Абрады Палесся, усходняй і цэнтральнай Беларусі на фотавыставе «Этнавандроўкі»

4 лютага (чацвер) а 19.00 адбудзецца адкрыццё фотавыставы Алены Ляшкевіч «Этнавандроўкі» на офісе РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» (К. Лібкнехта, д. 112, уваход з боку, супрацьлеглага ад пад’ездаў, р-н метро Грушаўка).

На выставе – фота з паездак 2013 – 2015 гг. У большасці выпадкаў гэта выезды, звязаныя з правядзеннем каляндарных абрадаў на Палессі, ва Усходняй і Цэнтральнай Беларусі. Гэтыя абрады – наша жывая спадчына, якая захавалася праз тысячагоддзі, нягледзячы на хрысціянізацыю і саветызацыю, барацьбу з паганствам і рэлігіяй: Мікола і Варвара, Каляды, Масленка, Юр’я, Страла…

На адкрыцці выступяць барды Яўген Барышнікаў (пераможца Бардаўскай восені), Цімох Авілін (аўтар кнігі “Этнаастраномія”), Павал Сілівончык, гурты “Кудмень” і “Рутвіца.

Алена Ляшкевіч каментуе:

«Гадавое кола ў фотаздымках пакуль няпоўнае, як і геаграфія. Затое колькі яшчэ мясцін, куды паехаць! Я ўдзячная Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству, прыватна Ірыне Мазюк і Аляксею Глушко за прыклад працы “ў полі”, Беларускай асацыяцыі журналістаў і прыватна Сяргею Балаю – за навучанне “лавіць момант” на фотакурсах. Няхай здымкі пакуль недасканалыя тэхнічна і не складаюцца ў фотагісторыі, але гэтая выстава для мяне вельмі істотная. Яна з’яўляецца крокам наперад да самастойнай працы, што я лічу, з аднаго боку, мэтай, і, з іншага, – пачаткам паглыбленнага этналагічнага даследавання».

Фотавыстава будзе працаваць да 28 лютага. Яе можна паглядзець з 19.00 да 21.00 па буднях і з 10.30 да 13.00 ў суботу. Лепш папярэдне патэлефанаваць, 8029 748 61 41, Алена.

Таксама: серыя артыкулаў Алены Ляшкевіч на Generation.by «Этнавандроўкі»


13:27, 21.01.2016 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0468 seconds.