Akute i The Toobes – два гурты новага пакалення беларускай музыкі, якія паслядоўна і паспяхова вырашаюць дзве зусім розныя, але падобна няпростыя задачы: стаць папулярнай камерцыйна-паспяховай альтэрнатыўнай камандай у Беларусі з беларускамоўнай музыкай і стаць камерцыйна-паспяховым праектам на Захадзе з ангельскамоўнай музыкай з Усходняй Еўропы.
Дагэтуль каманды мала перасякаліся на сцэнах, але аказалася, што аўдыторыі іх у Беларусі перасякаюцца вельмі шырока. Новая вялікая менская канцэртная пляцоўка Prime Holl, дзе праходзіў сумесны канцэрт гуртоў у чацвер 20 лістапада, заставалася даволі свабоднай, але дзяўчаты і хлопцы, што сабраліся пад сцэнай, увесь канцэрт аднолькава горача віталі абодва гурты.