21 красавіка ў самым цэнтры Варшавы ў Кракаўскім прадмесці адбыўся канцэрт «Салідарныя з Беларуссю», арганізаваны пры дапамозе мэрыі Варшавы і ініцыятывы Вольная Беларусь. З беларускага боку на чатырохгадзінным канцэрце выступалі «Дзецюкі», «Крамбамбуля» і Лявон Вольскі, а з польскага былі Strachy na Lachy i Izrael.
Вёў «Салідарных» яшчэ ў мінулым годзе музыка, а цяпер ужо і актор Vinsent. Нягледзячы на не надта веснавое надвор’е, канцэрт сабраў некалькі тысяч чалавек: пераважна маладых палякаў.
Канцэрт ужо стаў традыцыйнай штогадовай падзеяй для Польшчы. Музычныя гурты звыкла звяртаюцца да палітычнай тэматыкі, а гледачы малююць на твары б-ч-б стужкі. Вопытныя наведвальнікі падобных імпрэзаў маглі заўважыць пэўнае звужэнне маштабу падзеі.