Сінхранізацыя з маладым літоўскім мастацтвам

Сёння ў галерэі «Ў» адкрылася выстава творчасці чатырох маладых мастакоў з Літвы. Інсталяцыя з вайсковых насілак у колерах літоўскага сцягу ў цэнтры галерэі, вялікія прынты на сценах з выявамі хуткай будучыні і займальны тэтраэдр з праекцыямі 3D mapping. Generation.by прыводзіць прадстаўленне сучасных літоўскіх мастакоў і публікуе фотарэпартаж з адкрыцця выставы. 

Назва выставы СІНХРАНІЗАЦЫЯ ўзнікла з відэафільма Рымаса Сакалаўскаса з такой жа назвай, дзе мастак аналізуе ўяўленні свайго дзяцінства. Відэапраца сканструяваная па прынцыпе асацыяцый, якія нараджаюць нечаканыя, утапічныя і проста лагічна неверагодныя ўяўленні. Назва твора паказвае на ідэнтычнае паняцце Карла Густава Юнга “сінхранізацыя”, што характарызуе “рэальнасць”, намаляваную несвядомым (пазасвядомым) уяўленнем, якое пераходзіць у свядомасць. Прадстаўляючы розных мастакоў на адной выставе, мы таксама шукаем асацыяцый, агульных рысаў між імі, аднак не імкнемся навязаць гэта як рэальнасць, альбо як бясспрэчную праўду. Сінхранізацыя ў гэтым выпадку становіцца хутчэй тэхнічным працэсам арганізацыі выставы, а не філасофскім тэрмінам, накіраваным на аналіз творчасці.

Йаланта Кізікайтэ 

гэта мастачка маладога пакалення, якая ў сваім жывапісе звяртае ўвагу на ўнутраныя канфлікты індывіда, адказнасць і сацыяльныя тэмы. Мастачка кажа: “У сваіх карцінах я рэагую на актуаліі, праблемы, перажыванні грамадства, сям’і, асобы – як інспіраваныя самім грамадствам, так і тыя, што з’яўляюцца ў ходзе маіх асабістых адносін з імі. У 2010 г. ёй было прысуджана званне Лепшай маладой мастачкі, яна выйграла тры творчыя рэзыдэнцыі ў Вене (Аўстрыя). Галерэя “Мастацкая ніша” прадставіла творы Йаланты Кізікайтэ на міжнародных кірмашах сучаснага мастацтва “ARTVILNIUS’11’12‘13”. У 2013 г. яе творы былі прадстаўлены на кірмашах у Маскве і Вене. Творы Йаланты Кізікайтэ набылі “Цэнтр сучаснага мастацтва” у Літве, музей “Walter Bischop” – у Германіі.

Рымас Сакалаўскас 

Належыць да самага маладога пакалення літоўскіх відэамастакоў. Візуальнымі мастацтвамі і музыкай ён цікавіўся з самага дзяцінства, вучыўся ў Нацыянальнай мастацкай школе імя М. К. Чурлёніса, ў 2009 г. скончыў курс фатаграфіі і медыя ў Вільнюсскай скадэміі мастацтваў (БА). У 2011 г. скончыў курс у магістратуры Каралеўскага коледжа мастацтваў у Велікабрытаніі. Рымас Сакалаўскас прымае актыўны ўдзел у міжнародных конкурсах і фестывалях. У 1997 годзе на Міжнародным конкурсе "Sound and vision" ён быў узнагароджаны першым прызам за лепшую візуалізацыю музыкі кампазітара Яна Сібеліуса, у 2009 годзе – Прызам Балтыі на Рыжскім міжнародным фестывалі відэамастацтва і сучаснага мастацтва "Waterpieces 2009". Адны з важнейшых яго ўзнагарод – гэта Гран-пры ў вольнай катэгорыі, атрыманы ў Турку – культурнай сталіцы Еўропы ў 2011 г., і ўзнагарода на міжнародным кірмашы сучаснага мастацтва “ARTVILNIUS’13” у 2013 г., дзе яго інсталяцыя была прызнаная найлепшай.

