Што пакаленне Z убачыла ў офісах найбуйнейшых беларускіх IT-кампаній

Рэпартаж пра тое, як беларускія школьнікі хадзілі ў госці да Wargaming, EPAM i Viber.

У канцы 90-х на ТВ былі асабліва папулярныя рамантычныя гісторыі пра чарговага таленавітага хакера-падлетка, што ўзламаў камп'ютарную сістэму банка ці распрацаваў чароўную праграмку. Нехта з тых кампутарных вумнікаў знік з далягляду разам з тэлебачаннем, а хтосьці, як Марк Цукерберг, гадуе мільярдны бізнес ды заводзіць у 2015 годзе дзетак. Тым часам наступнае пакаленне нядаўніх дзетак перайшло ў статус ціноў і пакрысе выкрывае свае амбіцыі. Яны не ведаюць свет без інфармацыйных тэхналогій і слова магнітафон трымаюць разам з радыёлай і паціфонам на адной палічцы архіву гісторыі.

Мінскі бізнес-клуб Imaguru, адна з асноўных мэтаў якога стварэнне ўрадлівай глебы для стартапаў дарослых хлопчыкаў і дзяўчат, са студзеня 2015 года заняўся гадаваннем падлеткаў. У праект IT TEEN GURU прыходзяць школьнікі на час вакацый і за тыдзень з дапамогай дарослых ментараў ахопліваюць разуменне бізнесу ў беларускай індустрыі.

Юныя ўдзельнікі шасцідзённага курсу асвойваюць механізмы стварэння інавацыйнага прадукту, каб на заключным этапе прадставіць свае ўласныя прадукты ментарам і бацькам. За гэты тэрмін дзеці вучацца асновам праграмавання, даведваюцца пра адкрытыя ключы поспеху беларускіх кампаній і завітваюць да іх у госці, дзе маюць магчымасць паразмаўляць з заснавальнікамі і топ-менеджарамі.

«TEEN GURU – гэта школа прадпрымальніцтва для падлеткаў, створаная для таго, каб дапамагчы дзецям развіць прадпрымальніцкае мысленне, камунікатыўныя навыкі, уменне працаваць у камандзе і прадстаўляць свой прадукт і, што не меней важна, для таго, каб падлеткі ўжо ў школе змаглі зразумець, чым яны жадаюць займацца ў будучыні, якую прафесію абраць», – распавядае Generation.by каардынатарка праекту Надзея Пуцята

У госці да кампаній EPAM, Viber і Wargaming пад час мінулых восеньскіх вакацый школьнікаў далучыўся і Generation.by.

Па заканчэнні курсу школьнікі прадставілі свае праекты. Перамогу атрымала фінансавая тэма.

Праект-пераможца:

Pocket Money – кішэнныя грошы для школьнікаў у бранзалеце. Працуе па прынцыпе электронных карт. На рахунак дзіцяці перакладаюцца грошы з карткі бацькоў, і ён можа разлічвацца з дапамогай свайго бранзалета ў крамах, пры гэтым з дапамогай прыкладання на тэлефоне бацькі могуць бачыць, што набывала іх дзіця і кантраляваць гэтыя пакупкі. Акрамя таго, гэта зручней, чым звычайныя грошы, бо бранзалет складана згубіць.

Другое месца:

Прыкладанне для аматараў роварных паездак. Утрымоўвае ў сабе мапу веладарожак і зручных маршрутаў для веласіпедыстаў, па іх можна пракладаць шлях, як у межах Менска, так і па ўсёй Беларусі. Таксама на мапе адлюстраваныя ўсе крамы і кавярні з велапаркоўкамі, месцы, дзе можна парамантаваць свой ровар. Ёсць і тэхнічная падтрымка, якая дапамагае знайсці прычыну паломкі, а таксама, калі непаладкі адбыліся ў дарозе, можна размясціць у аплеце статус SOS з падрабязнасцямі. І гэту просьбу ўбачаць усе ўладальнікі гэтага прыкладання.

Трэцяе месца:

Прыкладанне, з дапамогай якога можна замовіць ежу і аплаціць яе яшчэ да прыезду ў кавярню ці фастфуд-кропку. Такім чынам, не трэба стаяць у чарзе ці чакаць, пакуль прыгатуюць замову. Кліент прыходзіць ўжо на ўсё гатовае.

Атмасфера ў кожнай кампаніі індывідуальная:

фотарэпартаж з сэрца EPAM – камфортна, але сур’ёзна,

фотарэпартаж з офіса Viber – утульна і пазітыўна,

фотаздымкі офіса Wargaming – шмат постэраў і танчыкаў.


Юля Сакалоўская 10:00, 08.12.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.048 seconds.