У Лёндане адбылася 10-я Эўрапейская студэнцкая канвэнцыя арганізаваная ESIB

13-16 сьнежня 2005 года ў Лёндане (Вялікабрытанія) адбылася 10-я Эўрапейская студэнцкая канвэнцыя. У межах яе тэмы “Беручы вышэйшую адукацыю на трэці ўзровень” студэнты Эўропы абмяркоўвалі пытаньне сувязі паміж дактарантурай і вышэйшай адукацыяй. У працы канвэнцыі удзельнічала Тацяна Хома.

Пытаньне дактарантуры і сувязі паміж вышэйшай адукацыяй і навуковымі дасьледаваньнямі паўстала ў межах выкананьня Балоньскага працэсу (БП) на апошнім саміце эўрапейскіх міністраў адукацыі ў Бэргэне (Нарвэгія) ў траўні гэтага года. Але ж  БП не зьяўляецца адзінай арэнай для абмеркаваньня гэтага пытаньня. Добрай жа пазыцыі студэнтаў аб ролі і ўзаемасувязі навуковых дасьледаваньняў і вышэйшай адукацыі пакуль не існуе. Абмеркаваньню гэтага і была прысьвечана канвэнцыя.Канвэнцыя распачалася двума сэкцыямі на тэмы “Пераадольваючы перашкоды дактарантуры і навуковых дасьледаваньняў” і “Першынства ў навуцы – Хто лепшы? – Мэханізмы фінансаваньня навукі”.

Удзельнікі канвэнцыі, якія прадстаўлялі разнастайныя студэнцкія арганізацыі Эўропы, удзельнічалі ў працоўных групах па чатырох тэмах:

  • Эўрапейская навуковая прастора і Эўрапейская прастора вышэйшай адукацыі.
  • Праграмы навучаньня на доктарскай ступені.
  • Фінансаваньне навуковых дасьледаваньняў.
  • Прадстаўніцтва студэнтаў-дасьледчыкаў, доступ і роўнасьць падчас 3 ступені адукацыі.

Ня гледзячы на складанасьць абмяркоўваемых тэмаў, для большасьці студэнцкіх зьвязаў Эўропы пытаньне навуковых дасьледаваньняў і вышэйшай адукацыі зьяўляецца новым.

Праведзеная канвэнцыя і была прызначана задаць пачатак такому абмеркаваньню для выпрацоўкі цьвёрдай пазыцыі студэнтаў на эўрапейскім узроўні.

Падчас заключнай сэкцыі, дзе былі прэзэнтаваныя і абмеркаваныя вынікі дыскусіяў у працоўных групах, удзельнікі канвэнцыі пагадзіліся, што ESIB, як і студэнцкія зьвязы-сябры, мусяць займацца гэтым пытаньнем. Хоць пакуль што яно ня мае першачарговай прыярытэтнасьці, тэму дактарантуры і навуковых дасьледаваньняў можна прасачыць ва ўсіх іншых накірунках, якімі займаецца ESIB. 

На жаль прадстаўнікі студэнтаў Беларусі ня здолелі прысутнічаць на дадзенай канвэнцыі з-за складанасьцяў выезду студэнтаў Беларсі за мяжу наагул. Тым ня менш у канвэнцыі прысутнічаў адзін чалавек зь Беларусі – абраная сябра рады ESIB на 2006 год Тацяна Хома, якую выключылі 25 лістапада менавіта за "самавольны выезд за мяжу", калі яна ўдзельнічала ў іншай падзеі, арганізаванай ESIB.

Канвэнцыі праводзяцца ESIB – Нацыянальныя студэнцкія зьвязы ў Эўропе кожны сэмэстар у краіне, якая зьяўляецца прэзыдэнтам у Эўразьвязе. Наступная канвэнцыя пройдзе ў Аўстрыі ў сакавіку 2006 і будзе прысьвечана ўзаемасувязі паміж Лісабонскім і Балоньскім працэсамі. 

vojur 09:40, 20/12/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.