Як сёлетняя выпускніца мехмата БДУ стала дырэктаркай футбольнага клуба

Ганна Болбас

22-гадовая Ганна Болбас яшчэ ўвесну была студэнткай мехмата БДУ, але, здаўшы выпускныя іспыты, дзяўчына не пайшла ў праграмісты як большасць яе аднакурснікаў, а апынулася першай дырэктаркай футбольнага клуба ў Беларусі. Кіраваць ФК «Партызан» Ганне прапанавалі фанаты, якія адыгрываюць значную ролю ў жыцці вядомага сталічнага клуба. У лютым каманда засталася без спонсара, у красавіку іх «папрасілі» са стадыёна «Трактар», а пасля сышоў і дырэктар. Цяпер малады матэматык рашае задачы па вываду «Партызанаў» з крызісу, перыядычна перарываючыся на шматлікія інтэрв’ю.

«Апошнім часам я вельмі шчыльна дапамагала дырэктару, і было вырашана мяне высунуць на гэту пасаду, бо лепей за ўсіх была ў курсе адміністрацыйных працэдур. Фанаты сабраліся і вырашылі. Футбалісты спачатку былі ў шоку: дзяўчына — дырэктар клуба, але потым пазнаёміліся са мной бліжэй і супакоіліся», — тлумачыць Ганна гісторыю ўзлёту сваёй раптоўнай футбольнай кар’еры.

Футболам новая дырэктарка «Партызана» глыбока раней не цікавілася, але гульні глядзець любіла. Асабліва англійскага клуба Manchester United. Некалькі год таму Ганна пазнаёмілася з групай заўзятараў «Партызана», адзін з якіх стаў пасля яе мужам. Калі ў клуба пачаліся праблемы, уцягнулася ў дапамогу: малявала, фоткала, дапамагала ў офісе. 

«Партызану» могуць пазайздросціць ці не большасць футбольных клубаў Другой лігі: такая колькасць фанатаў і такая гарачая падтрымка мала ў каго з іх ёсць. У праблемны час, калі стала пытанне пра далейшае існаванне клуба, фанаты зладзілі міжнародную кампанію "Save MTZ Ripo": заўзятары сяброўскіх еўрапейскіх клубаў вывешвалі банеры менскага «Партызана» на сваіх гульнях, завялі нямецкамоўны блог пра беларускі клуб. Нават арганізавалі вандроўку для фанатаў і гульцоў у Нямеччыну, зладзілі гульні, экскурсіі і сустрэчы. 

«Калі пачаліся праблемы, ніхто з фанатаў не сышоў. Гэта адна вялікая сям’я. 300 чалавек на фан-сектары ў Другой лізе, які яшчэ клуб мае столькі? А ў мінулым годзе на матчы супраць „Тарпеда“ на нашым фан-сектары сабралася 1000 чалавек! І гэта калі не лічыць так званых Кузьмічоў (заўзятары клуба, якія не ходзяць на фан-сектар)».

Цяпер у спецыялісткі па вышэйшай матэматыцы не самыя матэматычныя задачы: знайсці спонсара, стадыён і новы офіс. Пакуль футбалісты трэніруюцца на школьным полі, і ўжо праз месяц, калі вакацыі скончацца, патрэбнае будзе іншае месца. Але ж у амбіцыйнай дырэктаркі ёсць ідэі не толькі як знайсці стадыён, але і адкуль узяць грошы.

«Ёсць задума зрабіць салідарны бізнес. Напрыклад, кавярню для фанатаў. У нас больш за 1 000 чалавек, яны ж ходзяць увесь час кудысьці. Пакуль гэта толькі ідэі, няма часу зараз на гэта, я працую амаль 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень. Калі паўціхне шум, скончацца інтэрв’ю, то пачну глыбей гэтым і займацца».

На форумах юнай дырэктарцы ўжо прыпісвалі неверагодныя заробкі, але апынулася, што атрымлівае выпускніца мехмата ўсяго каля 2 мільёнаў.

«Заробак заробкам, але ж праца мусіць прыносіць задавальненне. Большасць маіх аднакурснікаў дызайнеры, праграмісты, нехта прасоўвае сайты. Для мяне сумна сядзець штодзень у офісе, глядзець у экран, я не магу ўсядзець на месцы.

З класа дзевятага я таксама хацела быць праграмістам, але калі гляджу на хлопцаў, якія працуюць на кампутары з другога курса, у акулярах і з зялёнымі тварамі, то разумею, што не хачу гэтым займацца.

Калі мне прапанавалі стаць дырэктаркай, бацькі казалі, што гэта ж не па спецыяльнасці, навошта мне гэта, але цяпер падтрымліваюць.

У мяне глабальная адказнасць перад вялікай колькасцю чалавек за тое, што я раблю. І я стараюся ўсімі сіламі не расчараваць іх».

Фота: Юра Сідун

Наста Darteco 22:34, 05.08.2013 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.0637 seconds.