Аляксандра Герасіменя. Трыумфальнае вяртанне ў плаванне пасля падставы

У юніёрскім узросце зорцы нашага спорту давялося прайсці праз неверагодныя выпрабаванні.

На Гульнях у Лондане Аляксандра Герасіменя заваявала першыя алімпійскія медалі па плаванні ў гісторыі незалежнай Беларусі.

За адзінаццаць гадоў да гэтага, юніёркай, яна білася за ўзнагароды з найлепшымі ў свеце. Але аднойчы на трэніровачных зборах на Аляксандру абрынуўся ўдар, праз які яна знікла з інфармацыйнай прасторы на гады.

― Мы паехалі на Кіпр. Усё было цудоўна: рыхтаваліся, трэніраваліся. Але аднойчы мне зрабілася блага, плаваць было цяжка, узніклі праблемы са здароўем, - шчыра расказвае Аляксандра. - Нервы, перажыванні: трэнер не разумее, што здарылася, я не разумею. Мы прыехалі дадому на пару дзён, на носе быў чарговы збор. І ў гэты самы момант мяне ўзялі на допінг. За тры тыдні да гэтага мяне ўжо правяралі. Нечакана знайшлі забароненае рэчыва. Мы не ведаем дакладна, што адбылося на кіпрскіх зборах, я выказваю толькі свае здагадкі. У нас было цэнтралізаванае харчаванне. Хто дзе сядзіць, было вядома. Думаю, што адзін нядобразычлівец - не буду агучваць, хто, хоць ёсць канкрэтныя падазрэнні, - проста падсыпаў яго ў ежу. Мяне мала таго, што падставілі: потым была наводка, каб мяне ўзялі на допінг. Здароўе моцна папсавалі. Напэўна, каля года я проста лячылася.

Няўжо праблемы былі такія сур'ёзныя?

— Канечне. Вы ўявіце, што вам далі не разавую дозу нейкіх лекаў, а ў сто разоў больш. Ударыла па печані ды па іншых органах. Цягам года хадзіла па ўрачах і вырашала праблемы. Плюс за даволі кароткі прамежак часу страціла каля 10 кг вагі. Год я лячылася і яшчэ год выходзіла з гэтай сітуацыі. А ў выніку не выступала цягам трох гадоў. Але я ўжо паспела адчуць смак перамогі і ведала, што магу вярнуцца. Засталася нейкая нерэалізаванасць. Было вялікае жаданне вярнуцца, тым больш, што трэнер мяне не пакідала, падтрымлівала ў любую хвіліну. Бацькі дапамагалі, сябры спрабавалі куды-небудзь выцягнуць. А праз нейкі час зрэзалі тэрмін дыскваліфікацыі, і зрабілася прасцей.

***

Сёння «Залатая рыбка» (так з любоўю і павагай называюць спартсменку заўзятары) расказвае пра мінулае з элегантнай лёгкасцю. Хоць вяртанне ў вялікі спорт было пакручастым і расцягнулася на гады.

Тым не менш, у 2011 годзе яна зрабілася чэмпіёнкай свету і найлепшай спартсменкай Беларусі. А праз год узяла два срэбры на Алімпіядзе у Лондане. Праз некалькі месяцаў - яшчэ і золата чэмпіянату Еўропы.

Элегантная (ў жыцці яшчэ лепшая, чым на фота), высакародная і неверагодна прыемная Аляксандра Герасіменя ніколі, відаць, не спынялася перад цяжкасцямі.

— Мне было амаль 11 гадоў, калі я нарэшце дайшла да басейна. Гэта пазнавата. На той момант я адставала. Сёння, я гляджу, некаторыя дзеці ўмеюць някепска плаваць ужо ў першым класе.

Бацькі не пабаяліся аддаць у спорт?

— Маці займалася спартовым шматбор'ем, тата — трайным скачком. З дзяцінства мяне прывучалі да фізкультуры. Я нават памятаю, як мы разам кросы накручвалі. Бацька нядаўна знайшоў нейкія вынікі, якія ён занатоўваў. Калі мне было два гады, ён запісваў, напрыклад, мае паказчыкі па скачках у даўжыню.

Спачатку бацькі былі вельмі задаволеныя, што я займалася плаваннем. А потым узніклі пытанні: яны на справе ведалі рэаліі прафесійнага спорту. Аднак я адстаяла свой пункт гледжання.

***

Незвычайны для вялікага спорту факт: цягам усёй спартовай кар'еры - з дзяцінства да алімпійскіх вяршыняў — Аляксандра аддана працавала ў камандзе са сваёй першай настаўніцай.

— Калі я прыйшла ў басейн, у мяне было два трэнеры: Алена Ўладзіміраўна Клімава і Вольга Сяргееўна Яскевіч. Яны працавалі ў пары, але потым каманды падзялілі на хлопчыкаў і дзяўчынак. І з намі, дзяўчынкамі, працавала Алена Уладзіміраўна.

