«Манастырок, Свісток і Амерыка» — гамельчукі стварылі «Крытычную мапу» свайго горада

«Наш горад не горшы, а нават і лепшы» — з такім падыходам творчая група з гомельскай культавай арганізацыі «Талака» ўзялася за справу даўжынёй у некалькі месяцаў, каб рэалізаваць даўнюю ідэю — абазначыць самае-самае пра другі па велічыні беларускі горад у фарбах, знаках ды малюнках.

«Часта можна пачуць, што Гомель — нічым не прыкметны шэры горад, у якім, да таго ж, нічога не адбываецца. Перакананыя ў адваротным, мы вырашылі данесці да гамельчукоў і асабліва іншых гарадоў тое, што нам таксама ё чым ганарыцца, а наш горад нічым не горшы, а нават і лепшы за шмат якія іншыя», — тлумачыць Generation.by Яўген Меркіс, малады кіраўнік краязнаўчай гомельскай арганізацыі «Талака», што існуе ажно з 1986 году.

Данесці гэты масіў інфармацыі было лепш за ўсё праз мапу. Ідэя жыла даўно, пераўвасабляла ў розныя формы, але стала рэальнай толькі цяпер.

«Гады тры таму захацелася адзначыць хаця б новыя гарадскія кафэ і іншую неабходную для турыстаў інфармацыю. Але пакуль сядзелі і думалі, ужо тэхналогіі зрабілі ўсё за нас і сёння гэта ёсць у розных анлайн-сэрвісах.

Канкрэтны метад нам падказалі немцы з ініцыятывы «Orangotango», якія выступалі летам у Менску з публічнай лекцыяй па крытычным мапаванні. Гэты метад палягае ў крытычным падыходзе да стандартных мапаў, да таго, што на іх адлюстравана і як. Адпаведна гэта дае вялікую прастору для творчасці — удзельнікі самі вызначаюць, якой быць іх мапе, што на ёй адлюстраваць і гэта дазваляе інакш паглядзець на звыклыя рэчы, з'явы і аб'екты».

Праца над стварэннем «Крытычнай мапы» вялася каля двух месяцаў. Каманда збіралася на сустрэчах і накідвала ідэі. Паступова вылучыліся шэсць блокаў:

1. Гарадскія адметнасці. Гэта не банальныя архітэктурныя асаблівасці горада, а цікавосткі, гарадскія славутасці кшталту вулічнага мастака Валерыя Ляшкевіча.

2. Гарадская актыўнасць. У Гомелі ёсць не толькі чым ганарыцца і на што глядзець, але і да чаго далучыцца, што зрабіць. Гэта шматлікія арганізацыі, рухі, рэгулярныя тусоўкі.

3. Фізічная актыўнасць — першасная ідэя распавесці пра роварны рух перарасла сябе. У Гомелі ёсць добрыя кропкі, дзе заняцца фізкультурным адпачынкам — летам — пяшчаныя пляжы амаль у цэнтры горада, а зімой з узгоркаў можна спусціцца на санках, пакатацца на лыжах у парку за ракой. Ёсць нават вяслярны канал, які ўжо алімпійскіх чэмпіёнаў даваў Беларусі. І гэта ўсё — у цэнтры горада.

4. Гарадскія легенды і гісторыя — тое, чым можна ганарыцца, але і тое, што нельга забыць. Мала хто ведае, што менавіта ў Гомелі адбыўся першы ў Беларусі футбольны матч. А на месцы вядомай фабрыкі раней быў канцлагер, дзе загінулі 100 тыс., пра гэта сведчыць цяпер толькі маленькі барэльеф.

5. Крытычны блок — дзе што не так. Гомель заўжды быў горадам каштанаў, але апошнія гады дрэвы часцей спілоўваюць і замест іх ужо нічога не высаджваюць — напэўна так лягчэй, чым іх лячыць і імі займацца.

6. Прапановы і мары — пра што мараць у Гомелі. Пра гомельскае метро нават песня ёсць, але гэта пакуль такая ж ідэя як і стварэнне аглядальнай пляцоўкі ў вежы фабрыкі "8 сакавіка".

На мапе адзначаныя гістарычныя раёны, што існавалі ў горадзе — Манастырок, Свісток, Амерыка, Кагальны роў, Спасава слабада і інш.

Асобнымі колерамі пазначаныя прамысловыя зоны. З савецкіх часоў цэнтр горада перанасычаны заводамі, фабрыкамі і прадпрыемствамі. Гамельчукі мяркуюць, што калі ўсё гэта паступова вынесці з цэнтру, то вызваліцца пляцоўка для стварэння цікавых зонаў адпачынку, пешаходных вулачак і тэматычных кварталаў.

«Дызайнам займаўся наш талаковец Зміцер Кірэенка. Ён вучыцца на архітэктара, таму маляваць умее добра. Але мы ўсе разам накідвалі ідэі для тых жа іконак, у нас былі сапраўдныя "дызайнерскія войны" за розныя дробязі. І насамрэч мы няхіла пракачалі свае навыкі па стварэнні мапаў», — з гонарам распавядае Яўген Меркіс.

Друкаваныя мапы будуць бясплатна распаўсюджвацца праз некаторыя гомельскія музеі. Трапяць яны і ў Менск у асноўныя культурна-тусовачныя кропкі сталіцы кшталту кнігарні «Ў».

У электронным выглядзе мапу памерам A3 можна спамваць тут:

Фармат PDF пастаронкава: «Крытычная мапа Гомеля»

У jpg: першы бок, другі бок.


Ягор Канапкін 15:15, 24.10.2013 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.0455 seconds.