Фільм Сяргея Лазніцы «Майдан» афіцыйна выкладзены ў Сеціва

Поўнаметражны дакументальны фільм Сяргея Лазніцы «Майдан» рэжысёр выклаў у вольны доступ да гадавіны Рэвалюцыі годнасці.

Галоўны герой фільма – народ Украіны, адзначае рэжысёр. Дакументальныя здымкі падзей кіеўскага Майдана вяліся восенню 2013 - зімой 2014 года.

Сусветная прэм'ера фільма «Майдан» адбылася на 67-м Канскім кінафестывалі сёлета 21 траўня. Тады ж Сяргей Лазніца паабяцаў, што пасля пракату выкладзе фільм у свабодны доступ, каб як мага больш людзей змаглі ўбачыць яго карціну.

Цяпер ён выканаў сваё абяцанне. Паглядзець фільм Сяргея Лазніцы можна тут.

Сяргей Лазніца лічыцца адным з лепшых кінадакументалістаў свету. Ён нарадзіўся у Баранавічах, скончыў Кіеўскі палітэхнічны інстытут, з 2001 году жыве ў Германіі. Яго фільмы не раз станавіліся прызёрамі кінафестываляў. Беларусам Лазніца добра вядомы як аўтар кіно «У тумане» паводле аповесці Васіля Быкава.

Стужка «Майдан» у гэтым годзе была прэзентаваная свету ў пазаконкурсным паказе Канскага кінафестывалю.

Сайт megogo.net, на якім выкладзены фільм, не дазваляе прагляд «Майдану» з беларускіх ip-адрасоў, але гэта абмежаванне лёгка абысці з дапамогай проксі-дадатку да браўзера ад сервісу hola.org, у якім трэба абраць украінскі ip-адрас.

ЯЧ 19:43, 01/12/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0499 seconds.