Інсайдэрскія фотаздымкі з прасторы па-за сцэнай «Крамбамбулі» на суботняй прэзентацыі ў Вільні новага альбому «Чырвоны штраль».
Канцэрт складаўся з дзвюх частак: у першай новы альбом «Чырвоны штраль», у другой — найлепшыя песні, у тым ліку хіты «Госці», «Хочаш піва», «Абсэнт», а таксама «Тры чарапахі» ў фінале.
Песню «Глёрыя» Лявон Вольскі прысвяціў беларусу Алесю Чаркашыну, які загінуў, абараняючы незалежнасць Украіны ў неаб'яўленай расійска-ўкраінскай вайне.
Новы альбом «Крамбамбулі» атрымаў назву ў гонар віленскай кавярні пачатку XX стагоддзя, дзе сустракаліся дзеячы беларускага адраджэння. Праз сто год актывістам беларускага адраджэння, каб трапіць у Вільню, неабходна рабіць візу. Аднак візы, сотні кіламетраў і спакусы літоўскіх гандлёвых цэнтраў ніяк не стрымалі прыхільнікаў творчасці Лявона Вольскага, і танцпол віленскай канцэртнай залі Compensa быў поўным.