Першы фэст этнічнай музыкі «Вольнае паветра» пройдзе ў Крупках

З васьмі гадзінаў вечару да трох гадзінаў раніцы, з 15-га на 16-е ліпеня ў старажытным беларускім горадзе Крупкі пройдзе першы ў Беларусі фэстываль этнічнай музыкі “Вольнае паветра”.

Імпрэза, арганізаваная пры падтрымцы піва “Баброў” наўпрост на беразе мясцовай ракі Бобр, прапануе гасьцям фэсту дакрануцца да вытокаў музычных традыцыяў народаў Беларусі.

Арганізатары абяцаюць для гасьцей у гэтую ноч самы лепшы гук, самае лепшае сцэнічнае асьвятленьне і, канешне, ж, вядомыя ўдзельнікі канцэрту. “Тройца” і “Палац” дадатковага прадстаўленьня не патрабуюць. Іх падтрымаюць сваімі кампазыцыямі гурты Pete Paff, “Яр”, “Гуда”, а таксама бубначы з Drum Extasy, якія нададуць асаблівы калярыт этнічнаму гучаньню фэсту. «Вольнае паветра» “накрые” і мясцовых самабытных выканаўцаў народных песень, якія таксама возьмуць ўдзел у сьвяце.

Аўтарам ідэі фэсту выступіў лідэр гурту Pete Paff Піт Паўлаў:

Уласна для мяне этнічная музыка ёсьць камэртонам, паводле якога я наладжваю сваю музычную індывідуальнасць. У сучасным сьвеце, дзе кампутар замяніў большасьць звыклых, традыцыйных сродкаў камунікацыі, гуказапісу, а для шматлікіх музыкаў – нават і музычныя інструмэнты, я пільна прыслухоўваюся да таго, як гучала музыка раней. Гэта дазваляе ў кожны момант адчуваць грунт пад нагамі, заўсёды разумець сваю еднасьць з сусьветнымі музыкамі, гэтак і сваю унікальнасьць, беларускасьць”... 

Арганізатары першага фэсту этнічнае музыкі пры выбары месцу ягонага правядзеньня невыпадкова спыніліся на Крупках. Менавіта ў такіх, невялічкіх беларускіх мястэчках, што раскіданыя ўва ўсіх кутках нашае краіны, захоўваюцца найгалоўныя культурныя й жыцьцёвыя традыцыі нашага народу, ягоныя карані. Захаваць гэты самабытны культурны патэнцыял, і галоўнае, разьвіваць яго – гэта і ёсьць адна з асноўных мэтаў фэсту “Вольнае паветра”.

Мы жадаем зрабіць гэта сьвята штогадовым і праводзіць яго кожны раз у якім-небудзь новым месцы. Бо кожны з такіх невялікіх, падобных Крупкам, гарадкоў і месцаў нашай краіны – гэта сапраўдная невычарпальная крыніца культурных дасягненьняў і трыдыцыяў народаў Беларусі, крыніца талентаў нашай краіны. І талентаў ня толькі музычных – гэта крыніцы сілы нашага народу. Наша агульная задача, наша задача як арганізатара першага беларускага фэсту этнічнай музыкі, каб гэтая крыніца ніколі не сканчалася”, -- гаворыць прадстаўнік галоўнага спосара фэсту “Вольнае паветра” Сяргей Левін

Посткупальскае гучаньне фэсту, што адбіваецца і ў аздабленьні сцэны, і ў цэлым, ў атмасфэры, якая будзе панаваць у гэты дзень у Крупках, толькі падкрэсьлівае фальклёрны калярыт музычнага сьвята. Усе тыя, хто так і не адшукаў сваю “папараць-кветку” ў купальскую ноч, атрымаюць 15 ліпеня ўнікальную магчымасьць зьдзейсьніць тое шчэ раз. Для гэтага неабходна адно - даехаць да станцыі “Новае жыцьцё” (чыгуначны кірунак Менск-Ворша). Сцэнічная пляцоўка месьціцца ўва ўрочышчы “Ластаўкіны гнёзды” ўсяго ў 500 мэтрах ад станцыі, шлях пазначаны ўказальнікамі, гасьцей чакаюць і сустракаюць. Пачатак а 20-й гадзіне, уваход – вольны.

Самыя актыўныя могуць зарэгістравацца праз інтэрнэт на Тузіне Гітоў і атрымаць папярэднюю акрэдытацыю, якая надасьць магчымасьць атрымаць шмат прыемных сюрпрызаў. Астатнія госьці таксама ня будуць абдзеленыя ўвагай з боку арганізатараў.

Канцэрт мае здымацца на прафэсійнае відэа, а паводле ягоных вынікаў будуць выдадзеныя й паступяць у продаж кружэлкі з найлепшымі кампазыцыямі ўдзельнікаў гэтага музычнага сьвята.

За больш падрабязнай інфармацыяй зьвяртайцеся па тэлефонах: 6872093 і 7771904.

Аргкамітэт фэстывалю

14:54, 13/07/2006 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0659 seconds.