«Рэквіем па Новым Годзе» ў Галерэі «Ў»

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адкрылася персанальная выстава Юры Шуста «Рэквіем па Новым Годзе».

Малады мастак зарганізаваў у памяшканні галерэі інсталяцыю з «рытуальнага ёршыку» — матэрыял, які выкарыстоўваецца для вырабу штучных навагодніх ёлак, а таксама для пахавальных вянкоў. Пошукі будучыні ў мінулым — так акрэслівае мастак мэсыдж сваёй працы. Зрэшты, на адкрыцці выставы Юра, на рэдкасць для мастакоў, дэталёва тлумачыў, як ён натхніўся на такі праект і што хоча ім паказаць. Таксама ў залі дэманструецца відэа з мінулагодняга прыезду творцы ў Менск, калі пасля навагодніх святаў гарадскія сметнікі зелянеюць выкінутымі зрэзанымі елкамі, якія яшчэ ўчора ззялі ўпрыгожваннямі па цёплых кватэрах.

Свята Новага Года – месца склейкі экзістэнцыяльнай пятлі, існуючае на сутыку былога і будучага і азначанае стрэлам феерверка, які спараджае новае жыццё калектыўнага цела. Новы Год з’яўляецца найбольш значным рытуалам, сумесным перажываннем у сучаснай праваслаўна-атэістычнай Беларусі. Свята, якое прыйшло з паганскага мінулага, трансфармавалася хрысціянствам і мадэрнізавалася савецкай сістэмай. Свята, якое сумяшчае ў сабе грамадскае і персанальнае, здымае нарастаючае напружанне ў соцыюме і праграмуе яго будучыню. Падзея, што адсылае да трансцэндэнтнага і набывае ўнікальнае значэнне ў існуючых беларускіх умовах як трыюмф парадку і дысцыпліны.

Елка, як асноўны атрыбут свята, мае падвойнае значэнне. Рытуальны сімвал, які суправаджае пачатак і канец, жыццё і смерць, у паганскай традыцыі елка з’яўляецца інтэрпрэтацыяй сусветнага дрэва, сумяшчае паўсядзённы і іншы свет.  Менавіта таму, у якасці базіснага элементу экспазіцыі прадстаўлены рытуальны ёрш, матэрыял, што сімулюе дрэва елкі. Гэты матэрыял, які выкарыстоўваецца для вырабу як навагодніх, так і пахавальных атрыбутаў, змешчаны ў кантэкст, вызвалены ад адназначных канатацый. З яршом звязаны шматлікія рытуальныя практыкі сучаснай Беларусі,  якія заклікаюць да цуду ў рамках перадвызначанасці.

Выстава працуе па 2 лютага 2014 года
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» | Мінск, праспект Незалежнасці 37а 
11:00 - 22:00 будні | 12:00 - 22:00 выходныя

Юра Сідун 11/01/2014

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.0899 seconds.