Фотаздымкі пра тое, як сяло Радацічы, што ў некалькіх дзясятках км ад Львова, прымала сёлета адзін з галоўных украінскіх фэстаў Zaxid.
Сярод хэдлайнераў былі заўсёднікі опэнэйраў гэтага лета беларусы з украінскай прапіскай Brutto, піянеры нямецкага харду – Oomph, амерыканцы з Il Nino, Воплі Відоплясова ды Matisyahu, які сваімі мілагучнымі рэгі-напевамі трохі супакойваў разварушаныя тысячы маладзёнаў у апошні дзень фэсту.
Zaxid прайшоў з водарам сонечнай і сяброўскай атмасферы: Brutto пасля свайго канцэрту браталіся з Il Nino, палякі пасля ўжо не першай шклянкі медавухі з братамі-украінцамі пачыналі яшчэ лепш разумець адзін аднаго і быць яшчэ бліжэй не толькі да культурнай інтэграцыі.
Сёмы Zaxidfest атрымаўся як мае быць. Нягледзячы на тое, што арганізатары гавораць пра перанос фэсту ў Польшчу налета, вельмі хочацца спадзявацца, што і ў наступным годзе, каб трапіць на Zaxid, беларусы паедуць на поўдзень.