Калі б выкладчыкі былі апэратыўнымі сыстэмамі кампутара

Выкладчык DOS
Здольны навучаць толькі аднаго студэнта, але аддае яму ўвесь час. Калі ж раптам студэнта адлічваюць, звальняецца разам зь ім.

Выкладчык Win 3.11
У мінулым гэта выкладчык DOS, які прайшоў дадатковую падрыхтоўку. Зараз у яго ёсьць некаторыя дапаможнікі і некалькі прыёмаў, з дапамогай якіх (прынамсі, так кажуць) ён можа навучаць некалькіх студэнтаў, а насамрэч часу ў яго хапае толькі на аднаго, максымум на двух, але тады працэс зацягваецца й губляе эфэктыўнасьць. У выпадку адлічэньня аднаго студэнта хутка губляе форму і справа ўсё адно скончваецца звальненьнем па асабістаму жаданьню. Такім чынам, пазбавіцца ад яго вельмі проста - дастаткова падсунуць яму якога-небудзь неахайнага студэнта.

Выкладчык Win'95
Вынік яшчэ адных курсаў падвышэньня кваліфікацыі выкладчыкаў DOS. Выкладчык, які прайшоў гэтыя курсы, спрабуе схаваць сваё цёмнае мінулае, але, тым не менш, ганарыцца сваім уменьнем навучаць студэнтаў індывідуальна, як гэта робяць выкладчыкі DOS. Адмаўляецца працаваць у ўнівэрсытэтах старога тыпу й вельмі любіць прасторныя аўдыторыі. Часам ня ўлічвае думку рэктара й кажа, што лепей за яго ведае, як працаваць са студэнтамі. Уласнае меркаваньне яго нагэтулькі вялікае, што ён спрабуе сам вызначыць, дзе лепей праводзіць заняткі, і, нават калі ён выбраў грамадзкую прыбіральню ў якасьці аўдыторыі, пераканаць яго бывае вельмі складана. Можа адначасова навучаць некалькіх студэнтаў, але пры тым можа цалкам забыцца на аднаго з іх. Увесь час усьміхаецца, нават калі спрачаецца з рэктарам альбо звальняецца. Звольніцца можа па самым неверагодным прычынам - напрыклад, калі яго папрасіць перасадзіць студэнта за іншую парту. Часам звальняецца і зусім без прычынаў. Нягледзячы на гэта вельмі папулярны як сярод рэктараў, так і сярод бацькоў, якія вельмі часта рыхтуюць сваіх дзяцей яшчэ зь дзіцячага садка да навучаньня ў выкладчыкаў Win'95

Выкладчык OS/2 Warp 3
Кардынальна адрозьніваецца ад папярэдніх мэтадамі навучаньня. Калісьці на гэтыя мэтады ўскладалі вялікія надзеі, але ў апошні час яны страцілі сваю папулярнасьць і рэктары ўнівэрсытэтаў усё меней і меней бяруць да сябе гэтых выкладчыкаў. Выкладчык OS/2 Warp 3 заўсёды мог навучаць некалькі студэнтаў, разьмяркоўваючы пры гэтым сваю ўвагу згодна здольнасьцям кожнага. Не мае нічога агульнага з выкладчыкамі DOS, ён, тым не менш, па просьбе рэктара і за дадатковую плату можа адначасова з агульнай плыняй навучаць некалькі студэнтаў так, што тыя будуць думаць, што зь імі працуюць індывідуальна. Аднак у гэтых студэнтаў будзе не самая лепшая думка аб хуткасьці працы выкладчыка. Як і выкладчык Win'95, ён не працуе ў старых і маленькіх памяшканьнях. Вельмі рэдка звальняецца па асабістым жаданьні, бо вельмі любіць сваю працу. Часам ён забываецца пра рэктара й не падтрымлівае з ім сувязь. Рэктару ў гэтым выпадку раяць трошкі пачакаць, пакуль той узгадае пра яго, але на справе адзінае, на што рэагуе выкладчык - гэта загад аб звальненьні. Хаця, нават звальняючыся, выкладчык пасьпявае прыняць залікі ў студэнтаў.

Выкладчык OS/2 Warp 4
Гэта былы выкладчык OS/2 Warp 3, які вырашыў ісьці ў нагу з часам і прайшоў курсы перападрыхтоўкі, якія павінны былі зрабіць яго ня менш папулярным, чым выкладчык Win'95 і пазбавіць усіх недахопаў, якія ёсьць у выкладчыка OS/2 Warp. Фактычна, на гэтых курсах ён стаў больш патрабавальным да памераў памяшканьня, навучыўся ўсіміхацца, як выкладчык Win'95, стаў часьцей цікавіцца канкрэтным студэнтам, забываючы пра астатніх, а разам з тым і пра рэктара.

Выкладчык WinNT
Рыхтавалі яго там, дзе і выкладчыка Win'95. Знешне ён вельмі на яго падобны, толькі меней усьміхаецца. Добра ўмее працаваць зь некалькімі студэнтамі адначасова, але вельмі суворы да непасьпяховых студэнтаў і адлічвае іх па першаму патрабаваньню рэктара, а часам і без патрабаваньня. Звольніць жа яго самога практычна немагчыма, яго можна толькі забіць. Патрабуе вельмі вялікіх аўдыторый, але нават у іх адчувае сябе скаваным. Нярэдка, калі чытае лекцыю, заганяе студэнтаў у кут і ходзіць па аўдыторыі па вялікім коле.

Выкладчык UNIX
Самы стары выкладчык. Знешне ён падобны на выкладчыка DOS, але можна заўважыць калясальную розьніцу ў магчымасьцях гэтых выкладчыкаў. Наймаючы выкладчыка UNIX, рэктар часам не можа зразумець, што ён кажа. Але калі рэктар здольны знайсьці агульную мову з гэтым выкладчыкам, тады высьвятляецца, што выкладчык UNIX мае шэраг перавагаў. Ён можа займацца са студэнтамі ў самых маленькіх пакойчыках, бо ў яго часы вялікіх памяшканьняў проста не было. Прычым займаецца ён добра. Ён строгі, але справядлівы, практычна не ўсьміхаецца, ніколі не прымае самастойных рашэньняў, але здольны выконваць самыя складаныя й заблытаныя загады рэктара, больш таго можа працаваць зь некалькімі рэктарамі адначасова. Яго можна нават навучыць усьміхацца, праўда, за гэта ён можа патрабаваць больш прасторныя памяшканьні. Выкладчык UNIX можа працаваць у любога тыпу ўнівэрсытэтах. Студэнты, якіх рыхтавалі да працы з гэтым выкладчыкам, звычайна паступаюць да яго разабранымі з падрабязнай інструкцыяй, як іх зьбіраць для таго ці іншага выкладчыка.
Baj 00:00, 13/09/2005 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0338 seconds.