Раварысты дапамаглі сабе

Раварыст раварысту дапожнік, вырашылі сябры клубу «Феміда Фалантэр» і выдалі 32-старонкавы «Дапаможнік раварысту». Весела ілюстраваная кніжачка складаецца, пераважна, з дасціпнага тлумачэння, што да чаго ў правілах дарожнага руху і што пагражае раварысту за іх невыканне. Але галоўную фішку выдання адразу можна і не заўважыць.

Ужо з першых старонак дапаможнік шакуе: аказваецца, ездзіць на няспраўным ровары нельга. Болей за тое, нельга яшчэ ездзіць у снегапад, галалёд, п’яным і абпаленым, не трымаючыся за стырно, вазіць пасажыраў і паварочваць налева, калі на дарозе болей за адна паласа. За ўсё гэта можна і заплаціць штраф, прычым немаленькі: у некаторых выпадках ён даходзіць да 2 млн. рублёў.

«Найперш у дапаможніку раварыста раскрываюцца менавіта Правілы дарожнага руху, бо ў саміх правілах пункты, прысвечаныя роварнаму транспарту, вельмі раскіданыя, а ў брашуры яны змешчаныя кампактна і паслядоўна», — кажа Generation.by адна са стваральніц кніжкі актывістка Марына.

Зрэшты, стваральнікі дапаможнікі далёка не заклікаюць раварстаў выконваць усе тыя шматлікія абмежаванні, якія пералічаныя ў дапаможніку:

«Мы стварылі яго не з мэтай заклікаць усіх выконваць правіла, а каб паказаць, што якраз выкананне правілаў немагчыма для камфортнага руху, — кажа Марына. — Парушэнні ж адбываюцца не ад таго, што раварысты злодзеі, а таму, што правілы недасканалыя. Мы выдалі дапаможнік, каб звярнуць увагу на праблемы раварыстаў у заканадаўчым полі. І яшчэ для таго, каб раварысты ўсведамлялі, што яны не проста грамадзяне з роварам, а кіроўцы транспартнага сродку, датычна якіх ёсць спосабы рэгулявання руху».

Актывісты роварнага руху кажуць, што дапаможнік — толькі пачатак спробы канцэнтрацыі грамадскай увагі на актуальных для веласіпедыстаў пытаннях, каб надалей вырашаць іх. «Правілы — не вечныя, тым больш правілы дарожнага руху», — упэўненыя яны.

Дапаможнік можна спампаваць, а друкаваны варыянт можна знайсці на базе Фаланстэра (вул. Захарава, 77а, ком. 2б.), папярэдне спісаўшыся з актывістамі праз falanster.by@gmail.com.

comments powered by Disqus
 
In 0.0602 seconds.