З водарам палескіх зёлак: Re1ikt выдаў альбом "Лекавыя травы" (аўдыё)

Беларускі фолк-рок-гурт Re1ikt прэзентуе новы альбом «Лекавыя травы».

Relikt

Музыкі лічаць, што нават самы далёкі ад беларускай культуры чалавек, паслухаўшы гэтую працу, зможа ўявіць, як гучала Палессе стагоддзі таму, і як гучыць цяпер.

«Мы самі паходзім з Палесся, і менавіта гэта, здаецца, надае нашаму гурту такое своеасаблівае гучанне. Нейкая туга і моц, атмасфернасць і драйв – пэўна, гэта ўсё было ў нас закладзена, – распавядае бубнач і лідар гурта Аляксандр Дземідзенка. – Калі мы пачулі песню «Хадзіла галота...», то адразу вырашылі зрабіць сваю версію, бо, на наш погляд, менавіта так гучала Палессе 100 гадоў таму».

На новым дыску Re1ikt можна адшукаць народныя песні з розных куткоў палескага і іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама кампазіцыі, складзеныя ўдзельнікамі каманды паводле твораў класікаў беларускай літаратуры: «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» Яна Баршчэўскага і «Балотны агонь» Якуба Коласа. Альбом «Лекавыя травы» паказвае новае гучанне Re1ikt – не толькі лірычнае і атмасфернае, але пазітыўнае і лёгкае.

«Хацелася, з аднаго боку, захаваць свой фірмовы гук, а з іншага, крышачку змяніцца да больш пазітыўных настрояў, – тлумачыць Аляксандр. – Атрымаўся цікавы вынік: ці то ў тэкстах, ці то ў музыцы заўсёды закладзены жыццесцвярджальны пасыл. І нават калі песня падасцца самотнай, дык будзе мець добры фінал».

На вокладцы CD – сапраўдная беларуская траўніца Зоя Ігнатаўна Рудзько з вёскі Рэчань Любанскага раёна.

«Збег абставінаў звёў мяне з бабуляй-траўніцай яшчэ два гады таму, – узгадвае лідар Re1ikt. – Адразу ў памяць урэзалася яе незвычайнае зараз імя – Зоня. Вобраз гэтай жанчыны, падалося нам, вельмі пасуе да аздаблення дыска: сапраўдная траўніца, якая ўсё жыццё лекавалася зёлкамі і лекавала іншых. Калі мы рабілі фотасэсію для вокладкі, яна распавядала нам пра расліны, частавала духмянай гарбатай, а мы радаваліся, што зможам паказаць яе свету».

Дарэчы, у падтрымку альбома калектыў плануе выпусціць тры відэакліпа.

«Лекавыя травы» запісваліся на студыі Studio-X вядомага польскага гукарэжысёра і саўндпрадзюсара Марціна Кілбашэўскага ў горадзе Ольштын, які супрацоўнічаў з такімі вядомымі калектывамі як Christ Agony, Devilish Impressions, Riverside. Гурт атрымаў магчымасць папрацаваць з Марцінам, выйграўшы Гран-пры ў конкурсе на фестывалі Rockowisko Hajnowka.

Рэліз чацвёртага альбома Re1ikt адбудзецца на лэйбле «Вігма». Папярэдні дыск гурта «Рэкі прабілі лёд» стаў бестселерам кампаніі сярод беларускіх выканаўцаў у 2012 годзе.

Вялікая прэзентацыя «Лекавых траў» пройдзе ў клубе Re:Public 7 снежня. А 25 кастрычніка Re1ikt дадуць рэтраспектыўны канцэрт у сталічным TNT Rock Club: у яго рамках музыкі зайграюць песні з папярэдніх альбомаў, ад якіх збіраюцца адмовіцца на наступных выступах на карысць новых кампазіцый.

Re1ikt – беларускі гурт, які працуе ў напрамках progressive rock, post-rock і alternative rock. Каманда спалучае іх з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, які творча пераасэнсоўвае і робіць актуальным для сучаснага слухача. Калектыў з'яўляецца уладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расіі.


12:18, 21.10.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0478 seconds.