Студэнты-мастакі прадстаўляюць альтэрнатыўны акадэмічнай адукацыі «Дыплом» у галерэі Ў

«Гары, акадэмізм, гары!» - пад такім слоганам студэнты-выпускнікі БДАМ прадставілі сваё бачанне праблем мастацкай адукацыі і ролі сучаснага мастака. Выстава «Дыплом» таксама з’яўляецца жэстам супраць беспраблемнай, марнай і пафаснай выставы ў гонар 70-годдзя акадэміі, якая замест аналіза сваёй гісторыі ўзнаўляе сваю кансерватыўнасць.

"Дыплом"- гэта групавая выстава, арганізаваная платформай "Факультэт Агітацыйнай Крытыкі" (ФАК) сумесна са студэнтамі-выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 2015 года: Алесяй Галота, Уладзімірам Грамовічам, Алесяй Жыткевіч, Алесям Кудрашовым, Глебам Аманкулавым і іншымі.

Факультэт агітацыйнай крытыкі (ФАК) створаны адмыслова для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і з’яўляецца дыстанцыйным факультатывам па тэорыі і гісторыі сучаснага мастацтва.

У першай лекцыі адукацыйнага курсу ФАК было пастаўленае пытанне "Навошта мастаку дыплом акадэміі?". Ужо с 1970-х гадоў студэнты БДАМ пачынаюць выказваць сваю незадаволенасць наконт якасці адукацыі, педагагічнай этыкі, недахопу ведаў пра сучасны культурны працэс і ігнараванне актуальнага кантэксту. Усё застаецца на сваіх месцах і дагэтуль: выкладчыкі акадэміі прымушаюць навострываць рамяство, цалкам ігнаруючы задачу падрыхтоўкі студэнтаў да прафесійнага жыцця пасля заканчэння ВНУ. Гісторыю і тэорыю мастацтва ХХ-ХХІ стагоддзяў, веды пра сучасныя практыкі і тэндэнцыі ў мастацтве і пра тое, як інтэгравацца ў прафесійную сферу, студэнты не могуць атрымаць нідзе, акрамя як праз паралельную самаадукацыю.

На выставе прадстаўленыя працы студэнтаў, якія скончваюць акадэмію ў гэтым годзе. Падчас правядзення праекта ў акадэміі мастацтваў пройдзе абарона дыпломаў гэтых студэнтаў. Выстава — гэта спроба адрэфлексаваць праблемы мастацкай адукацыі, трывалых міфаў пра майстэрства, геніальнасць і ўзноснае.

Фотарэпартаж з адкрыцця выставы

23 чэрвеня - 08 ліпеня 2015 года
12:00 – 22:00
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
пр. Незалежнасці 37А
Уваход вольны

Юра Сідун 25/06/2015

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.046 seconds.