Дай дарогу панкам у белым!

Берасьцейскі панк-гурт «Дай дарогу!» зноўку сабраў паўнюткі клюб. Нагадаем, паўтары месяцы таму гурт «распакаваў» «Re:public» звышаншлягавым канцэртам. Здымак з шыльдай «Все билеты проданны» надоўга запомніцца тым менскім прыхільнікам, што вымушаныя былі супакойваць сябе піўной тусоўкай перад непрыступнымі дзьвярыма, з-за якіх глухім хорам даносілася недасяжнае сьвята.

Гэтым разам трапілі ўсе, хоць набілася зноўку народу так, што стэйдждайвэру ня было дзе ўпасьці. А ўнутры ўсё зіхацела і выносіла мозг. Хто дагэтуль лічыць, што панкі – спрэс адорвы ў памятых чорных шмотках нявызначанага ўзросту, няхай працірае манітор і ўглядаецца ў наш фотарэпартаж. Клюб запаланілі прыхільнікі ў цнатлівых белых цішотках, агульным хорам у прамежках паміж скокамі са сцэны падпяваючы кожны ўздых за Юрам Стыльскім, чыя шапка Санты выдавала тэму сьвята. Мусяць атрымацца файныя кліпы. А на заканчэньне – фэервэрк цукерак, і раён Кунцаўшчыны зноўку можа спаць спакойна.

Юра Сідун 16/12/2011

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.039 seconds.