Інтэрнэт-піянеры святкуюць трыюмф і прадказваюць будучыню без людзей

«Грошы — гэта рэч, якую знайсці лягчэй за ўсё. А вось сапраўды крутую ідэю — нашмат цяжэй», 39-гадовы датчанін Яспер Буш стаіць на сцэне у цэнтры былой стайні, а цяпер адной з галоўных культурных пляцовак Орхусу. Ягоныя белыя нагавіцы і белая кашуля неверагодна ўдала адпавядаюць іміджу чалавека, які толькі што вярнуўся з Бразіліі. Некалькі месяцаў таму стартап Just Eat, што прыдумаў Еспер, размясціў акцыі на Лонданскай біржы. Цяпер ягоная кампанія каштуе 2.5 мільярды даляраў і з’яўляецца буйнейшым сэрвісам па дастаўцы ежы дахаты. Ясперу больш няма пра што турбавацца.

Алесь Герасіменка піша з Даніі, дзе трапіў на вялікую тусоўку людзей, якія заснавалі цэлую жменю самых вядомых сервісаў Інтэрнэта: ад Скайпа да Google Maps.

У інтэрнэт-сталіцу Даніі Яспер прыляцеў, каб атрымаць узнагароду прэміі «Піянеры інтэрнэту». Узнагароду даюць упершыню, таму супернікаў у дацкага мільярдэра было нямала. Умова намінавання — усе праекты мусяць быць задуманыя ў Даніі, а лепей у самім Орхусе. Таму канкурэнцыя ва ўсіх трох намінацыях, што размяркоўвалі сёлета, апынулася даволі сур’ёзнай. Да прыкладу, у намінацыі «Сэрвіс альбо прылада» з Ясперам спаборнічаў Янус Фрыс, які калісьці разам з сваім шведскім сябрам Нікласам Цёнстромам і эстонскай камандай праграмістаў прыдумаў Skype («дзякуючы Скайпу нават бабулі выйшлі ў нэт, каб паразмаўляць са сваімі ўнукамі»).

У іншай намінацыі «Тэхналогіі» ад бляску зорных імёнаў можна было лёгка страціць зрок: Ларс Расмусэн — чалавек, які з сваім братам Енсам прыдумаў Google Maps. Стваральнікі асновы для браўзера Google Crhome V8 Ларс Бак і Каспер Лунд, урэшце, стваральнік мовы праграмавання C++ Б’ярн Строўстроп, на якой, верагодней за ўсё, напісаная аперацыйная сістэма кампутара, з манітора якога вы цяпер гэты тэкст і глядзіце. Калі ж вам гэты артыкул стане нецікавы, і вы пойдзеце сёрфіць па інтэрнэту, то з вялікай верагоднасцю трапіце на сайт, створаны на тэхналогіі Ruby on rails. Яе таксама прыдумалі ў Даніі, праўда, у Капенгагене, які, прынамсі для мясцовых жыхароў, вельмі далёка ад Орхуса.

«Вялікім гікам» — пераможцам у намінацыі «Тэхналогіі» — усё ж абвяшчаюць Ларса Расмусэна. На экране над сцэнай з’яўляецца выява мужчыны троху за 50, які сядзіць у офісе і папівае гарбату з вялікага кубку з надпісам Facebook. Некалькі гадоў таму Марк Цукерберг патэлефанаваў Ларсу і запрасіў яго перайсці з Google у сваю кампанію. Размова здарылася пасля таго, як стала вядома, што чарговае вынаходніцтва Расмусена — прылада, што мусіла замяніць імэйл, Google Wave — болей не будзе падтрымлівацца Google і знікне.

Ларс называе гэту падзеяй сваёй найбольшай паразай:

«Як дзіўна, — кажа ён праз скайп, седзячы ў каліфарнійскім офісе Facebook. — Я зусім дрэнна арыентуюся ў прасторы, але мой праект Google Maps апынуўся надзвычай паспяховым. Калі ж я ўзяўся за нешта, у чым я вельмі добра разбіраюся — у камунікацыях з людзьмі — мяне чакаў правал. Таму цяпер я займаюся рэчамі, у якіх з’яўляюся поўным прафанам».

