Як 23-гадовы хлопец зарабляе праз твітэр 500 тысяч $ на год

Калі Крыс Санчэс зарэгістраваў акаўнт у Twitter у 2009 годзе, ён разлічваў перш за ўсё чытаць твіты Брытні Спірс. Паколькі штодзённае жыццё хлопца было даволі звычайным, то напаўняць свой твітэр Крыс вырашыў выпадковымі цікавосткамі з Сеціва. І справа пакаціла.

«У 2011 я вырашыў, што буду твіціць 24/7. Фактычна кожныя 15 хвілін», – распавядае Крыс Санчэс выданню Businessinsider.

Такім чынам нарадзіўся UberFacts, які па выніках 2012 году меў 200 тысяч чытачоў, у спісе якіх вядомасці кшталту Пэрыс Хілтан.

З ростам аўдыторыі Крыс пачаў зарабляць першыя грошы, устаўляючы лінкі ў свае твіты. Цікаўнасць да акаўнта UberFacts з боку рэкламшчыкаў і маркетолагаў павялічвалася і прыносіла ўсё большы прыбытак.

«Яны дапамаглі мне пабачыць, як я магу рабіць грошы на UberFacts, ствараючы галерэі і ўстаўляючы лінкі. Я атрымліваў 600-800$ штотыдзень і не мог паверыць у тое, што адбываецца».

Цяпер забаўка Крыса мае 9.4 млн фалоўвераў. Яшчэ 1.27 млн лайкаў хлопец мае у Фэйсбуку, а таксама пад паўмільёны чалавек падпісаліся на яго ў Інстаграм.

Каб спраўляцца з падтрымкай усіх акаўнтаў Санчэс наняў нядаўна двух супрацоўнікаў у свой бізнес.

Агульны прыбытак UberFacts на акаўнтах у сацсетках за год складае цяпер 500 тысяч даляраў. Пасля старту мабільнага аплета, Крыс Санчэс разлічвае мець яшчэ 60 тысяч.

Летась выданне BuzzFeed скрытыкавала UberFacts за публікацыю вялікай колькасці сумнеўных або некарэктных фактаў. Аднак Санчэс сцявярджае, што заўсёды імкнецца правяраць свае твіты перад публікацыяй, хоць памылкі здараюцца.

Цяпер асноўнай працай Крыса Санчэса з'яўляюцца паведамленні ў твітэр, але хлопец марыць аднойчы трапіць у сферу тэлебачання, альбо напісаць кнігу.


ЯЧ 16:00, 16.02.2015 | Цікавосткі |




comments powered by Disqus
 
In 0.0448 seconds.