Палажэнне аб Савеце факультэта ВНУ


ПАЛАЖЭННЕ
АБ САВЕЦЕ ФАКУЛЬТЭТА ВЫШЭЙШАЙ НАВУЧАЛЬНАЙ УСТАНОВЫ

1. Агульныя палажэннi

1.1. Савет факультэта з'яўляецца прадстаўнiчым калегiяльным органам кiравання, якi ствараецца пры дэкане з мэтай вырашэння асноўных пытанняў дзейнасцi факультэта.

1.2. Галоўная задача Савета факультэта - аб'яднанне намаганняў калектыву факультэта на падрыхтоўку квалiфiкаваных спецыялiстаў, якiя спалучаюць высокую агульную культуру, маральныя якасцi, навуковую i прафесiянальную кампетэнтнасць.

1.3. Сваю дзейнасць Савет факультэта ажыццяўляе ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, нарматыўнымi дакументамi Мiнiстэрства адукацыi, Статутам вышэйшай навучальнай установы i дадзеным Палажэннем.

2. Паўнамоцтвы Савета факультэта

2.1. Савет факультэта:

- вылучае кандыдатуры для прызначэння на пасаду дэкана факультэта;
- абмяркоўвае пытаннi арганiзацыi вучэбна-выхаваўчага працэса, прымае рашэннi па пытаннях павышэння якасцi i эфектыўнасцi падрыхтоўкi спецыялiстаў, бакалаўраў i магiстраў;
- разглядае праекты па навукова-даследчых работах;
- зацвярджае тэматыку дыпломных работ, iндывiдуальныя планы аспiрантаў i тэмы кандыдацкiх дысертацый;
- разглядае распрацаваныя прафiлюючымi кафедрамi праекты вучэбных планаў i праграм, а таксама рабочыя вучэбныя планы i праграмы, якiя вызначаюць падрыхтоўку студэнтаў;
- заслухоўвае справаздачы дэкана факультэта i iншых службовых асоб аб арганiзацыйнай, вучэбна-метадычнай i навукова-даследчай рабоце на факультэце па вынiках работы за вучэбны год;
- разглядае пытаннi замяшчэння пасад прафесарска-выкладчыцкага складу i навуковых супрацоўнiкаў факультэта;
- прадстаўляе кандыдатуры ад факультэта ў Савет навучальнай установы i да прысваення вучоных званняў;
- уносiць прапановы ў Савет ВНУ па пытаннях развiцця вучэбна-матэрыяльнай базы, выкарыстання цэнтралiзаваных фондаў, якiя фармiруюцца за кошт адлiчэнняў ад яго падраздзяленняў;
- разглядае пытаннi матэрыяльнага забеспячэння, стымулявання працы супрацоўнiкаў i студэнтаў, прызначэння iмянных стыпендый студэнтам;
- вылучае кандыдатуры студэнтаў у мэтавую аспiрантуру.

2.2. Iншыя паўнамоцтвы Савета факультэта вызначаюцца Статутам ВНУ.

2.3. Тэрмiн паўнамоцтва Савета факультэта - не болей за 3 гады.

3. Склад i структура Савета факультэта

3.1. Савет факультэта фармiруецца ў складзе дэкана (старшыня), яго намеснiкаў, загадчыкаў кафедраў, а таксама прадстаўнiкоў адпаведнага камiтэта прафсаюза, прафесарска-выкладчыцкага складу i навуковых супрацоўнiкаў.

3.2. Структура i склад Савета факультэта вызначаюцца Статутам ВНУ. Прадстаўнiкi прафесарска-выкладчыцкага складу i навуковых супрацоўнiкаў павiнны складаць не менш за 75% ад агульнай колькасцi членаў Савета факультэта.

3.3. Прадстаўнiкi выкладчыкаў, навуковых супрацоўнiкаў i студэнтаў выбiраюцца ў структурных падраздзяленнях факультэта згодна з парадкам, якi вызначаецца Статутам ВНУ. Прадстаўнiкi прафсаюза прызначаюцца на пасяджэннi адпаведнага камiтэта прафсаюза.

3.4. Спiс членаў Савета факультэта зацвярджаецца загадам рэктара вышэйшай навучальнай установы.

4. Арганiзацыя дзейнасцi Савета факультэта

4.1. Для арганiзацыi работы Савета з лiку членаў прызначаецца сакратар Савета.

4.2. Работа Савета праводзiцца па плану, якi распрацоўваецца на навучальны год. План работы Савета зацвярджаецца рэктарам ВНУ пасля разгляду яго Саветам факультэта.

4.3. Рашэннi Савета па пытаннях арганiзацыйнай, вучэбнай i навуковай работы факультэта прымаюцца простай большасцю галасоў. Пры правядзеннi конкурсаў на замяшчэнне пасад прафесарска-выкладчыцкага складу i пры абмеркаваннi пытанняў аб прадстаўленнi да зацвярджэння вучоных або ганаровых званняў рашэннi Савета прымаюцца ў парадку, якi вызначаны адпаведнымi палажэннямi.

4.4. Пасяджэннi Савета праводзяцца не менш чым адзiн раз у месяц. Яны лiчацца паўнамоцнымi, калi на iх прысутнiчае не меней 2/3 спiсачнага складу Савета. Пасяджэннi Савета афармляюцца пратаколам. Пратаколы падпiсваюцца старшынёй i сакратаром Савета.

4.5. Рашэннi Савета ўступаюць у дзейнасць пасля iх зацвярджэння дэканам факультэта. Яны з'яўляюцца абавязковымi для ўсiх структурных падраздзяленняў i службовых асоб факультэта.

4.6. Старшыня Савета арганiзуе сiстэматычную праверку выканання рашэнняў Савета i iнфармуе аб гэтым членаў Савета.

МIНIСТЭРСТВА АДУКАЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
ЗАГАД
ад 22 сакавiка 1994 г. N 79

АБ ЗАЦВЯРДЖЭННI НАРМАТЫЎНЫХ ДАКУМЕНТАЎ ДЛЯ ВЫШЭЙШЫХ
НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОЎ

У адпаведнасцi з Законам "Аб адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь" ЗАГАДВАЮ:

1. Зацвердзiць:

1.1. Палажэнне аб Савеце вышэйшай навучальнай установы (дадатак 1);

1.2. Палажэнне аб факультэце вышэйшай навучальнай установы (дадатак 2);

1.3. Палажэнне аб Савеце факультэта вышэйшай навучальнай установы (дадатак 3);

1.4. Палажэнне аб кафедры вышэйшай навучальнай установы (дадатак 4).

2. Упраўленню ВНУ i педадукацыi (Галко Т.Я.) у месячны тэрмiн давесцi палажэннi да ведама ўсiх вышэйшых навучальных устаноў.

Мiнiстр
В.А.ГАЙСЁНАК



Раздрукаваць
 
In 0.0205 seconds.