«Лепш браць самагон, што «для сябе». Бо на продаж могуць і курынага памёту накідаць»

Некалі самагонка была атрыбутам усіх святаў, але верагодна неўзабаве яе аднясуць да аўтэнтыкі. Што ёсць самагон у беларускай гісторыі, як змагаліся з ім савецкія агітацыйныя плакаты і хто варыць цяпер, можна даведацца ў самым цэнтры Менску, дзе 1 красавіка адкрылася выстава «Лятучая, гаручая, празрыстая».

Брага ў гісторыі

Лёгкі сівушны пах у музейнай залі выяўна даюць самагонныя апараты – такое магло здарыцца толькі 1 красавіка. Свядомасць кажа: «Не веру!» – а ногі нясуць у цэнтр Мінска, у Музей гісторыі кіно. Тут а 17-й гадзіне 1 красавіка адкрылася выстава «Лятучая, гаручая, празрыстая: гісторыя промыслу і барацьбы з ім у Беларусі», прысвечаная самагонаварэнню.

«Такая выстава не магла не адбыцца, – кажа куратар Ягор Сурскі. – Некаторыя ведаюць пра самагонаварэнне толькі ў гісторыі сям’і, гэтая культура страчваецца. А гісторыю чалавецтва немагчыма ўявіць без алкаголю. Іншае – калі няма культуры спажывання, бо ад яе п’янства і алкагалізм».

«Давайте обсудим это по телефону»

Выпіць налівалі. Пакуль зялёныя зміі са шпалераў калыхалі языкамі над прамоўцамі, і крыху апасля. Дзяўчаты з «Дудутак» давалі закусіць салёны агурок. Вакол – колісь канфіскаваныя самагонныя апараты з фондаў «Дудутак», плакаты (з імі дапамаглі ў «Беларускім саюзе мастакоў») і розныя цікавосткі з прыватных калекцый.

Гоман, цяплынь і вокны ледзь ратуюць, журналісту раяць пачакаць 15 хвілін, «каб паспела дайсці да страўніка». Госці – моладзь, цётачкі сярэдняга ўзросту і салідныя сівыя дзядзькі, якія рэфлексуюць: «Апараты смешныя! Я бачыў тыя, якія на конях везлі, на 200 літраў», – каментуе залі старшыня саюзу дызайнераў Рыгор Сітніца.

Двое ля 40-літровага бітона ад малака жаляцца, маўляў, такі ж дома быў, ды не выгнаў нічога, будаўнікі скралі. Сівавалосы і загадкавы спадар кажа: «Давайте обсудим это по телефону» у адказ на просьбу згадаць, што ён ведае пра самагонку.

Колькі каштуе самагон ва ўмовах манаполіі

Апытанне залі паказала, што самагонка не адышла ў мінулае, хоць у вялікіх гарадах яе не сустрэнеш: хтось мае бабулю – знакамітую на ўвесь раён палескую самагоншчыцу, а нехта піў ва Украіне летам (Вінніцкі раён, 25 грыўняў за літр). У «Дудутках» бяруць 175 тысяч за паўлітра аўтэнтычнага прадукту.

Кажуць, што ў людзей з год таму самагон каштаваў у палову кошту гарэлкі, каторыя гналі для сябе – зараз каля 50 тысяч за паўлітра. Але, па словах магістранта Мікалая, самагон па смаку на парадак лепшы за гарэлку: «Мяккі такі, п’ецца лягчэй».

Дарэчы, «для сябе» – гэта цэлы кшталт самагону, ледзь не гістарычны брэнд, па словах Валянціна Голубева, прафесара і доктара гістарычных навук:

«Самагонаварэнне было заўсёды, проста раней гэта называлася «вырабляць для сябе», быў дазвол яшчэ ў Вялікім княстве. І заўсёды дзяржава ці ўласнік намагаліся трымаць гэтую прыбытковую справу ў сваіх руках, – расказвае Валянцін Голубеў. – …Памешчыкі маглі нават абавязваць сялян у іх уладаннях за год набыць нейкі мінімум гарэлкі».

Пральны парашок – каб самагон быў дзёрзкі!

Ці існуе самагонаварэнне цяпер, мы запыталі ў адмыслова знойдзенага ягадніка-пенсіянера Васіля з-пад Глыбокага: «Гадоў пяць таму дык дакладна было, самагонныя апараты па лесе стаялі. А што, аднойчы нацкавалі на мяне аўчарку гэныя самагоншчыкі, пайшоў у горад маёру скардзіцца».

Па словах эксперта з самагоннага рэгіёна, цяпер там моцна паменела апаратаў, а год 5-7 таму яны ўтваралі цэлую сістэму, прычым гаспадары шукалі сабе «дах» між людзей пры ўладзе. На апаратах па сутках працавалі тыя, хто шмат набраў «на вэксаль»: «А кожны ж хоча сперці, дык наліюць у паўтарачкі, схаваюць, а тады пазней забіраюць гэныя «хрумсткі». Хістаюцца, згубяць, паб’юцца…»

З гісторыкам Васіль згодны. Кажа, лепш браць самагон, што «для сябе». Бо на продаж могуць і курынага памёту накідаць, і пральнага парашку «Лотас»: «Сам бачыў, ля апаратаў упакоўкі валяліся, спаленыя і цэлыя. Нашто? Каб самагон быў дзёрзкі!»

Адрозніць, па словах Васіля, такі лёгка. Звычайны прадукт гарыць сінім, ледзь бачным полымем, «а гэны як шугане чырвоным ці аранжавым! Во, – дадасць прадавец, - жывы спірт!»

Відэагід пра гісторыю і культуру алкаголю

Выстава ў Менску адкрытая з 10 да 17 гадзін. Хто не трапіў на адкрыццё, можа паглядзець відэагід па тэме. Ён даступны ад 2 кастрычніка ў Музеі гісторыі кіно на Свярдлова 4. Пра гісторыю самагонаварэння расказвае навукоўца Валянцін Голубеў і навукоўца і даследчыца Ірына Дубянецкая – пра культуру алкаголю ў сусветнай гісторыі.

Фотаздымкі: Юра Сідун


Ганна Валынец 13:30, 02.04.2015 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0487 seconds.