Летнія вандроўкі: па Скандынавіі на паромах

Скандынаўская летняя ноч вельмі кароткая. Птушкі пачынаюць спяваць ужо каля трох, калі да ўсходу застаецца болей за гадзіну, але яскравая зарніца ўжо яўна прэтэндуе на месца на гарызонце. Вялізнаму шару поўні застаецца зусім няшмат часу, каб трыумфальна дамінаваць над ліпеньскім небам. Напэўна, 20 гадзінаў светлага неба, цёплага сонца і балтыйскага брызу — найбольш файная рыса гэтай часткі Балтыкі.

У пошуках дэльфіна

Цяпер на вуліцы каля 25 градусаў — самы цёплы дзень за час самага халоднага лета, якое зазнала Данія за апошнія амаль 30 гадоў. Звычайны для заходняй часткі ўзбярэжжа Балтыкі вецер кудысьці знік. Зніклі і халады разам з дажджамі — цэлы тыдзень над тысячай дацкіх выспаў, раскіданых па Балтыцы і частцы Паўночнага мора, пануе лета. Калі белы паром кампаніі Mols-Linien з пазнавальнай сіняй палоскай адчальвае з порту ў Орхусе (Aarhus), здаецца, што ты недзе на Міжземнамор’і. Паром — вялізная пачвара, якая за раз здольная заглытваць сотні людзей, машын, грузавікоў і нават аўтобусы з цягнікамі. Ён хутка набірае свае марскія мілі, і блакітны гарызонт зліваецца з сінім морам.

Невялікія яхты на ягоным шляху бездапаможна гойдаюцца на хвалях — паром можа праглынуць і іх, таму яхты імкнуцца ўцячы з ягонага курсу, як толькі дазваляе вецер. Вока шукае нешта падобнае да носу белабокага дэльфіна — нядаўна некалькі з іх упершыню за дваццаць гадоў бачылі ў гэтай бухце. Агулам дэльфіны гэтага віду сюды не заплываюць, але сёлета чамусьці зрабілі выключэнне. Дэльфіны — вялікія, і любяць гуляцца. Але, пэўна, каб пабачыць іх трэба перасесці з парому на яхту.

Пакуль паром не прычаліў на іншым беразе — выспе Зеландыя на якой месціцца Капенгаген, вока паспявае злавіць абрысы дзясяткаў выспаў, што раскіданыя па дарозе. У Даніі каля 1 000 выспаў, у тым ліку самая вялікая — Грэнладыя. Раней дацкай была і Ісландыя, але ейная акупацыя была скончаная пасля Другой сусветная вайны. Цяпер і Грэнландыя падумвае пра незалежнасць, але тамтэйшыя эканамічныя перспектывы не такія яскравыя, як у Ісландыі. Таму пакуль Грэнландыя — частка Дацкага каралеўства.

Большасць замежнікаў, што жывуць дастаткова блізка ад Даніі, каб скарыстацца аўто, дабіраюцца сюды на паромах. Паромы ходзяць у самых нечаканых накірунках. Ёсць нават такія, што закінуць вас у Ліверпуль. Ці за суткі — у Клайпеду. Але найбольш папулярныя з іх плаваюць з Нямеччыны ды паміж дацкімі выспамі. Ды, можа, у іншыя Скандынаўскія краіны. Паром — рэч не вельмі дарагая. На яго сесці можна і без усялякай машыны, а многія прыязджаюць да яго на роварах. Для раварыстаў ёсць адмысловая чарга, яны чакаюць, пасля заязджаюць у яго, паркуюць ровары, і адпраўляюцца бавіць паромныя гадзіны ў паромнай рэстарацыі. Калі паром прыплывае да месца прызначэння, раварысты сядаюць да ровараў і выязджадць з яго нібыта з уласнага гаража.

Мост праз казку

Калі гіганцкі 8-кіламетровы мост Орэсунд (Øresund), што злучае Зеландыю і Швецыю, упершыню з’яўляецца на гарызонце, захоплівае дух. Здаецца, што ты пад’язджаеш да брамы ў гіганцкі гатычны замак, за якім палыхае захад сонца. Уражанне ўзмацняецца, калі трапляеш на сам мост — буйнейшы такога кшталту ў Еўропе. Ягоныя вялізныя апоры высяцца над пралівам паміж дзвюма краінамі на вышыні, дастатковай для таго, каб прапускаць неверагодных памераў круізныя лайнеры-дамы.

