10 правілаў, якія зрабілі з тусоўкі голых хіпі самы вялікі некамерцыйны фэст Еўропы Roskilde

Возьмем фестываль культуры і музыкі Раскіле (Roskilde) у Даніі. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што гэта не проста самы вялікі фестываль гэтай часткі Еўропы. Гэта яшчэ і самы дарагі ў свеце буйны фэст, калі падлічыць сярэднюю колькасць грошай, якую траціць наведвальнік фэсту. Як у ягоных арганізатараў атрымалася зрабіць з гэтай некамерцыйнай (то бок той, якая не прыносіць ніякіх прыбыткаў арганізатарам) музычнай хіпарскай тусоўкі пачатку 70-х нешта суперграндыёзнае з болей за 100 тысячаў наведвальнікаў штодня? Вось 10 правілаў арганізатараў гіганцкага фэсту, якія атрымалася сфармаваць пасля паглыблення ў атмасферу Раскіле на цэлы тыдзень.

1. Знайдзі 30 тысячаў валанцёраў, якія арганізуюць фэст

Фэст, які месціцца ў 40 кіламетрах да Капенгагену ў Даніі, сапраўды дарагі. Кошт квітка на ўсе дні фэсту з болей за 170 музычных актаў і правам на жыццё ў суперзабруджаным кемпінгу каштуе 280 еўра, плюс яшчэ 300 сярэдні наведвальнік патраціць на жыццё тут. Але якім бы дарагім фэст ні быў, далёка не факт, што людзі адмовяцца брацца за ягоную арганізацыю бясплатна. Нават наадварот, лепей нікому не плаціць, і ўсе ў выніку будуць адчуваць сябе вельмі добра, ствараючы крутую паці для сябе і сваіх паплечнікаў. Дактары прыйдуць ратаваць удзельнікаў, ахоўнікі — ахоўваць, кухары — гатаваць, а ўсе астатнія — прыбіраць абсалютна бясплатна. Назбіраецца ў выніку каля 30 тысячаў валанцёраў. Большасць будуць валанцёрыць 35 гадзін у тыдзень, у астатні час — адрывацца на ўлюблёных гуртах ці проста не даваць спакою сваёй пячонцы.

Галоўны матыватар для ўсіх гэтых людзей далучыцца да працы — некамерцыйная сутнасць фэсту. «Гэта вельмі прыемна — дапамагаць, — кажа Маціяс, які раней таксама быў тут валанцёрам, а цяпер з’яўляецца адным з 70 пастаянных супрацоўнікаў фэсту. — Цяпер я дапамагаю іншым чынам, але дапамагаю», — кажа ён.

«Толькі пяць фэстаў па ўсім свеце могуць арганізаваць падобную сістэму валанцёрства да той, што існуе на Раскіле, — кажа прэс-сакратарка фэсту Сцінэ Білэ. — Але гэта мадэль валанцёрства вельмі спецыфічная менавіта для Даніі».

2. Зрабі паліцэйскага зборшчыкам смецця, а хлопца з шакаладнай фабрыкі — паліцэйскім

Сапраўды, фэст трымаецца на невялікіх суполках валанцёраў, што актыўныя круглы год па-за фэстам. Але калі прыходзіць час Раскіле, яны карыстаюцца момантам, каб сабрацца разам, папрацаваць і адсвяткаваць, а заадно зарабіць троху на агульную справу. Напрыклад, падтрымку аматарскага футбольнага клубу.

Гэтак, 44-гадовы Стыў чатыры гады таму з сябрамі па футбольным клубе вырашылі рабіць «сапраўдныя» бургеры. Усе атрыманыя грошы дамовіліся перадаваць маладзейшаму пакаленню гэтага клубу, каб хлопцы маглі ездзіць на гульні за мяжу. Справа з гадамі разраслася, і цяпер каля 300 валанцёраў робяць і ў час фэсту прадаюць 12 бургераў у хвіліну — «болей усё роўна мы зрабіць не здольныя», — кажа Стыў.

Праз такую валанцёрскую актыўнасць можна займець і зусім нечаканы вопыт. Напрыклад, супрацоўнік паліцыі тут можа лёгка апынуцца зборшчыкам смецця, супрацоўнік шакаладнай фабрыкі — ахоўнікам, а менеджэр буйнога рэстарана — прыбіральшчыкам. Але гэткая разнастайнасць прафесій — толькі плюс. Хто адмовіцца ад дадатковых скілоў, асабліва калі яны пойдуць на добрую справу?

