Акцыя салідарнасьці зь беларускімі студэнтамі “Students Against Dictatorship”

Эўрапейцы ўважліва сочаць за сытуацыяй вакол правоў студэнтаў у Беларусі. Сёньня, калі беларускія студэнты разам зь іншымі грамадзянамі краіны выйшлі на Чарнобыльскі шлях, студэнты з розных куткоў Эўропы падтрымалі  нас і выказалі сваю салідарнасьць. У многіх краінах адбыліся акцыі салідарнасьці ў межах агульнай кампаніі “Students Against the Last Dictatorship in Europe”.

Падзеі апошніх месяцаў, калі студэнтаў беспадстаўна выключалі з унівэрсытэтаў, арыштоўвалі падчас мірных акцыяў пратэсту, саджалі на суткі ў турму, а пасьля яшчэ прымушалі каяцца публічна за сваю пазыцыю, не засталіся без увагі і сярод студэнтаў Эўропы.

Вугоршчына

Насупраць амбасады Беларусі ў Будапешце ў 16:00 мусіла пачацца студэнцкая дэманстрацыя ў салідарнасьць зь беларускімі студэнтамі. Дэманстрацыя скліканая нацыянальнай студэнцкай арганізацыяй HOOK ў адказ на заклік ESIB – the National Unions of Students in Europe падтрымаць студэнтаў у Беларусі.

Галяндыя

Насупраць амабасады Беларусі ў Амстэрдаме прадстаўнікі нацыянальнай студэнцкай арганізацыі LSVb арганізуюць акцыю, падчас якой яны перад будынкам амбасады выставяць намёт, які сымбалізуе салідарнасьць з тымі, хто стаяў на Кастрычніцкай плошчы пасьля выбараў і трапіў за гэта пад дубінкі і за краіты.

Нямеччына

Актывісты студэнцкай арганізацыі FZS, якая супольна з аддзяленьнем міжнароднай арганізацыі Amnisty international ня раз ужо ладзіла акцыі ў падтрымку правоў чалавека ў Беларусі, зладзяць акцыю салідарнасьці на галоўнай плошчы Бону – Münsterplatz – з мэтай прыцягнуць ўвагу грамадзтва да праблемаў беларускіх студэнтаў.

Шматлікія студэнцкія арганізацыі ў гэты дзень рабілі асобныя прэсавыя кампаніі па праблемах студэнтаў у сёньняшняй Беларусі, бо неабходна заўважыць, што дагэтуль шмат дзе ў Эўропе проста ня ведаюць, што адбываецца ў суседняй эўрапейскай краіне.

Такія прэсавыя кампаніі, напрыклад, праведзеныя ў найбольш аддаленых кутках Эўропы: Ісляндыі, Партугаліі, Мальта, Кіпр.

Студэнцкая арганізацыя Кіпру – POFEN таксама сёньня даслала на адрас кансулату Беларусі ліст у падтрымку беларускіх студэнтаў з асуджэньнем уціску, які на іх робіцца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.