адчуваць сябе сёння толькi студэнты бюджэтнай формы навучання. Але стаць студэнтам-бюджэтнiкам пашчасцiла далёка не ўсiм. Больш таго, плата за навучанне зноў «падрасла», i гэта трэба ўлiчваць тым, хто адважыўся атрымлiваць вышэйшую адукацыю на платнай аснове. Напрыклад, студэнтам, якiя збiраюцца вывучаць у Белдзяржунiверсiтэце менеджмент, бiзнэс-адмiнiстраванне, юрыдычныя навукi, сусветную эканомiку i мытную справу прыйдзецца заплацiць за год навучання прыкладна 3,6 мiльёна рублёў. Студэнтам лячэбнага i педыятрычнага факультэтаў БДМУ — 4 мiльёны 320 тысяч рублёў, а студэнтам стаматалагiчнага факультэта той жа ВНУ — 5 мiльёнаў 160 тысяч рублёў. Як бачна, сумы зусiм не сiмвалiчныя...

Мiж iншым, для сем’яў са сцiплым сямейным бюджэтам выйсце ёсць — яны могуць скарыстацца льготным крэдытам на навучанне ад «Беларусбанка». На сённяшнi дзень гэта адзiны ў нашай краiне банк, якi выдае студэнтам iльготныя крэдыты для атрымання вышэйшай адукацыi...

Хто можа атрымаць iльготны крэдыт?

Прэтэндаваць на адкрыццё льготнай крэдытнай лiнii могуць толькi маладыя людзi, якiя атрымлiваюць першую вышэйшую адукацыю на дзённай форме навучання, прычым толькi ў дзяржаўных ВНУ цi ў вышэйшых навучальных установах спажывецкай кааперацыi.

Акрамя таго сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’i крэдытаатрымальнiка за папярэднi год не павiнен перавышаць 350 працэнтаў зацверджанага бюджэту пражытковага мiнiмуму ў сярэднiм на душу насельнiцтва, якi дзейнiчае на дату адкрыцця крэдытнай лiнii.

Крэдытную лiнiю можна адкрыць або ў аддзяленнi банка па месцы знаходжання навучальнай установы або па месцы пастаяннага жыхарства крэдытаатрымальнiка.

Для заключэння крэдытнага дагавору крэдытаатрымальнiк прадастаўляе ў «Беларусбанк» дагавор з ВНУ аб падрыхтоўцы на платнай аснове, даведку з навучальнай установы, якая пацвярджае, што навучэнец атрымлiвае першую вышэйшую адкукацыю, даведку аб кошце платнага навучання, дакументы, якiя пацвярджаюць наяўнасць пастаяннай крынiцы даходаў для вызначэння плацежаздольнасцi крэдытаатрымальнiка, i дакументы аб сярэднямесячным сукупным даходзе на кожнага члена сям’i, якiя пацвярджаюць права на атрыманне льготнага крэдыту.

Атрымаць крэдыт могуць не толькi першакурснiкi, але i студэнты старэйшых курсаў дзяржаўных ВНУ, якiя займаюцца на дзённым аддзяленнi.

Калi прыйдзецца вяртаць банку грошы?

Памер крэдыту вызначаецца зыходзячы з кошту платнага навучання, устаноўленага навучальнай установай, але ў любым выпадку ён не павiнен перавышаць 70 працэнтаў гадавога кошту навучання. Умоўна кажучы, калi год навучання ў сценах ВНУ каштуе 1 тысячу долараў, то 700 долараў уносiць за навучанне студэнта банк, а 300 долараў ён павiнен унесцi самастойна. На рукi крэдытаатрымальнiк грошы атрымлiваць не будзе — сродкi будуць пералiчвацца «Беларусбанкам» у беларускiх рублях на рахунак вышэйшай навучальнай установы.

У дзень выдачы першай часткi крэдыту банк накiроўвае па месцу вучобы крэдытаатрымальнiка паведамленне аб адкрыццi крэдытнай лiнii.