Прэмія «Піянеры інтэрнэту» упершыню ўручалася ў межах фестывалю «Інтэрнэт тыдзень Даніі». Сам фестываль ужо 14-ы, і выглядае як святкаванне сапраўднае перамогі тых, хто 20–30 гадоў таму пачынаў інтэрнэт. Адзін з гэтых людзей з’яўляецца на сцэне ў самым пачатку свята і выглядае менавіта так, як мусіць выглядаць патрыярх інтэрнэту Прэбен Мэйер: сівавалосы, барадаты дзядуля ў нефармальнай цішотцы па матывах тэтрысу жвава бегае па сцэне, дастае першабытны сэрвер, якому 30 гадоў. Ён з майстэрствам тэлезоркі распавядае як ён у маладосці спрабаваў упэўніць мясцовы Белтэлкам, што інтэрнэт, дакладней доступ да яго, можна прадаваць людзям. Дзядулі доўга не верылі. А калі паверылі здарылася другая індустрыяльная рэвалюцыя.

«Інтэрнэт тыдзень Даніі» даволі арганічна ўпісваецца ў гарадскі асяродак з ягоным 38-гадовым мэрам Якабам Бундгаардам, які, падаецца, не расстаецца з сваім айпадам нават у душы. Нядаўна мэра перавыбралі на новы тэрмін, і цяпер ён поўны рашучасці пашыраць IT-сектар гораду ў адпаведнасці з афіцыйным гарадскім дэвізам Smart City («Разумны горад»). У фокусе гарадскіх уладаў такія пытанні, як «інтэрнэт-забруджванне» (вельмі шмат камунікацый і вай-фаю навокал), перавод усёй афіцыйнай перапіску з гараджанамі ў электронны варыянт (кожны датчанін з лістападу 2014 абавязаны мець імэйл), адкрыццё свабоднага доступу да інфармацыі пра гарадскую інфраструктуру (напрыклад, водаправод, электрычныя сеткі), каб усе зацікаўлейныя маглі дапамагаць гораду праз распрацоўку новых прыстасаванняў. Патэнцыял для пашырэння высокіх тэхналогій ёсць: у 300-тысячным Орхусе праграмістаў болей, чым у 2-мільённым Менку (паводле дадзеных 2012 году).


Мэр Якаб Бундгаард не выпускае айпад з рук

«Ужо праз 4–5 гадоў нас чакае трэцяя індустрыяльная рэвалюцыя», — як тое і мусіць рабіць сапраўдны гуру, Прэбен Мэйер абвяшчае пяць галоўных прадказанняў будучыні інтэрнэту. Кажуць, Прэбен нядрэнны «прадказальнік». Напрыклад у 2002 ён нібыта паабяцаў чалавецтву «разумныя лядоўні», якія самі набываюць для вас прадукты ў краме. «Ужо вельмі хутка інтэрнэт стане фізічным», — працягвае Прэбен. І бяры ў прыклад кампанію HP, якая абяцае пачаць масавы выпуск 3D-прынтэраў ужо вельмі хутка. Прынтэры змогуць друкаваць што заўгодна. Вядома, друкаваць з таго, апісанне чаго вы знойдзеце ў Інтэрнэце.

«У выніку палова абслугоўваючага персаналу проста страціць працу. Праз развіццё кампутаровых сістэм ужо вельмі хутка мы зразумеем, што, напрыклад, людзі-кіроўцы — гэта вельмі небяспечна. Дыягностыку ў медыцыне таксама чакае рэвалюцыя робатаў», — нягледзячы на ўзрост у гэты момант 62-гадовы патрыярх нагадвае падлетка, які захоплена распавядае пра вялікую будучыню, якая чакае чалавецтва.

Зрэшты, калі верыць мільярдэру Ясперу Бушу, захапленне — галоўнае, што рухае вялікія ідэі.

«Чалавек, які даў мне першы мільён (на развіццё ідэі стартапу Just Eat), сказаў мне пасля: "я нічога не разумеў, з таго што ты казаў [пра праект]. Але ў цябе гарэлі вочы і ты быў цалкам захоплены праектам".

Калі ў вас гараць вочы, і калі ў вас ёсць воля і каманда такіх самых як і вы, вы абавязкова выйграеце», — гаворыць з тыповай дацкай усмешкай Ясперс.

Фота - з афіцыйных старонак у сацыяльных сетках Internet Week Denmark

Алесь Герасіменка — бадай адзіны беларускі студэнт у другім па памерах горадзе Даніі Орхусе. Самі жыхары Орхуса называюць горад «самым маленькім з вялікіх гарадоў», бо ў ім «ёсць усё, што мусіць быць у вялікім горадзе». А яшчэ брытанскія навукоўцы сцвярджаюць, што Орхус - самы шчаслівы горад Даніі, а сама Данія - самая шчаслівая краіна ў свеце. Ці праўда гэта, і даследуе ў сваім блогу Алесь, заадно раскрываючы беларусам далёкую краіну вікінгаў — Данію.



comments powered by Disqus
 
In 0.0455 seconds.