Выключэньне Тацяны Хома з БДЭУ выклікала хвалю абурэньня сярод беларускіх студэнтаў і эўрапейскіх структураў (падрабязьнасьці)

Студэнтка 4 курса міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ Тацяна Хома выключаная з унівэрсытэта 24 лістапада загадам рэктара У.М. Шывама. Тацяна зьяўляецца адной зь лепшых студэнтак факультэта, ніколі ня мела заўвагаў з боку адміністрацыі ўстановы. 11 лістапада Тацяна Хома ў французскім горадзе Рэймс была абраная ў кіраўніцтва буйнейшай эўрапейскай студэнцкай арганізацыі “ESIB – Нацыянальныя студэнцкія аб’яднаньні Эўропы”. Тацяна стала першай асобай з Усходняй Эўропы, якая заняла такую пасаду. Прычынай выключэньня студэнткі-выдатніцы пазначаны факт яе “самавольнага выезду ў Францыю” і знаходжаньне там на працягу трох дзён у час навучаньня.

У загадзе адміністрацыі гаворыцца: “адміністрацыяй унівэрсытэту выяўлены факт самавольнага і беспадстаўнага выезду студэнткі Тацяны Хомы ў Францыю і знаходжаньня яе ў гэтай краіне ад 11 да 14 лістапада 2005 году ў пэрыяд вучэбных заняткаў. Улічваючы складаную ўнутрыпалітычную сытуацыю і ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў гарадах Францыі, учынак студэнткі Т.Хомы мог прывесьці да непрадказальных трагічных вынікаў. Паводзіны названай студэнткі неабходна кваліфікаваць ня толькі як надзвычай грубае (і ўжо ня першае) парушэньне правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэту, але і як адкрытую непавагу да БДЭУ як арганізацыі, якая нясе юрыдычную і маральную адказнасьць за забесьпячэньне бясьпекі студэнтаў у працэсе навучаньня”.

Дэкану факультэта міжнародных эканамічных адносінаў, дзе яна навучалася, аб'яўленая вымова "за неналежнае выкананьне сваіх службовых абавязкаў у частцы кіраўніцтва выхаваўчай работай на факультэце".

Студэнты і выкладчыкі БДЭУ абураныя раптоўным выключэньнем адной зь лепшых студэнтак факультэта. Тацяна мяркуе, што падставай да такой радыкальнай меры як выключэньне стала насьцярожанасьць адміністрацыі да абраньня студэнткі ў кіраўніцтва эўрапейскай студэнцкай арганізацыі. У дзень выключэньня ў дэканаце зь ёй размаўляў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам “выхаваўчага аддзелу”, але не назваў сваё прозьвішча. На працягу гадзіны ён распытваў у Тацяны аб ESIB, фінансаваньні арганізацыі, пазыцыі адносна Беларусі.

Праўленьне ESIB на чале зь дзейнай старшынёй Ваняй Івошавіч (Vanja Ivošević) з просьбаю зьвярнуць ўвагу на праблему Тацяны Хома і парушэньня правоў студэнтаў у Беларусі і накіраваць адпаведныя лісты ў рэктарат БДЭУ зьвярнулася да сваіх эўрапейскіх партнэраў. Сярод іх: Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў, ЮНЭСКО, Міжнародная адукацыя (Education International), Эўрапейскі моладзевы форум і іншымі структуры. Таксама аб сытуацыі ў Беларусі паведамленыя Савет Эўропы і Эўракамісія. АБСЭ узялося дасьледваць выключэньне Тацяны Хома і адсочваць сытуацыю з выключэньнямі студэнтаў у Беларусі надалей. Georg Winckler, рэктар Венскага ўнівэрсытэта, кіраўнік Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў (EUA), куды ўваходзіць і БДЭУ, зьвярнуўся да рэктара Шымава з просьбаю перагледзець рашэньне аб выключэньні Тацяны Хома. Міністар адукацыі Швэцыі Leif Pagrotsky заклікаў рэктара БДЭУ перагледзець рашэньне адносна студэнткі, выказаўшы, што такія выключэньні зьяўляюцца парушэньнем асноўных дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека. “Пазыцыя швэдзкага ўраду палягае ў тым, што студэнцкая актыўнасьць і ўплыў мусяць толькі заахвочвацца,” – падкрэсьліў у сваім лісьце сп.Пагроцкі.

Нарвэжскія студэнты стварылі інтэрнэт-старонку ў падтрымку Тацяны Хома. За двое сутак працы старонкі больш 2 000 прадстаўнікоў больш чым 40 краінаў сьвету падпісаліся ў падтрымку беларускай студэнткі.

Заўтра Тацяна Хома зьбіраецца падаць скаргу ў Міністэрства адукацыі з просьбаю адмяніць загад рэктара аб выключэньні. Згодна зь інструкцыяй Міністэрства адукацыі аб выключэньні студэнтаў парушэньне правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэта можа быць прычынай выключэньня толькі ў выпадку сыстэматычнасьці парушэньняў. У выпадку Тацяны выключэньне адбылося без уліку яе добрых паводзінаў і выдатнай пасьпяховасьці. Тацяна гатовая змагацца за сваё права навучацца, нават калі спатрэбіцца зьвяртацца ў суд.

Выключэньне студэнткі-выдатніцы за тры дні прапушчаных заняткаў выклікала вялікі рэзананс сярод беларускіх студэнтаў. Салідарнасьць з Таняй Хома абмяркоўваецца на буйнейшых інтэрнэт-рэсурсах. З розных куткоў Беларусі студэнты прапануюць праводзіць акцыі студэнцкай салідарнасьці і пачынаць збор подпісаў у падтрымку Тацяны Хома і супраць уціску на студэнтаў у Беларусі. За тры дні, мінулыя з моманту агучваньня загаду, Тацяна атрымала болей 200 лістоў падтрымкі. У інтэрнэце студэнтамі, якія незнаёмыя з Тацянаю Хома, але салідарныя зь ёю, распачаўся збор подпісаў у яе падтрымку і супраць рэпрэсіяў на студэнтаў па палітычных матывах. 

 

Гл. таксама:

Attachment 1 - ESIB letter 1 on the Human Rights Violation of ESIB Executive Member in Belarus.pdf

Attachment 2 - ESIB letter 2 on the Human Rights Violation of ESIB Executive Member in Belarus.pdf 

Attachment 3 - ESIB letter to the Rector of BSEU.pdf 

Attachment 4 - EUA Letter to the Rector of BSEU.pdf 

Attachment 5 - FAGE & UNEF Letter to French Universities .pdf

Attachment 6 - FZS - Support Letter.pdf 

Attachment 7 - HRK _Germany_ letter to Rector of BSEU.pdf 

Attachment 8 - LSVB - Letter of Support.pdf 

Attachment 9 - KSU - Support Letter.pdf 

Attachment 10 - Swedish Ministry's Letter to the Rector of BSEU.pdf

Attachment 11 - Letter by University of Ljubljana (Slovenia) to BSEU.jpg 

Attachment 12 - VVS - Letter of support.pdf

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.