"Адборышча-2006": знаёмства з S.D.M., Parason, РоСтра

Studenty.by працягвае знаёмства з гуртамі-прэтэндэнтамі на ўдзел у "Басовішчы-2006". Знаёмімся зь менскімі S.D.M., Parason і РоСтра. Інфармацыя пра гісторыю гуртоў, спадзевы на "Басовішча", mp3 - у матэрыяле Касі Сарокінай. 

S.D.M.
скачаць запіс "Чужы" (3,9Mb)  

Гурт утварыўся ў пачатку мінулага году. Удзельнікі яго – студэнты аднаго зь менскіх дзяржаўных унівэрсытэтаў. Пра гісторыю стварэньня гурта ейны лідэр Сірык кажа: "Яна простая і немудрагелістая: мы як тыя Рамэа і Джульета – знайшлі адзін аднаго". 

Цяжка паверыць, але S.D.M. – першы музычны досьвед для кожнага ўдзельніка гурта. Да сваёй творчасьці музыкі падыходзяць адказна, але з гумарам: "Прыкладна ў лютым 2005-га, - распавёў Сірык, - адбылася нашая першая рэпэтыцыя ў інтэрнаце нумар пяць. Там нам выдзелілі невялікі пакойчык "соцкультбыту". Зайгралі... ЖАХ! Гэта быў суцэльны жах, але ўсе ж калі-небудзь пачынаюць... :). Потым гралі на “вялікай” сцэне ўнівэру, пакуль нас, падчас ўсеагульнай падрыхтоўкі да выбараў адзінага ды вечнага, папросту не забаранілі ва ўнівэры: сьпяваем на роднай мове, значыцца зьяўляемся “чорт знает чэм”.

Як вынік – хлопцы прапусьцілі некалькі канцэртаў. Але яны не адчайваліся. “Не пераможаш нас!” – упэўніваюць хлопцы ў сваёй песьні “Ніколі” (хаця ў першапачатковай вэрсіі гучала “ХРЭН пераможаш нас! :) 

Пакуль галоўнымі сваімі дасягненьнямі S.D.M. лічаць зьяўленьне на разагрэве ў NRM, а таксама выступ на канцэрце "Паніхіда па Курту" 28 красавіка ў клюбе "Рэактар".

Склад гурта выглядае наступным чынам:
Сірык – сьпевы, рытм-гітара
Кібер – сола-гітара
Ваван – бубны
Ахмад – бас-гітара
 

Сірык, вакаліст, рытм-гітарыст: “Калі я толькі пачаў цікавіцца айчынным рокам ды ўвогуле беларускімі выканаўцамі, нават ужо тады я ведаў, што ёсьць БАСы. Удзел у гэтым найбуйнейшым фэсьце – гонар для любога гурта (асабліва, калі туды патрапіш :) ). Гэта вялікі і вельмі неабходны досьвед, гэта новая прыступка ў існаваньні любое каманды. Наш удзел у “Адборышчы-2006” - гэта, у першую чаргу, магчымасьць даказаць сабе самім, што мы хоць чаго-небудзь вартыя. Хочацца данесьці сваю творчасьць як мага большаму колу аматараў беларускамоўнай альтэрнатыўнай музыкі. Такі вось імпэт душы!” 

 
PARASON

Утварыўся гурт тры гады таму, але тады ён называўся bip. Празь некаторы час, калі на зьмену басіста і бубнача прыйшлі новыя музыкі, прыйшла ідэя зьмяніць і назоў на "Parason". На пытаньне, чаму менавіта "Рarason", гітарыст Віталь Зыблюк зазначыў: "Назва "Парасон" прыйшла выпадкова і не зьвязана з звышфілязофскімі тлумачэньнямі. Проста спадабалася і ўсё. Банальна, але праўда. Можна было б прыдумаць, што мы хаваліся ад восеньскай зьлівы пад вялікім Парасонам, граючы пры гэтым музыку, а потым, зразумеўшы, што менавіта парасон – наш ратаўнік ад усіх бедаў, назвалі так каманду, але гэта ня так". 

Першыя творчыя посьпехі, па словах музыкі, зьвязаныя з супрацай над дыскам "Ліцэй: веру ў цябе", а таксама з першым гастрольным турам па Польшчы (гэта было леташнім красавіком, за што асобную падзяку музыкі выказваюць Ігару Зныку).

Склад гурта наступны:
Віталь Зыблюк — лід-гітара
Андрэй “Карп” Карповіч (экс “Млын”, удзельнік гурта “Крона”) — вакал, гітара
Косьця Крыніцкі — бубны
Андрэй “Andrew” Восіпчык (экс-“Exist”(пераможца “Басовішча-1999”), экс-“Long Play”) — бас
Жэня Воўчак (“Kriwi”) — бэк-вакал.

Далей былі канцэрты сумесна з НРМ, Нейра Дзюбель, КРАМА і іншымі беларускімі гуртамі. Аматары беларускай рок-музыкі маглі пачуць Parason і на мінулагоднім "Басовішчы".

