Сотні км і людзей, бегам, на роварах і па вадзе: «RSport Налібокі’15»

Ранні пад'ём, навокал пануе туман, а ля Вілейскага вадасховішча чакае семы марафон «RSport Налібокі’15». Амаль гадзіну ў дарозе, і вось, нарэшце грунтовая дарога вядзе нас да лагеру. Нас у машыне трое: за стырном Лёша Zoom, вядомы як заснавальнік праекту «Адрыў», побач з ім валанцёр Таня, што едзе на марафон, як і я ўпершыню.

Гэтым разам марафон упершыню адбыўся геаграфічна ў новым раёне. Сёлета базавы лагер размясціўся на тэрыторыі кемпінга «Клёвае месца» на ўзбярэжжы Вілейскага вадасховішча. Маршруты марафону арганізатары праклалі па самых маляўнічых месцах Вілейскага і Лагойскага раёнаў.

Па нашым прыездзе лес на узбярэжжы вадасховішча ўжо быў запоўнены машынамі, шматлікімі роварамі, намётамі і людзьмі, што спрабавалі атагрэцца ля кастроў пасля бадзёрай ночы. Машыны і людзі на роварах прыбывалі няспыннай плынню.

Удзельнікаў імпрэзы гэтым годам чакалі такія дыстанцыі як вялікі і маленькі веламарафон па 210 і 95 кіламетраў, вялікі і маленькі бегавы марафон па 95 і 45 кіламетраў, водны марафон на 80 кіламетраў і мультымарафон каля 150 кіламетраў, які ўключае ў сябе 95 кіламетраў веладыстанцыі, 45 кіламетраў бегу, сплаў па рацэ даўжынёй 6 км і вераўчаны этап. І, для тых, хто захацеў атрымаць большую асалоду ад дыстанцыі ды пацешыцца прыродай, былі падрыхтаваны навінкі гэтага года: «Дзіцячыя» дыстанцыі каля 20 км для бегуноў і 45 км для веласіпедыстаў. У гэтых дыстанцыях бацькі маглі выступаць са сваімі дзеткамі.

«Прыязджаю на марафон таму, што тут шмат знаёмых. Раней ездзіў за уражаннямі, праходзіць дыстанцыі. Гэтым годам прывёз катаць малога на дыстанцыю 45 км», – распавядае Ігар, які прыехаў на марафон у шосты раз

Заўважыла ўкраінскі сцяг і вырашыла завітаць да намёта пад ім, дзе кампанія моладзі ладзіла сняданак. Аляксей з Кіева прыехаў на марафон другі раз:

«Прыязджае паесці», – жартуюць з усмешкамі яго сябры.

«Таму што сгушчанка смачная, – падтрымлівае смехам сяброў украінец. – Марафон дужа здораўскі, шмат людзей збіраецца. Цікава па прыродзе пакатацца. Падабаюцца маршруты марафона – тым, што не паўтараюцца».

Сяргей, які браў удзел ва ўсіх марафонах прыехаў з сям'ёй, абраў катэгорыю мультымарафона:

«Мне гэта падабаецца, я займаюся арыентаваннем і вось сёння ў нас праходзіць арыентаванне Чэмпіянат Рэспублікі па раллі-спрынту, але вось сюды паехаць жаданне было большым. Можна сказаць, што апошнія паўгады мэтаскіравана менавіта да гэтага старту неяк па меры мажлівасці і сіл сябе рыхтаваў. Вельмі мне тут падабаецца мультымарафон – пакатацца, пабегаць, паплаваць і па вяроўках пахадзіць – дастаўляе задавальненне».

Максім з дачкой Яўгеніяй, прыехаў на марафон у трэці раз і будзе ехаць дыстанцыю на ровары-тандэме:

«Надвор'е добрае, добраахвотна вымусіць па балотах сябе не заўжды атрымліваецца. Прыгоды, так бы мовіць, стварыць. Больш любім экзатычныя краіны, але вось і ў Беларусі рабяты арганізавалі прыгоды».

Напачатку адбыўся агульны старт роварыстаў, у след за імі адправіліся бегуны і ўдзельнікі мультымарафону, далей удзельнікі стартавлі ў вольным парадку.

У першай палове дня і пад час старту надвор'е спрыяла спаборніцтву – сонейка свяціла ярка, і зараджала ўсіх усмешкай і пазітыўным настроем.

Прыйшоў час стартаваць па маршруту і нам з Аляксеем Парасяцьевым. На памаранчавым «Пежо» мы стараліся дабрацца да самых смачных месцаў маршрута. Прырода, вада, акуратныя вёсачкі і добразычлівыя жыхары ў іх, сустракалі і дзівіліся «тысячам» раварыстаў і бегуноў, што міналі іх хаткі.

Між іншым, к вечару надвор'е змянілася. І, калі ўдзельнікі з катэгорыі мультымарафона з гумовымі коламі ўваходзілі ў ваду – свяціла сонейка, і градус паветра быў значна цяплейшы, чым калі пераадолеўшы 6 кіламетраў па Іліі яны выходзілі з вады, каб працягнуць дыстанцыю. Але, не гледзячы на гэтую акалічнасць, удзельнікі захоўвалі прагу да перамогі і нават спрабавалі ўсміхацца сустрэчным журналістам, накшталт нас.

Па вяртанні, увечары як і ранкам у намётавым лагеры гарэлі кастры насуперак спробам неба заліць усіх дажджом. Народ у дажджавіках і без сядзеў ля вагню, разглядаў яго полымя і вёў вясёлыя размовы. Адзін за адным прыязджалі, прыбягалі ды прыходзілі на фініш за медалём з лосем удзельнікі розных катэгорый. А тым часам, сонейка імкліва збягала за небасхіл.

Наладзіць імпрэзу на такую колькасць удзельнікаў справа няпростая, і праз некалькі дзён па завяршэнні яе ў арганізатараў застаюцца хваляванні з-за тэхнічных момантаў:

«Правялі – гэта добра. Ёсць пытанні па арганізацыі – гэта горш. Зразумела як зрабіць лепш – гэта добра. Хочацца зрабіць лепш – таксама нядрэнна. Але я быў пару месяцаў адарваны ад сям'і, асабістых спраў, трэніровак, таму не ўпэўнены, што хачу паўтараць гэты вопыт. Рабіць такое мерапрыемства як хобі – гэта моцна спусташае», – распавядае Generation.by дырэктар гонак Міхаіл Сідарук праз некалькі дзён па завяршэнні марафона.

«RSport Налібокі» праходзілі сёлета ў Беларусі сёмы год і ёсць усе падставы рыхтавацца з сіламі на наступнае лета.

Болей здымкаў у вялікім фотарэпартажы: Кіламетры і людзі «RSport Налібокі’15»


Юля Сакалоўская 17:50, 01.06.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0423 seconds.