Абітурыенты ня ведаюць моваў?
Вынікі цэнтралізаванага тэставаньня горшыя, чым у мінулым годзе. Гэта пацьвердзілі нават прадстаўнікі Дзяржкантролю. Цяпер усе чакаюць ці зробяць сыстэму перавода ў 10-бальную сыстэму больш "мяккай"? Інакш атрымаецца, што ў ВНУ паступаюць "троечнікі".
Уступная кампанія гэтага года праходзіць незвычайна й экстрэмальна. Правілы прыёму былі зацьверджаныя вельмі позна, толькі напрыканцы зімы і ў нечаканым для большасьці выглядзе. Абітурыентам пакінулі толькі адну магчымасьць здаць тэст. Нечаканым сталася і тое, што выпрабаваньні для абітурыентаў пачаліся ледзь не на наступны дзень пасьля выпускных.
Сярэдні бал тэставаньня па расейскай мове - 33 бала з 100 магчымых. Палова абітурыентаў набрала менш 30 балаў. Звыш 70 - толькі 7%. Атрымаць вышэйшы бал змаглі толькі 4 абітурыента з 95 тысячаў, а па беларускай мове такіх не знайшлося зусім.
Прадстаўнікі Дзяржкантролю тлумачаць гэта "фактарам завочнікаў". З гэтага году на завочнае аддзяленьне можна паступіць толькі праз тэставаньне і толькі тым, хто працуе па профільнай спэцыяльнасьці. Суцяшае толькі тое, што вынікі тэставаньня нельга параўноўваць з школьнымі адзнакамі. Яны вартыя толькі адносна вынікаў іншых "канкурэнтаў".
Зараз усё залежыць ад шкалы перавода вынікаў тэста ў 10-бальную сыстэму. У
правілах напісана - тыя, хто атрымаў 0,1 і 2 бала, аўтаматычна выбываюць з
барацьбы за студэнцтва. Калі ж застанецца шкала мінулага года, усе хто атрымалі
менш за 18 балаў будуць чакаць наступнага года, каб ізноў спрабаваць свае сілы.
Колькі такіх людзей у гэтым годзе - невядома, бо афіцыйная статыстыка гэтыя
лічбы не называе. Улічваючы, што палова абітурыентаў не набрала 30 балаў, можна
ўявіць колькасьць няўдачнікаў. Такім чынам, альбо завочныя аддзяленьні
застануцца без студэнтаў, альбо шкала будзе нашмат мякчэйшай.