Кошт беларускай візы зменшыцца да 6 еўра

Дырэкцыя Чэмпіянату свету па хакеі назвалі цэны квіткоў на наведванне матчаў. Любы замежнік без візы здолее наведаць Беларусь, заплаціўшы за білет ад 6 еўра — такі мінімальны кошт наведвання аднаго матчу. Аднак вандроўка ў Менск болей чым на адзін дзень можа стаць праблемай, бо ўсімі месцамі ў гатэлях і «фан-вёсцы» будзе кіраваць толькі адна кампанія, што кантралюецца адміністрацыяй прэзідэнта. Забаўна, што студэнтам таксама прапануюць засяліцца на час ЧМ у іхнія ж інтэрнаты, толькі ўжо па іншым кошце.

З 9 па 25 траўня ў Менску пройдзе Чэмпіянат свету па хакеі. Адным з галоўных плюсаў чэмпіянату называюць адкрыццё Беларусі — з’яўленне ў замежнікаў магчымасці ездзіць у нашу краіну без візы. Для таго, каб прыехаць у гэты час у адзіную краіну Еўропы па-за ЕС (акрамя Расіі і Азербайджану), якая патрабуе ад іншых еўрапейцаў візы для ўезду, дастаткова будзе квітка на адну з гульняў ЧМ.

Такім чынам, кошт беларускай візы зменшыцца са звыклых для большасці нацый 60 еўра да 6. Гэта за адну гульню папярэдняга раўнду. Максімальны кошт наведвання такой гульні складзе 50 еўра. Цана права наведаць фінальных гульняў чэмпіянату будзе пачынацца ад 25 еўра.

Афіцыйна: як трапіць у Беларусь без візы ў час ЧМ па хакеі?

Бязвізавы ўезд у Беларусь для турыстаў будзе дзейнічаць з 25 красавіка па 31 мая 2014 года. Падставай для бязвізавага ўезду для турыстаў з’яўляецца наяўнасць дакумента, які сведчыць асобу, і арыгінальнага ці электроннага білета на матчы чэмпіянату. Для замежных турыстаў не патрабуецца дамова медыцынскага страхавання.

Больш інфы на афіцыйным сайце ЧМ

Акрамя гэтага фанам прапануюць турыстычныя пакеты, у якія ўключаць як магчымасць наведвання шэрагу гульняў, гэтак і месцы ў гатэлях і «фан-вёсцы» — студэнцкіх інтэрнатах, адкуль папярэдне за месяц выселяць студэнтаў. Зрэшты, у заўзятараў выбары асабліва не застанецца — размяркоўваць месцы ў менскіх гатэлях і іншых месцах для пражывання будзе адзіная кампанія «ЦэнтрКурорт», якая кантралюецца адміністрацыяй прэзідэнта.

Напрыклад, заўзятарам прапануюць віп-пакеты, пакеты з квіткамі на ўсе матчы адной арэны, канкрэтнага дню ці адной групы.

Будзе і «студэнцкі пакет». У яго ўвойдзе магчымасць наведаць адзін ці шэраг матчаў ЧМ са зніжкай «да 50%», жыць у «фан-вёсцы» і хадзіць там жа на дыскатэку. Такім чынам некаторыя студэнты атрымаюць магчымасць пажыць у сваіх жа інтэрнатах, толькі ўжо па вышэйшым кошце. На шчасце, заняткаў у некаторых з іх у час ЧМ не будзе. Аднак не ўсе здолеюць наведваць матчы ЧМ у сувязі з занятасцю: мэр Менску ўжо паабяцаў рэкрутаваць дзеля працы ў гатэлях і іншых аб’ектах ЧМ тысячы студэнтаў, якіх папярэдне накіруюць на курсы пакаёвак і іншых важных спецыяльнасцяў.


Што здарыцца ў Менску ў час ЧМ?

Продажы квіткоў стартуюць у верасні 2013 году. «Афіцыйны білетны аператар ЧМ» — ticketpro.by

comments powered by Disqus
 
In 0.0768 seconds.