Так амаль не бывае, каб перспектыўную спартсменку ў дзіцячага трэнера не забралі.

- Лепшага трэнера, чым мой, няма. У дадзеным выпадку сышліся ўсе зоркі. Каб атрымаць добры вынік, у спартсмена павінен быць талент, жаданне. Тое ж самае і з трэнерам: ён павінен быць прафесіяналам і пры гэтым развівацца. А самае галоўнае - гэта ўзаемаразуменне. Калі яго няма, кашы не зварыш. Хоць, напэўна, у кожнага спартсмена надыходзіць нейкі перапынак. У такім выпадку мы шукалі іншыя шляхі.

Некалькі гадоў таму пачалі працаваць сумесна з Дзмітрыем Манцэвічам, беларусам, які трэніруе каманду Турцыі. Некалькі разоў на год я ездзіла да яго на зборы. Навінкі, якія ўводзіліся ў маю падрыхтоўку, давалі добры вынік.

***

Для Беларусаў Аляксандра Герасіменя - не проста папулярная спартсменка. Зрабіўшыся зоркай плавання, яна не ўцягнулася ў фальшывыя ідэалагічныя гульні і не падладзілася пад прынцыпы, ёй няблізкія. У той жа час Аляксандра адмовілася ад мільённых кантрактаў, якімі яе заманьвалі з-за мяжы.

Яна нагадвае травінку, яка прабілася праз асфальт беларускага грамадства і дае спадзеў на адэкватнасць і моц новага беларускага пакалення. Аляксандра шчыра выказвае сваё меркаванне на любыя пытанні і не баіцца, што чыноўнікі будуць яе папікаць.

Цікавы і той феномен, што ўскараскацца на Алімп наша "Залатая рыбка" змагла ў даволі спартанскіх умовах. Да прыкладу, у Беларусі дагэтуль функцыянуе толькі адзін басейн, дзе ёсць стартавыя тумбачкі міжнароднага ўзору. Топавыя плаўцы, якіх у нас можна пералічыць па пальцах, займаюцца ў тых жа умовах, што і звычайныя аматары-фізкультурнікі, якія прыходзяць у "басік" праплыць кіламетр-другі.

Якім чынам пры такой інфраструктуры вам і трэнеру ўдалося падняцца так высока? - цікавімся ў Аляксандры яе сакрэтам выжывання і росту.

- Ёсць меркаванне, што беларусы талерантныя, пад кагосьці падладжваюцца і з усім навязаным пагаджаюцца. Ды не! У нас сустрэнеш розных людзей. Але даю сто працэнтаў, што многія беларусы хварэюць на сваю прафесію, жывуць у ёй і паміраюць у ёй, хоць гэта не заўжды добра. Для многіх у свеце праца - толькі сродак зарабіць грошы.

***

Аляксандра Герасіменя — гэта не толькі вялікі спорт. Паралельна з трэніроўкамі Саша атрымлівае адукацыю ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і ў сусветна вядомым Оксфардскім каледжы, дзе вывучае міжнародны менеджмент.

— А першую адукацыю я атрымала ва ўніверсітэце фізкультуры і спорту, каб адчуваць свой арганізм і разумець, што адбываецца ўнутры. Я не ведаю, куды і якім ветрам мяне занясе ў будучыні. У галаве планаў шмат, хоць пакуль не час іх ажыццяўляць. У любым разе, будучыня пасля спорту будзе звязана з кіраўніцкай дзейнасцю, менеджментам.

Аднак пакуль слаўная, вартая кіно кар'ера Аляксандры яшчэ далёкая ад сканчэння.

— Перадстартавы мандраж абцяжарвае, але ў той жа час гэта наркотык. Пакуль я ад гэтага адмовіцца не магу. Калі пабачу, што патэнцыял вычарпаны, то адкладу ў бок купальнікі, шапачкі і скажу: "Спадарства, да пабачэння, я зрабіла, што змагла". Але пакуль я адчуваю, што магу дасягнуць яшчэ больш высокага выніка.

Фота Аляксандра АБУХОВІЧА і з архіву Аляксандры Герасімені

Спартовы бок беларускага пакалення Y Generation.by адчыняе разам з парталам «Будзьма Беларусамі!» у межах інфармацыйнай падтрымкі праекту «Байцоўскі ген». Праект рыхтуе яшчэ нямала сустрэчаў з выбітнымі беларускімі спартсменамі, якія нягледзячы на шматлікія перашкоды паказваюць на радзіме і ў свеце выдатныя вынікі і наяўнасць сапраўднага байцоўскага гену беларусаў.

12:13, 26/03/2013 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0833 seconds.