Мост — яшчэ і мяжа паміж дзвюма краінамі. Гэтая асаблівасць калісьці спарадзіла завязку папулярнага ў Скандынавіі крымінальнага серыялу The Bridge. Сцэнарысты не прыдумалі ніякага іншага ўжывання для 15-гадовага моста, акрамя як пакласці пасярэдзіне, акурат на мяжы дзвюх краін, труп, распілаваны на дзве часткі. Цудоўная нагода для паліцый дзвюх краін пачаць сумеснае расследаванне, ці не так? Вядома, 23 вайны паміж Даніяй і Швецыяй — найвялікшая колькасць узброеных сутыкненняў паміж дзвюма краінамі, сцвярджаюць дацкія гісторыкі, — ужо забытыя. Але пэўна суперніцтва паміж каралеўствамі застаецца.

На тым баку моста і праліва — яшчэ адзін цуд Скандынавіі: Мальмё. Адзін з буйнейшых гарадоў рэгіёну яшчэ і порт, з якога паромамі, зноўку, можна заплыць і ў Нямеччыну, і ў Польшчу, і нават назад у Данію. Большасць маршрутаў пралягае праз суседні Трэлеборг (Trelleborg). Адтуль дарога да, напрыклад, загадвай выспы Бонхёльм займае не болей за 2 гадзіны.

Пярліна Балтыкі

Бонхёльм (Bornholm) — маленькая самотная дацкая выспа паміж Швецыяй і Польшчай. Гэту правінцыйную выспу памерам з Мальту называюць «пярлінай Балтыкі». У турыстычны сезон яна напаўняецца датчанамі, што любяць бавіць тут сямейныя вакацыі.

Ад Капенгагена да Бонхёльма — чатыры гадзіны на пароме. Да Швецыі — тры. Яе насельніцтва, што імкліва змяншаецца, вырашыла зрабіць выспу цалкам энергетычна незалежнай ад кантыненту, пабудаваўшы гіганцкую колькасць ветраных турбінаў і іншых невялікіх электрастанцый, што працуюць з альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі.

Бонхёльм — галаўны боль датчанаў часоў халоднай вайны. Яны моцна турбаваліся, што Савецкі Саюз захоча паўтарыць свой поспех, і акупуе ў адзін дзень выспу, заняўшы стратэгічнае становішча на Балтыцы. Нешта падобнае ўжо адбылося ў 1945-м. Тады савецкае войска не хацела пакідаць выспу цэлы год. Цяпер Расія зноўку пагражае Даніі, на гэты раз выкарыстаннем ядзернай зброі супраць, чамусьці, ейных караблёў.

Знаёмства з больш глыбокай гісторыяй выспы прыводзіць да яшчэ адной сумнай старонкі. Шмат-шмат стагоддзяў таму выспа была пакінутая жыхарамі. Што здарылася тады — эпідэмія, ці проста жаданне развеяцца ўсім народам — незразумела. Але гісторыкі кажуць, што бонхёльмцы адправілася наўпрост у бок Паўднёвай Еўропы, паступова мігруючы туды, дзе цяпер знаходзяцца заходнія кантоны Швейцарыі і прыальпійскія рэгіёны Францыі. Там яны засталіся, паступова растварыўшыся і перамяшаўся з іншымі народамі. Іх назоў — бургуны — захаваўся, калі не ў назове сучаснай краіны, то як частка геаграфіі вялізнага рэгіёну Еўропы, які пасля смерці Карла Вялікага, атрымаў назоў Латарынгія.

Нямецкая Балтыка

Ад Бонхёльма да кантыненту можна дабрацца праз нямецкі Засніц (Sassnitz) ці польскі Калабжэг (Kołobrzeg). З апошняга ходзяць паромы ў літоўскую Клайпеду. Нямецкі шлях канешне ж запатрабуе больш дэталёвага знаёмства з выспай Руген, на якой ляжыць порт Засніц. І ўжо пасля можна адпраўляцца ў Кіль, з якога паром за суткі даплыве да той жа Клайпеды.

Засніц — маленькі нямецкі гарадок, што размясціўся на ўскрайку цудоўнага парку-леса, уключанага ў спіс Юнеска. Завіснуць у ім можна на цэлы дзень, прыглядаючыся ў размыты гарызонт мора з вышыні стометровых белых скалаў, у якія абрываецца лес.

Спяшацца няма куды — балтыйскія ночы кароткія, а дні — доўгія.


Алесь Герасіменка 20:01, 14.07.2015 | Маршруты |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.047 seconds.