Знаёмімся з прэтэндэнтамі на ўдзел у "Басовішчы-2006" гуртамі ZigZag, Relikt i PunKrot

Studenty.by распачынае сэрыю матэрыялаў пра маладыя гурты, што падаюць заяўкі на ўдзел у конкурснай частцы фэсту “Басовішча-2006”. Кася Сарокіна апытала ZigZag, Relikt, PunKrot пра іх спадзяваньні на Басовішча. Самыя цікаўныя могуць скачаць mp3 для больш шчыльнага знаёмства з гуртамі. Прыём дэмак працягваецца да 28 траўня

ZigZag
скачаць запіс "Кастрычнік-2" (4.686 Kb)
 

Заснавальнік гурта Ігар Загумёнаў. Пачыналася ўсё зь яго жаданьня стварыць сольны праект, Ігар і сцэнічны псэўданім сабе прыдумаў – ZigZag. І менавіта так з 2003 года пачаў называцца гурт. 

Дэбютаваў ZigZag з кліпам на песьню “Кастрычнік” па цікаваму супадзеньню менавіта ў кастрычніку 2003-га. Кліп тады заняў першае месца ў “Кліп-абойме”.

ZigZag можна пабачыць і пачуць на розных альтэрнатыўных тусоўках, тэлеперадачах і ў ратацыях радыёстанцый.

Пасьля прэмьеры ангельскамоўнай песьні “Mine-Free World” на гала-канцэрце ў Кеніі ў 2004-ым, ZigZag атрымаў прапанову аб удзеле ў міратворчым туры па Афрыцы (!).

Напачатку 2005 года ZigZag запісалі альбом “Bionic@”. Пасьля чаго Аўтарадыё намінавала гурт на беларускую “Песьню года”, але яго не ўключылі, прызнаўшы “альтэрнатыўна-рокавым”, то бок нефарматным. Па словах лідэра Ігара Загёмёнава ZigZag увесь час экспэрымэнтуе са стылямі. “Стыль для нас – толькі сродак для перадачы пэўных вобразаў”, – кажа Ігар. ZigZag бачыць сябе паміж альтэрнатыўным рокам сярэдняй цяжкасьці і рока-попсам.  

Сьпевы ZigZag чула ня толькі Беларусь, але і Шатляндыя, Кіпр, Расея і іншыя краіны. Сярод апошніх дасягненьняў гурта – удзел у стварэньні складанкі сьпеваў на вершы Ларысы Геніюш

 

Склад гурта ўвесь час зьмяняецца і на сёньняшні дзень  выглядае так:

Ігар Загумёнаў – сьпеў, музыка, тэксты
Сяргей Воўк – клявішы
Аляксей Яфрэменка – бубны
Аляксандар – бас
Сяргей Жылінскі – музыка, і ён, хутчэй за ўсё, заменіць сыйшоўшага гітарыста

Ігар, лідэр гурта: “Мы ўжо прымалі ўдзел у “Басовішчы” у 2003-ім, але тады ZigZag’ам яшчэ не называліся. У мінулым годзе нам прапанавалі ўдзельнічаць у адборачным туры, але папрасілі максымальма “уцежаліцца”. Але пасьля выступу сказалі: “На жаль,  ZigZag усё ж чакалі пачуць такім, якім ведалі па электроннаму альбому” :) 

Было б клясна, каб у гэтым годзе фэст прайшоў на новым – больш якасным – узроўні. Ну а мэта наша – непасрэдна сам удзел. Поп цікава рабіць у студыі, граць поп на сцэне – сумнавата. Хочацца выступіць менавіта на рок-сцэне, але ў Беларусі гэта атрымоўвацца ўсё радзей і радзей.

Ну а пераможам ці не – гэта другое пытаньне. Галоўнае – паказаць клясны і  жывы выступ!” 

 

Relikt
скачаць запіс "Вочы" (3.7Mb)


Узрост у сьветлагорскага гурта Relikt ужо не дзіцячы – сем год. За гэты час склад ягоны зьмяняўся ня раз. Зьмяняўся і стыль выкананьня – напачатку хлопцы гралі нешта падобнае да Nirvana, але прыкладна з 2001 года – як сьцьвярджаюць самі музыкі – уплыў гэтага гурта назаўжды пакінуў межы калектыва. 

Адзінае, што заставалася нязьменным, – незвычайны назоў гурта. У перакладзе Relikt гучыць, як “старая рэч” – хлопцы граюць своеасаблівае “рэтра” (грандж і інш.)

У тым жа 2001-ым адбыўся дэбютны канцэрт, прысьвечаны пяцігодьдзю сьветлагорскага рок-клюба.

І праз некаторы час Relikt ужо граў на рок-пляцоўках Віцебска (Hard Life Heavy Music Fest), Мазыра, Магілева, Гомеля, Берасьця і іншых гарадоў.

