Дзесяць год «Адрыву»

Масавая гарадская гульня-даведнік «Адрыў» святкуе свой першы юбілей. Пад рамантычным назовам «Дзясятая вясна» новы сезон спаборніцтваў па гарадскім арыентаванні стартаваў у знаёмым дворыку ліцэя БДУ. Тут жа быў заплянаваны і фініш. З нагоды святочнасці падзеі паветра занялі бела-чырвоныя балонікі. Generation.by далучыўся да 850 чалавек, якія з «Адрывам» гойсалі па Менску ў першую нядзелю красавіка.

З кожным новым «Адрывам» усё болей людзей жадаюць адарвацца ў межах гарадскіх джунгляў. Гэтая гульня-даведнік дазваляе самастойна правесці экскурсію па невядомых закутках знаёмага гораду, ды яшчэ і з азартам. Так і гэтым разам нядзельны старт сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў: 350 каманд у складзе 850 чалавек. Ня гледзячы на вялікую колькасць гульцоў, натоўпу ці чэргаў на старце заўважана не было – арганізатары добра падрыхтаваліся.

«Дзясятая вясна» чакала аматараў актыўнага адпачынку ў паўднёва-заходняй частцы горада, захапіўшы Грушаўку, Міхалава, Брылевічы і крыху цэнтра. У гэтых гарадскіх кропках апошнім часам з’явіліся новабудоўлі, ды й зараз разгорнуты будаўнічы працэс. Таму, сапраўды, кожны мог адкрыць для сябе новы горад.

Па звыклым сцэнары ўдзельнікі бралі маршрутнікі з аркушамі-загадкамі і прыступалі да штурму галаўнога мозгу, атласаў, інтэрнэта, і можа яшчэ чаго… Разгадвалі закручастыя спалучэнні словаў, лабірынты значэнняў ды складалі самыя аптымальныя маршруты па захопу КП і бонусаў. Гэтым разам камандам давялося пазнаёміцца з прататыпам робата «Валлі», завітаць у індзейскую вёску, удасканаліцца ў эстонскай і кітайскай мовах, і натуральна, шукаць Дзігера з намётам у дрыгве. Ён, канешне, расчараваць чаканні ня мог, і размясціўся ў адпаведным месцы «на Мышцы».

Гэтым разам упершыню Generation.by праходзіў маршрут у роварнай катэгорыі, у складзе каманды N.vagus. Капітан каманды Марына Новік пра «Адрыў» даведалася вясной 2009 года, з таго часу і падсела:

«Я чула пра іншыя гарадскія гульні, але яны ў большасці звязаныя з экстрымам ці для ўдзелу неабходны аўтамабіль. А тут акрамя сябе самога па сутнасці нічога больш не трэба. Праект прасоўваецца як «сумесь спорту і экскурсіі», і «Адрыў» рэалізуе гэтыя ідэі на 100%: ёсць і спаборніцкі, і пазнавальны кампаненты. Бо ў сваім горадзе многія абвыклі жыць нейкім штодзённым жыццём, ездзіць па сваіх справах, адпачываць у пэўных месцах. Напрыклад, на тым жа Паўднёвым Захадзе я бываю вельмі рэдка, і мне сапраўды было цікава паглядзець, як выглядае сёння гэты раён, што разрастаецца. Пра цэнтр Макса Мірнага толькі ў суботу даведалася. Што ж казаць пра гарады, у якія ты прыязджаеш упершыню? Ды і наогул, наўрадці я б пабачыла столькі гарадоў самастойна».

«Адрыў» жыве і натхняе прыхільнікаў ужо 10 год — дзесяць год ініцыятывы і плённай працы. З кожным новым сезонам праект прыцягвае ўсё больш увагі і зацікаўленых людзей. Гэта вынік зладжанага і ўдасканаленага механізму, які базуецца на зацікаўленасці традыцыйнай каманды валанцёраў у складзе 15 чалавек, сярод якіх ключавой фігурай з’яўляецца Ўладзімір Зайцаў (каманда «Спрытныя слімакі»). Ён правёў усю чарнавую працу, прайшоў кожны двор Паўднёвага захаду, Малінаўкі, Брылевіч і Грушаўкі, патраціў каля 10 поўных выходных дзён на гэта. Дзякуючы яму, у гульню патрапілі толькі «адборныя» КП.

Generation.by запытаўся ў самага вядомага дзеяча «Адрыву», як ён сустрэў новы сезон:

«Мне ўсё спадабалася. Нарэшце, вось апошнія 3 гульні ў Менску, праект «выйшаў на поўную магутнасць». Раней мы рабілі ўсё добра, але вельмі часта на шматлікія задумы бракавала часу. Цяпер гульні радзей, затое іх падрыхтоўка значна больш прапрацаваная, і ўсё што суправаджае гульні — таксама. Мы перарабілі сайт, праводзім клёвыя акцыі ў сацыяльных сетках, вядзем уласны блог і інфармуем удзельнікаў, супрацоўнічаем з мноствам партнёраў, накопліваем і скарыстоўваем досвед. Таму павелічэнне колькасці ўдзельнікаў амаль у 1.5 разы стала вынікам гэтай спланаванай і мэтанакіраванай працы», — гаворыць Аляксей Zoom, заснавальнік праекту па гарадскім арыентаванні «Адрыў».

Бліжайшую будучыню праекта Аляксей бачыць так:

«Падзеі будуць адбывацца не вельмі часта, не часцей чым раз у два месяцы, каб не губляць якасці. У траўні пачнем рыхтаваць магілёўскую гульню і калі ўсё будзе добра, паедзем туды на пачатку чэрвеня. Яшчэ пакуль што прыпынілі гульні за мяжой, жадаем засяродзіцца на Беларусі. Бо, напрыклад, за межамі Менска ў 2013 годзе па Беларусі ў нас была ўсяго адна гульня — у Бабруйску, а выяздных было аж 3: 2 ва Ўкраіну, 1 у Польшчы. Гэты перакос дрэнна паўплываў на праект, выязныя гульні цікавыя дасведчаным удзельнікам, але зусім не прыцягваюць пачаткоўцаў. А без прытоку новых каманд праекту пагражае крызіс».

Болей фотаздымкаў з юбілейнай гульні праекта «Адрыў»


Юля Сакалоўская 04:00, 09.04.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0532 seconds.