3. Пачні за год, камандай у 6 чалавек, шукаючы лепшыя гурты па ўсім свеце

Каманда букераў — тых, хто шукае клёвых выканаўцаў для выступу на фэсце — налічвае шэсць чалавек. Два з іх валанцёры. Галоўны ў камандзе Андэрс Уохрэн распавядае, што гэтыя людзі ніколі не сядзяць на месцы, увесь год вандруючы па свеце ў пошуках тых, хто можа даць найлепшы жывы выступ. Менавіта якасць жывога выступу з’яўляецца вырашальнай для каманды букераў.

«Усё трымаецца на даверы паміж намі і аўдыторыяй», — кажа Андэрс. Ён дадае, што спадзяецца, што наведвальнікі, якія прыязджаюць на пэўны канцэрт, могуць выпадкова, праходзячы міма якой сцэны, пачуць і адкрыць новую музыку, якую палюбяць з першага позірку.

Сапраўды, гэта болей чым магчыма з 6 сцэнамі і няспыннамі плынямі мелодый.

4. Прадай усе квіткі за месяц

Квіткі разыходзяцца за месяц-паўтара да пачатку васьмідзённага фэсту. Вялікія цэны не спыняюць нікога. У выніку, на фэст агулам збіраецца каля 140 000 тысячаў чалавек.

37-гадовы Пітэр кажа, што спачатку хацеў адмовіцца ад паездкі на фэст — надта ж дарагі квіток, а грошай у яго зусім няма. Але пасля ён абвясціў збор ахвяраванняў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Праз тры гадзіны сумы, якую назбіралі ягоныя сябры, хапіла не толькі на аднадзённы квіток, але і некалькі скрыняў піва, якое Пітэр з радасцю раздаваў «усім, хто гаруе».

5. Зрабі ўсё, каб бяспека наведвальнікаў была на першым месцы

Што рабіць з такім натоўпам у выпадку наваднення ці землятрусу? Ніхто не ведае. Але пра адну надзвычайную сітуацыю арганізатары клапоцяцца вельмі сур’ёзна. Гэта магчымая даўка ля сцэны. Менеджэры фэсту кажуць, што вывучаць, як аптымальна арганізаваць бяспеку наведвальнікаў ля сцэны, прыязджаюць да іх арганізатары фэстаў з усяго свету.

Але гэткая ўвага да бяспекі — вынік горкага вопыту. Пятнаццаць гадоў таму восем удзельнікаў Раскіле загінулі менавіта праз даўку ля сцэны. Выпадак памятаюць, што ёсць дадатковым стымулам да сур’ёзнага стаўлення да таго, што адбываецца навокал.

6. Выкінь усю рэкламу і схавай спонсараў за кіламетр ад фэсту

Фэст пазбаўлены любой рэкламы і іншых навязлівых сімвалаў грамадства спажывання. Але гэта не перашкаджае карпарацыям ахвяроўваць на фэст вялізныя грошы, каб проста зладзіць за сцэнай грандыёзную паці на 5 дзён. Вядома, брэнды на фэсце прысутныя, але яны губляюцца ў моры невялікіх кіёскаў з вопраткай, ежай і іншымі непазбежнымі атрыбутамі любой падобнай падзеі. Насамрэч, нашмат болей прыемна бавіць час, калі навязлівая рэклама напояў і іншых прадуктаў не перашкаджае канцэнтрацыі ўвагі на тым, што сапраўды істотна.

У выніку, атмасфера фэсту застаецца неверагоднай, асабліва для такой вялікай падзеі. Нешта ў гэтым няспынным вяселлі, рэках піва і аблоках марыхуаны ёсць бліжэйшае да пачатку 70-х, ці нават канца 60-х. Урэшце, фэст узнік па слядах Summer of Love і Woodstock. Тады Раскіле паўстаў як тусоўка «дабра і міру, на якой збіраліся доўгавалосыя, голыя людзі». Як мінімум «каштоўнасці непрыбытковасці» захаваліся ў фэсце да нашых дзён. У выніку, калі ты паглыбляешся ў фестывальную нірвану на другі-трэці дзень знаходжання на палях Раскіле, здаецца, што вакол — твая сям’я, а музыкі, што з’ехаліся з усіх канцоў планеты ад Каліфорніі да Паўднёвай Афрыкі, — гэта твае асабістыя госці, што твая сям’я паклікала праспяваць на ТВАЁЙ паці.

7. Перарабі людзей з «нармальнага грамадства» ў адмысловых Roskilde people

І вось ужо не выклікаюць здзіўлення словы праграмнага дырэктара фэсту Андэрса Уохрэна, які кажа, што «пасля таго, як трапляеш на фэст, ты болей не пабачыш нармальных людзей з нармальнага грамадства. Гэта рух, асаблівы».

«Сёлета ў нас з’явілася царква, і там адбылося рэальнае вяселле, — працягвае ён. — Голыя забегі. Паці. І гэта цягнецца амаль цэлы год. А аснова для ўсяго — давер».