Створаны ім у 2009 г. аўдыёвізуальны праект “Сінхранізацыя” у Літве быў прызнаны лепшай працай маладога мастака і атрымаў узнагароду „Срэбны журавель“. Твор таксама апынуўся ў цэнтры ўвагі міжнароднага мастацкага супольніцтва: яго ўключылі ў свае праграмы каля 70 розных выстаў і фестываляў (ад Вільнюса і Таліна да Нью-Йорка, Бразіліі і Сеула), а некалькі з іх прызначылі гэтаму твору асноўныя прызы. Творча працуе ў сферах відэамастацтва і анімацыі.

Апошняя праца з праекцыямі 3D mapping – гэта натуральны зрух, які спрабуе ўлавіць і адлюстраваць рэальнасць з “скрыўленай” перспектывы. Усе візуалізацыі, што ён стварае, эстэтычна аформленыя, і ператвараюць непрыемныя гісторыі ў прывабныя. Працы Рымаса Сакалаўскаса захопліваюць увагу, настальгічныя, яны і бянтэжаць, і прыцягваюць вока.

Канстанцінас Гайтанжы 

Адзін з найярчэйшых творцаў маладога пакалення ў Літве, добра вядомы ў рэгіёне выкладчык ВМА. Польскі крытык К. Станіслаўскі характарызуе Канстанцінаса як прадстаўніка “гарачых медыяў” у сучасным мастацтве.

Працы Канстанцінаса Гайтанжы поўныя іроніі і абсурдысцкага гумару. Гэта выдуманая трагедыя племені паляўнічых на пандаў (Pandahunters), драма зайца-кібарга, якога якудза прымусілі забіваць сваіх сяброў (Anthonio the Hare). Трыпціх „Jubilee“ – гэта супрацоўніцтва з сучаснымі літоўскімі паэтамі, якія па замове аўтара напісалі па чатырохрадкоўі віншаванняў, якія чыталі на папулярных ў Літве віншавальных канцэртах. Гэтыя чатырохрадкоўі былі накладзеныя на адвольна выбраныя малюнкі Канстанцінаса, такім чынам ствараючы зусім новыя сэнсы. Таксама не чужая аўтару і гульня з гістарычнай міфалогіяй (Adventus Palaemoni). Статыстыка твораў аддае даніну як класічнаму поп-мастацтву, так і сучаснаму руху японскіх мастакоў „Superflat“ і візуалізацыі інтэрнет-мема.

Канстанцін працуе і з класічным жывапісам – цыкл яго карцін „Neuschwabenland!“ быў (разам з васьмю іншымі творамі мастакоў з Усходняй Еўропы) абраны для прадстаўніцтва на першай прэзентацыі сучаснага мастацтва рэгіёна („East+Europe“), якая гэтай восенню адбылася ў выставачнай залі Палаца ўраду Ганконга. Працы Канстанцінаса Гайтанжы набылі калекцыянеры Літвы і замежжа.

Альгіс Каспаравічус 

Мастак, які абараніў ступень магістра ў Вільнюскай акадэміі мастацтваў у 2005 г. і пачаў сваю выставачную дзейнасць у 2000 г. Аўтар не абмяжоўваецца традыцыйнымі візіямі скульптурай пластыкі, а працоўным матэрыялам часта становіцца асацыятыўнае, літэратурнае мысленне, якое афармляецца з дапамогай такіх не характэрных для скульптуры сродкаў, як тканіна ці ніткі. У апошнія гады ў сваіх творах вывучае сувязь самаадчування і эмоцый чалавека, як з самім сабой, так і з асяроддзем. Кожны год скульптар прадстаўляе найноўшыя творы на выставе скульптуры і інсталяцыі „Takas“ на кірмашы сучаснага мастацтва “ARTVILNIUS”.

Фота: Юра Сідун

14 лістапада 2013 – 01 снежня 2014
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
Мінск, пр-т Незалежнасці, 37А
Час працы: 11:00 – 22:00


Ніна Майдас 22:00, 14.11.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0714 seconds.