Натхненне, коцікі і прынцыпы: Generation.by распавядзе ў Горадні пра генерацыю творчай актыўнасці

Каманда Generation.by ладзіць у беларускіх гарадах серыю сустрэч-прэзентацый, у якіх ілюстратарка Воля Кузьміч дзеліцца вопытам стварэння творчых праектаў крэатыўнай групы сайту Generation.by, а таксама асабістых, якія былі адзначаныя шматлікімі ўзнагародамі на беларускіх і замежных фестывалях рэкламы і камунікацый і творчых конкурсах ды прэміях. У чацвер 28 траўня сустрэча-прэзентацыя пра генерацыю творчай актыўнасці пройдзе ў Гродна.

Як ілюстрацыі дапамагаюць пераключаць настроі ў медыя плыні з ныцця на агрэсіўны пазітыў? Чаму коцікі гэта новы пралетарыят медыя рэвалюцыі? Як прынцыпы могуць выглядаць сэксі з дапамогай праграмы Adobe Illustrator і планшэта Wacom Tablet? На сустрэчы будуць прэзентаваныя арт-праекты Творчай супольнасці Generation.by як прыклады сацыяльнага і медыя актывізму, а таксама індывідуальныя праекты мінскай ілюстратаркі Волі Кузьміч.

«Як чуецца, так і малюецца» – серыя ілюстрацый пра адметнасці беларускай мовы, якая была ўзнагароджаная першым месцам на фестывалі Adnak і разышлася па Беларусі ў тысячах друкаваных экзэмпляраў на паштоўках, магнітах і кубках.

«Як прыручыць ільва» – асабісты праект жыццё пары маладых людзей у Беларусі.

«Спальны раён» – унікальная серыя вясёлых інтэрактыўных мультоў пра жыццё ў тыповым спальным раёне беларускай сталіцы. 

«Гарадскія драмы» – серыя правакацыйных ілюстрацый пра лірыку жыцця ў вялікіх беларускіх гарадах і невялікіх мястэчках.

«Freedom on Paper» – арт-актывізм папяровых герояў вуліцы, праект, што быў адзначаны некалькімі гран-пры і першымі месцамі фестываляў ды конкурсаў, а выставы з фотаздымкамі «Freedom on Paper» праходзілі ў гарадах Германіі, Польшчы, Беларусі і інш.

Арганізатары будуць радыя найперш: маладым журналістам і аўтарам шырокага профілю, амбіцыйным фатографам, дзёрзкім ілюстратарам і мультымедыйным актывістам, а таксама ўсім, хто цікавіцца творчасцю з выразнай грамадзянскай пазіцыяй у Беларусі.

28.05, 18:00, вул. Будзёнага 48а, офіс 63. Уваход вольны.


20:21, 20.05.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0545 seconds.