На «Басовішчы» выступяць Vinsent і Re1ikt

Арганізатары «Басовішча» працягваюць патроху рассакрэчваць спіс выступоўцаў. Сёння стала вядома, што на «фэсце музыкі маладой Беларусі» выступяць беларускія гурты Vinsent і Re1ikt, а таксама, у дадатак да ўжо запрошаных трох польскіх, яшчэ адзін польска-беларускі гурт Zabelov & Kinior.

Zabelov & Kinior — гэта супольны праект акардэаніста гурту «Гурзуф» Ягора Забелава і польскага музыкі Уладзіміра Кінёрскага. Апошні вядомы ўдзелам у гуртах Izrael і Brygada Kryzys.

Што да хэдлайнераў, то ў іхні лік, акрамя Akute, безумоўна ўвойдуць Vinsent і Re1ikt. Першага самі арганізатары называюць «доўгачаканым» на фестывальнай сцэне. Што і не дзіўна: у Беларусі музыка ўжо не выступаў болей за году. Затое засвяціўся Зміцер на радзіме і ў Польшчы праз удзел у кінапраектах: «Жыве Беларусь», што выйшаў у польскі вялікі пракат некалькі тыдняў таму, а таксама «Вышэй за неба» Андрэя Курэйчыка. Што праўда, абодва праекты апынуліся ў той ці іншай ступені забароненымі ў Беларусі, што адбілася і на іміджы Vinsent’а.

З’яўлення на «Басовішчы» Re1ikt’а гэтаксама варта было чакаць: адзін з самых запатрабаваных беларускамоўных гуртоў апошніх месяцаў проста не мог застацца па-за такой істотнай для беларускамоўнай музыкі сцэны.

Самы сталы беларускі музычны фестываль «Басовішча», які ладзіцца ў польскім Гарадку ў пары дзясяткаў кіламетраў ад Беларусі, пройдзе 19–20 ліпеня 2013 г. Усе выступоўцы яшчэ не названыя, але вядома, што сярод іх будуць беларускія Akute, The Toobes, Dzieciuki, Pomidor/off, а таксама некалькі ўкраінскіх і польскіх гуртоў: Перкалаба (UA), Indios Bravos (PL), Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego (PL).

Чытайце таксама: «Басовішча» змяняецца, старыя пытанні пакуль застаюцца

comments powered by Disqus
 
In 0.0601 seconds.