Hozier: як кліп, які ніколі не пакажуць у Расіі, зрабіў 23-гадовага ірландскага музыканта новай зоркай свету

 

Гэта адна з самых прыгожых гісторый у сучаснай музыцы. Крыху болей за год таму ірландзец Hozier быў амаль нікому невядомым 23-гадовым хлопцам, які працаваў над сваімі песнямі на паддашку бацькоўскай хаты. А сёння, калі ірландцы адзначаюць чарговы Дзень Святога Патрыка, Hozier сустракае свой 25-ы дзень народзінаў у статусе зоркі, якую запрашаюць на Грэммі, а колькасць праглядаў відэа на яго песню падбіраецца да 150 млн.

Легенда, якая імкліва ствараецца вакол маладога спевака, распавядае, што аднойчы хлопец вярнуўся дамоў позна ўначы і запісаў на паддашку бацькоўскай хаты некалькі тэкстаў пра рэлігійную дыскрымінацыю, якія потым ператварыліся ў дэма «Church». Кантэкст, у якім ствараліся трэкі, быў не надта аптымістычны. Музыканта толькі што адлічылі з славутага Трыніці каледжа, і хлопец шукаў сваё месца ў свеце, пазіраючы на жыццё ірландскай вёскі.

Сярод трэкаў дэма быў «Take Me to Church», які стрэльнуў найбольш трапна.

Гісторыя поспеху хутка набірала імклівасць – запіс прыцягнуў увагу знакамітага прадзюсара Роба Кірвана, якому вельмі спадабаўся арыгінальны вакал маладога ірландца.

Першы выпуск песні «Take Me to Church» у якасці EP, а таксама сваеасаблівы вакал дапамог Hozier атрымаць намінацыю на лепшую песню года на Грэммі і зарабіў 2-е месца ў чарце Billboard.

Ірландзец пісаў сацыяльны тэкст пра крывадушнасць каталіцкай царквы, але вірусную паспяховасць яму даволі выпадкова прынесла папулярная ў заходніх культурніцкіх медыях тэма свабоды грамадства ад гамафобіі.

Пры першым праслухоўванні здаецца, што «Take Me to Church» – добрая блюзавая песня з простай метафарай, у якой чалавек параўноўвае адносіны са сваёй каханай на рэлігійным вопыце. Але гэта больш, чым здаецца на першы погляд. Невялікая ірландская кампанія Production House Feel Good выпусціла эмацыйнае музычнае відэа, з крытыкай нецярпімасці і пераследу геяў у Расіі і рэальнасці гвалту на глебе гамафобіі. Эмацыйнае відэа імгненна стала вірусным і сабрала ўжо больш за 145 мільёнаў праглядаў.

«Шчырасць і здольнасць несці палітычныя і сацыяльныя паведамленні з прыгожа зробленымі мелодыямі, з якой ён гэта робіць, можа толькі радаваць. Ён не крычыць на вуха, як палітычна ангажаваныя панк-рокеры, а замест гэтага звяртаецца да масаў з блюзавымі мелодыямі песняў», – захапляюцца ірландцам у моладзевым амерыканскім выданні Mic.

Праз шалёную папулярнасць відэа на песню «Take Me to Church» музыкант адказвае журналістам на шматлікія пытанні, звязаныя з правамі ЛГТБ:

«Сексуальнасць і сексуальная арыентацыя, незалежна ад арыентацыі, цалкам натуральныя», – гаворыць Hozier New York Magazine. «Палавы акт з'яўляецца адной з самых гуманных рэчаў, але такія арганізацыі, як цэрквы, праз сваю дактрыну расказваюць людзям ганебныя рэчы пра сексуальную арыентацыю».

Песня «Take Me to Church» працягвае атрымліваць водгук у шырокай аўдыторыі і сярод іншых творчых людзей. Напрыклад, украінскі танцор Сяргей Палунін зняўся ў чарговым відэа на песню.

Гісторыя поспеху Hozier распавядае, як добрая мелодыя, актуальны стыль, запатрабаваны ў медыяў сацыяльны і палітычны мэсыдж нараджаюць на Youtube новых музычных зорак пакалення Y.


Віктар Контар 21:00, 17.03.2015 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0483 seconds.