Царква, канешне ж, фэйкавая, узведзеная ў «Горадзе мараў» — месцы, дзе ўдзельнікі фэсту могуць рэалізаваць свае ідэі і мары па адбудове ідэальнага грамадства. Яны самі набываюць матэрыялы, штовыходныя пачынаючы з ранняй вясны прыязджаючы ў поле пад Раскіле, і ўзводзяць на месцы будучага кэмпа будынкі, які на адзін тыдзень у ліпені стануць культавымі для ўсяго фэсту.

Дарэчы, царква хоць і несапраўдная, але вяселле было законным, з сваяком сям’і маладых у ролі пастара — цікавая традыцыя, закладзеная ў дацкіх законах.

8. Зрабі ўсё, каб ежа на фэсце была гэткай жа разнастайнай, як і музыка

Ежа Раскіле патрабуе асобнага артыкула. Прыгатаваная валанцёрамі, яна ўсё роўна каштуе не танна, але адрозніваецца ад любой іншай фестывальнай ежы. Ніякіх звычайных хат-догаў і піцаў. Кожнае месца прапануе нешта асобнае, і толькі на каштаванне ўсёй гэтай эксперыментальнай разнастайнасці могуць сысці дні.

Арганізатары ганарацца, што ўжо цяпер каля 70% ежы на фэсце — натуральная (арганічная). Праз тры гады такой мусіць быць ужо 90%. Каб дасягнуць мэты, ім даводзіцца весці шмат перамоваў з фермерамі, арганізуючы пастаўкі адмысловага мяса і іншых прадуктаў у кухні фестывалю. Справа нятанная, ад чаго цэны на фестывальную ежу штогод імкнуцца ўверх. Але яно таго каштуе.

Капенгагенскі рэстаратар Big A, які адкрыў на фэсце бургерную Big A’ss, кажа, што найцяжэй знайсці арганічную свініну. Бо фермеры гатовыя паставіць толькі вызначаную колькасць прадукту. Болей ужо не атрымаецца, значыць, ёсць верагоднасць застацца без мяса ў разгар фэсту, калі нешта пойдзе не як запланавана.

Яшчэ адзін выклік для арнізатараў — знайсці дастатковую колькасць арганічнага піва.

«Мы чакаем з нецярпеннем 2018 году, каб убачыць, як наша мэта ў 90% арганічнай ежы на фэсце стане рэальнасцю», — кажа Сцінэ, якая адказвае на фэсце за ежу.

9. Раздай усе прыбыткі на добрыя справы і чакай на наступны год

Усе прыбыткі — і ад ежы, і ад квіткоў, і нават вынік выпітых літраў піва — ідуць на добрую справу. Мача ўдзельнікаў — фермерам, якія будуць аздобліваць ёй (высветлілася, што гэта вельмі добрае ўгнаенне) інгрэдыенты для арганічнага дацкага піва. Прыбыткі ад продажаў ежы — мясцовым суполкам і спартовым клубам. Грошы ад квіткоў і іншая выручка — на добрыя справы па ўсім свеце. Справы ўлучаюць самыя розныя аспекты жыцця: ад сексуальнай адукацыі дацкай моладзі да падтрымкі забароненых музыкаў па ўсім свеце.

Па выніках сёлетняга фэсту арганізатары мусяць раздаць каля 2.5 мільёнаў еўра. Кожны год менеджмент шукае новыя ініцыятывы па ўсім свеце, якім патрэбная дапамога. І, звычайна, не кажа, на што канкрэтна і як мусяць быць патрачаныя грошы. Як і ў справе з музыкай, рэалізацыяй мар і канструяваннем Roskilde people — усё грунтуецца на даверы.

10. Падрыхтуйся да таго, што адчуеш «фестывальны блюз»

Як толькі апошні гурт пакіне апошнюю сцэну фэсту, варта рыхтавацца да горшага — фестывальнага блюзу ці «Roskilde Blues». Гэты стан меланхоліі, які цягне назад у брудныя кэмпы палёў каля маленькага дацкага мястэчка — зусім не ўнікальныя адчуванні для падобных падзей у нашым упарадкаваным і размераным жыцці. Але тое не суцяшае.


African Exrpess - апошні канцэрт Раскіле. Photo by Matías Altbach

Дарэчы, апошні гурт на Раскіле — пяцігадзінная калабарацыя 90 еўрапейскіх і афрыканскіх музыкаў African Express — пэўна так спужаўся спецыфічнага блюзу, што адзін з ягоных музыкаў адмовіўся сыходзіць са сцэны. У выніку, вакаліста давялося хіба што не выносіць. Такі быў апошні канцэрт Раскіле.

І калі ў тваёй галаве цяпер гучыць фестывальны блюз, можаш быць упэўненым: падзея атрымалася.


Алесь Герасіменка 14:02, 17.07.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0532 seconds.