У першы раз, канешне, страшна

Аб спосабах здачы сэсіі, аб кліканьні халявы ў часе сэсіі.

У першы раз, канешне, страшна. Але потым нічога, прызвычайваесься – і нават прыемна.” Пра што, па-вашаму казаў так адзін мой знаёмы? Пра яе, радзімую, пра сэсію. Яна прыходзіць заўсёды нечакана, у самы непатрэбны момант. І нікуды ад яе не падзенесься. Нават калі закрыесься ў сваім пакоі, а ключы зьясі, яна ўсё роўна не адчэпіцца ад цябе: у адну прыгожую ноч ты прачнесься ад крыкаў: ”Халява! Прыдзі!”

Кажуць, што моладзь ва ўсялякія там прымхі і забабоны ня верыць. Можа і так, але толькі не пад час сэсіі. Я распытала сваіх знаёмых пра тое, як яны здаюць іспыты, і высьветлілася, што спадзяюцца яны на што заўгодна, толькі не на свае веды. Рыхтавацца да іспытаў ня модна і не абавязкова: існуе мноства іншых спосабаў здаць іх пасьпяхова. Прапаную вам самыя надзейныя і самыя папулярныя.

Спосаб першы, самы вядомы, але самы відовішчны. Кліканьне Халявы. Гэта вельмі проста: у 12 гадзінаў ночы высоўвайся з вакна разам з залікоўкай і крычы на ўсю вуліцу (раён, горад...­ у залежнасьці ад магчымасьцяў свайго горла): “Халява! Прыдзі!” Але Халява стварэньне непрадказальнае, а трэба ж, каб усё было надзейна. Вось тут і пачынаецца самае цікавае. Гуляй, фантазія! Чым больш незразумелым будзе ўсё, што ты далей зробіш, тым лепш. Галоўнае, каб выглядала эфектна. Напрыклад, залікоўку трэба перавязаць чырвонай ніткай, каб Халява ня зьбегла. Або яшчэ спосаб: пакласьці залікоўку на ўсю ноч у лядоўню. Халява там замярзае, а потым, калі табе на іспыце стане горача, яна растане і выратуе галяктыку. А калі хочаш быць зусім упэўнены ў добрым выніку, дык трэба рабіць усё вышэй апісанае ў прыбраньні Адама або Евы (каму што больш падабаецца ). Наагул, у летнюю сэсію Халяву клічуць часьцей, чым у зімнюю. Думаеце: студэнты ўзімку больш вучацца? Не. Проста халодна з вакна высоўваца (ды й вокны, напэўна, пазалепленыя). А яшчэ цікава, што калі ў інтэрнаце некалькі дзесяткаў чалавек клічуць Халяву, абавязкова знойдзецца “жывёла” (карыстаюся тэрміналёгіяй пацярпелых), якая не паляніцца высунуцца з вакна і пракрычаць: ”Халявы ня будзе. Трэба вучыць!” Такія крыкі Халяву пужаюць, і яна не прыходзіць.

Спосаб другі, у пэўным сэньсе, брудны. Загадзя набываеце чарніла, а галоўнае – знаходзіце чалавека, які б згадзіўся трымаць у ім палец, пакуль вы будзеце на іспыце. Як гэта дзейнічае, не высьветлена, але, кажуць, дапамагае.

Спосаб трэці, для лайдакоў. Перад іспытам ложак не прыбіраць, у пакоі не падмятаць, посуд ня мыць. Карацей кажучы, не рабіць нічога такога, што патрабуе ад вас гвалту над сваёй лайдакоўскай прыродай.

Спосаб чацьвёрты, экстрэмальны. Адна дзяўчына параіла мне некалькі дзён перад іспытам ня есьці. Па-першае, голад актывізуе дзейнасьць галаўнога мозгу. Па-другое, пакутніцкі выгляд хутка разжаліць выкладчыка. Па-трэцяе, гэта добры спосаб разьвітацца зь лішнімі кіляграмамі.

Спосаб пяты, самы просты. На іспыт трэба ісьці з надзейным талісманам: мяккай цацкай, любімым пацуком (ад яго выкладчык, безумоўна, прыйдзе ў захапленьне). Я, напрыклад, ведала хлопца, які цягаў на ўсе іспыты цагліну. Паспрабуйце, мо й вам дапаможа.

Сэсія – гэта такая дрэнь, якую прыдумалі, каб прымусіць студэнтаў вучыцца. Але нічога ў іх не атрымалася!” (Надпіс на парце.)

Алена Бегановіч

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.