 

У гурце граюць пяцёра музыкаў ва ўзросьце ад 20 да 23 гадоў. Прычым вакалістаў два: адзін зь іх толькі сьпявае, а другі яшчэ й грае на гітары. На сёньняшні дзень склад гурта наступны:

Вадзім Шакін – сьпеў, гітара
Ягор Любічаў – гітара
Дзяніс Іванашчук – бас
Уладзімер Казлоў – сьпеў
Аляксандар Дзямідзенка – бубны 

Уладзімер, вакал: “Пра “Басовішча” мы даведаліся ня так даўна – усяго год таму. І вырашылі – спрабаваць будзем! Не абышлося, канешне, і без вядомай няўпэўненасьці. Выклікана яна была збольшага тым, што рэпэтуем мы ня так часта, як хацелася б: гурт жа, можна сказаць, “інтэрнацыянальны” – толькі адзін з нас увесь час жыве ў Сьветлагорску. Два музыкі навучаюцца ў Менску, два – у Гомелі. Але, нягледзячы ні на што, спадзяюся –  усё ў нас атрымаецца. Канешне, хацелася б паказаць сябе на фэсьце, але для нас ня гэта галоўнае. Нашмат важней – пазнаёміцца зь іншымі музыкамі, пагутарыць зь імі і падзяліцца досьведам”. 

 

PunKrot
скачаць запіс "І прыйдзе" (2.4Mb)  

Свой Дзень Народзінаў гурт PunKrot зьбіраецца адзначаць штогод васемнаццатага лютага. Менавіта ў гэты дзень мінулай зімы вакаліст “Багны”, пасьля ейнага нечаканага развала, зразумеў: трэба ствараць новы гурт! Вырашыў – і зрабіў.

Хлопцы не гублялі дарма час: ужо на наступны дзень, маючы за плячыма ўсяго адну рэпэтыцыю, яны выступалі на “АльтФэстБелМуз2”.

Пасьля іх запрасілі паграць у клюбе “68”. Узрадаваныя посьпехам, хлопцы вырашылі запісаць першыя дэмкі.

Цэлы месяц PunKrot упарта рэпэтавалі і вось 31 сакавіка – невялікі канцэрт у адной зь менскіх школаў.

22 красавіка музыкі выступалі ў межах “Панк-рэвалюцыі” у клюбе “68”.

Са словаў саміх музыкаў PunKrot грае панк-мэтал, панк-рок, хэві-мэтал і – час ад часу – прасочваецца і блэк.

Ня гледзячы на зусім непрацяглае існаваньне гурта, ягоны склад неаднаразва зьмяняўся, ўдасканальваўся і зараз выглядае наступным чынам:

Krot – сьпеў, гітара
Dron – бубны
Carabin – бас
Jack Daniels – гітара
Don Jagoro – бубны 

Krot, вакаліст: “Пра існаваньне “Басовішча” я ведаю ўжо даўна – нават калісьці і “Багна” спрабавала патрапіць на яго. Узрост у нашага гурта невялікі, але кожны з музыкаў мае музычную адукацыю. Таму і вырашылі – абавязкова трэба спрабаваць! А для гэтага будзем рэпэтаваць, рэпэтаваць і яшчэ раз рэпэтаваць. 

Для нас “Басовішча” – рэальная магчымасьць набрацца досьведу для выступаў, а калі пашанцуе – і раскруціцца :). Упэўнены, усё будзе добра: і надвор’е будзе выдатным, і журы –  справядлівым”.


___________________________________________________

Studenty.by будзе працягваць азнаямленьне з гуртамі, што падаюць заяўкі на ўдзел у конкурсе на  "Басовішчы-2006". Збор заявак працягваецца да 28 траўня.

Нагадаем, заяўка ад гурта на ўдзел у конкурснай праграме "Басовішча" мусіць уключаць запіс адной (ці болей) песень па-беларуску на CD-носьбіце. Да таго ж абавязковымі ўмовамі зьяўляюцца наяўнасьць 20-хвіліннай музычнай праграмы на беларускай мове, а таксама ўдзельнікі гуртоў на момант правядзеньня адборачнага канцэрту мусяць мець у пашпартох штампікі з дазволам на выезд за мяжу

Адрэсу, на якую патрэбна дасылаць дэма-запісы, можна даведацца, патэлефанаваўшы па нумарох (+029) 6855239 ці (+029) 2646974 (Сяржук). Альбо ў Менску кружэлкі з запісамі можна перадаць, скантактаваўшыся папярэдне праз тыя ж нумары. Уся інфармацыя пра "Басовішча-2006" праз нумар (+029) 6530595 (Воля).
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0709 seconds.