Пераносіць сесію студэнтам з-за ЧС па хакеі перадумалі

Міністр адукацыі заявіў, што на дадзены момант неабходнасці адсялення студэнтаў з інтэрнатаў на час Чэмпіянату свету па хакеі няма. Таму раней анансаванага пераносу сесіі не адбудзецца.


Фота: Юля Сакалоўская

Для засялення турыстаў, што прыедуць на хакей меркавалася задзейнічаць акрамя гасцініц і студэнцкія інтэрнаты. У прыватнасці, Студэнцкай вёскі, дзе можна пасяліць 8,8 тысячы чалавек, і яшчэ 11 інтэрнатаў вышэйшых навучальных устаноў на 9000 месцаў. Такім чынам, студэнтам трэба было з’ехаць дадому, а давучвацца летам.

«Пакуль што не прасочваецца неабходнасці пераносіць вясновую сесію 2014 для студэнтаў на летні перыяд, — гаворыць цяпер міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. — Мы разглядаем розныя варыянты, бо адказнасць за правядзенне чэмпіянату высокая, але пры гэтым вострай неабходнасці ў пераносе сесіі няма».

Падрыхтоўка месцаў у студэнцкіх інтэрнатах мусіла пачацца за месяц да старту турніру, што супадае па часе з вясновай студэнцкай сесіяй.

Уні Вера 12:56, 06/09/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0579 seconds.