Адтэрмiноўка па пагашэнню крэдыту даецца студэнту на ўвесь перыяд навучання — пагашэнне крэдыту пачынаецца з наступнага месяца пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы i на яго вяртанне адводзiцца пяцiгадовы тэрмiн з моманту атрымання дыплома. Аднак працэнты за карыстанне льготным крэдытам прыйдзецца выплачваць ужо з наступнага месяца пасля адкрыцця крэдыту — за фактычны час карыстання. Плата за карыстанне крэдытам складае 50 працэнтаў стаўкi рэфiнансавання Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь.

Як вяртаецца крэдыт у выпадку адлiчэння студэнта? 

У Iнструкцыi «Беларусбанка» аб парадку прадастаўлення льготнага крэдыту запiсана, што пры адлiчэннi студэнта крэдытаатрымальнiк абавязаны датэрмiнова (на працягу не больш чым 12 месяцаў з даты адлiчэння) вярнуць банку атрыманы крэдыт з уплатай працэнтаў за карыстанне iм у памеры стаўкi рэфiнансавання Нацбанка, дзеючай на дату адлiчэння, за ўвесь перыяд карыстання гэтым крэдытам. У выпадку невыканання ўзятых абавязацельстваў па вяртанню крэдыту i ўплаце працэнтаў за карыстанне крэдытам крэдытаатрымальнiк выплачвае банку за кожны пратэрмiнаваны дзень павышаныя працэнты ў памеры двухкратнай стаўкi рэфiнансавання, якая будзе дзейнiчаць на дату стварэння пратэрмiнаванай запазычанасцi.

На тых, хто бярэ акадэмiчны водпуск, гэты парадак не распаўсюджваецца. Пры прадастаўленнi студэнту акадэмiчнага водпуску, пераводзе яго на завочную, вячэрнюю формы навучання цi з платнай формы навучання на бюджэтную крэдытаатрымальнiк вяртае банку атрыманы крэдыт на працягу пяцi гадоў, пачынаючы з наступнага месяца пасля заканчэння навучальнай установы з уплатай працэнтаў за карыстанне iм у памеры 50 працэнтаў стаўкi рэфiнансавання Нацыянальнага банка.

У выпадку адлiчэння студэнта, прадастаўлення яму акадэмiчнага водпуску, пераводзе яго на завочную, вячэрнюю формы навучання або з платнай на бюджэтную форму навучання навучальная ўстанова на працягу трох дзён з дня выдачы загаду накiроўвае ў банк паведамленне з указаннем даты адлiчэння, прадастаўлення акадэмiчнага водпуску цi пераводу, i ў дзесяцiдзённы тэрмiн вяртае банку не выкарыстаныя на навучанне крэдытныя сродкi.

Што рабiць тым, хто не можа прэтэндаваць на льготны крэдыт?

У гэтым выпадку можна паспрабаваць узяць у «Беларусбанку» крэдыт на звычайных умовах. Так, пры атрыманнi першай адукацыi на дзённай форме навучання крэдыт у беларускiх рублях прадастаўляецца з выплатай 11 працэнтаў гадавых за фактычны час карыстання. Выпускнiкi ВНУ вяртаюць крэдыт на працягу 5 гадоў, пачынаючы з наступнага месяца пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы, а выпускнiкам сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў адводзяцца тры гады на вяртанне крэдыту. Але калi вы атрымлiваеце першую вышэйшую адукацыю ў ВНУ цi ССНУ на завочнай, вячэрняй або дыстанцыйнай формах навучання, то на вяртанне крэдыту даецца год (адлiк пачынаецца з наступнага месяца пасля выдачы крэдыту).

Магчыма, кагосьцi зацiкавiць наступная iнфармацыя. Сёння ў «Беларусбанку» могуць атрымаць крэдыт на навучанне i тыя маладыя людзi, якiя вельмi любяць вучыцца: праўда, пры атрыманнi другой цi трэцяй адукацыi крэдыты прадастаўляюцца пад 14 працэнтаў гадавых (з вяртаннем на працягу аднаго года, пачынаючы з наступнага месяца пасля выдачы крэдыту). Можна ўзяць таксама i крэдыт у замежнай валюце — у гэтым выпадку прыйдзецца выплачваць 12 працэнтаў гадавых за фактычны час карыстання крэдытам.  

@ptymist 09:50, 23/08/2006 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3282 seconds.