Гэты выступ пакінуў велізарную колькасьць уражаньняў і ў саміх "парасоншчыкаў". Вось, што распавядае пра гэта Віталь:

Па-першае, мы выступалі на адзіным фэсце беларускай музыкі, куды трапляюць толькі самыя лепшыя выканаўцы. Па-другое, мелі магчымасьць граць на супэр-крутым апараце. Па-трэцяе, нас прыемна зьдзівіла немалая колькасьць дзяўчат і хлопцаў пад сцэнай з парасонамі ў рукох. Па-чацьвёртае, менавіта на “Басовішчы” мы асэнсавалі свае недахопы і зразумелі, як палепшыць узровень нашай музыкі.

Самае ж горшае з таго, што мы зразумелі, дык гэта, бадай тое, што наша музыка не вельмі пасуе фармату фэстывалю, дзе перавага аддаецца больш жорсткай і цяжкой музыцы. Спадзяемся, што сёлета будзе ня так. І сёлета мы вырашылі даказаць, што модная эўрапейская музыка, а не толькі заезджаны хард-кор ды метал, мае права на існаваньне на такім фэсце, як “БАСовішча”.
Я лічу “БАСовішча” адзіным фэстам беларускай музыкі. Сам гэты факт ужо ўзносіць фэстываль у рамкі экслюзіўнага, чаканага, неверагоднага. Сёлета мы адчуваем у сабе сілы і досьвед для таго, каб перамагчы, таму і лічым наш удзел вартым.

На пачатак чэрвеня ў гурта заплянаваны выход каверу на сьпеў "Another Brick In The Wall part 2" гурта Pink Floyd у ангельскім трыбьюце. 


РоСтра

скачаць запіс "У вырай" (3,2Mb) 

У 2003 годзе творчыя пошукі 5 маладых людзей сустрэліся ў адзіным намаганьні знайсьці дастасаваньне ўласнаму адлюстраваньню рэчаіснасьці, адчыняючы выдатнае ў звычайным. Спачатку гурт быў выключна інструментальным, але з часам музыкі прыйшлі да высновы далучыць да музыкі і вакал.  

Свой стыль самі музыкі характарызуюць як арт-рок. “Творчасьць гурта - гэта выказаны музыкай стан (настрой) душы кожнага з музыкаў. Ён шматгранны, вольны і неабмежаваны нічым, у тым ліку рамкамі прыхільнасьці адному стылю. Інтэграваць элементы блюзу й року, дадаць трохі фолка на фоне незвычайнага спалучэньня дарбуккі й флейты дажджу… Магчыма, гэта АРТ-РОК.
Напэўна, гэта стыль Ростры
,” – кажуць музыкі пра сваю творчасьць. 

Аснову значнай колькасьці кампазыцыяў гурта складаюць уласныя тэксты. Акрамя таго, шэраг твораў напісаныя на вершы клясыкаў беларускай літаратуры - Янкі Купалы й Ларысы Геніюш. Гуртом плянуецца й далейшае выкарыстаньне клясычных тэкстаў у сваёй творчасьці.

Першы канцэрт на шырокую публіку адбыўся 28 траўня 2005 года ў клюбе «Акварыюм». Да гэтага  пра водзіліся разнастайныя «кватэрнікі» й невялікія канцэрты. Затым акустычныя канцэрты ў рамках творчага аб'яднаньня РЭЗАНАНС, удзел у фэстах «Ярмарка здоровья» на Нёмане, «Крэўскiя камянi» у Крэва,  «Оттепель», выступ у клюбе «Графіці» й на прэзэнтацыі трыб'юта Л. Геніюш «Жыць для Беларусі» - невялікія, але ўпэўненыя крокі насустрач новым гарызонтам.

Такім чынам, сёньня "РОСТРА" гэта:
Казлоў Эдуард - гітара, тэксты, варган, саундпрадусэр
Карпоўская Анастасія - вакал, флейта,  акарына
Русецкі Уладзімір - гітара, вакал, тэксты
Карпоўская Марына - перкусія, вакал
Колтун  Аляксандр - бубны, бонга, дарбука
Леўкавец Яўген - бас-гітара
Галаўнеў Аляксандр -  клявішы
Папрацінская Вольга – мэнэджэр

Эдуард: "Пра тое, што ўжо колькі год запар праходзіць "Басовішча", мы даведаліся даўно – гэтак даўна, калі гурт наш яшчэ і не існаваў. Але ўдзельнічаць у адборачным канцэрце зьбіраемся ўпершыню. "Басовішча" – выдатная пляцоўка для таленавітых беларускіх рок-гуртоў, а таксама магчымасьць атрымаць досьвед выступаў. У Беларусі ж цяжка выступаць, асабліва калі сьпяваеш па-беларуску. На фэсьце хочацца пазнаёміцца з добрымі музыкамі, сустрэцца зь сябрамі і, канешне, досьведу набрацца. Спадзяемся – выступім добра!"

Падрабязьней пра гурт - http://rostra.info/.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.